Беларуская Служба

У перыяд пандэміі, калі нельга было выйсці з дому, многія людзі нанава пачалі цаніць сям’ю

19.05.2020 14:33
Калі паяўляецца нешта нечаканае і адмоўнае, тады чалавек пачынае разумець, наколькі важна мець сям’ю.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/fizkes

Кожны чуў банальную ісціну, што сям’я з’яўляецца асноўнай ячэйкай грамадства. Мы, канешне ж, не задумваемся глыбока над гэтым сказам, калі ў нашым жыцці ўсё ў парадку – у нас ёсць дах над галавой, праца, магчымасць утрымацца, а навокал блізкія асобы і сябры. Аднак, калі паяўляецца нешта нечаканае і адмоўнае, толькі тады чалавек пачынае разумець, наколькі важна мець сям’ю, якая падтрымае ў цяжкую хвіліну.

У сям’і мы вучымся жыць, дзеці пазнаюць, што значыць любоў і апека мамы і таты, яны толькі тады могуць правільна расці і развівацца, калі ў іх ёсць пачуццё бяспекі, упэўненасць, што блізкія не кінуць іх у бядзе. Менавіта сям’я дае маладому пакаленню культурны капітал, неабходны дзеля старту ў дарослае жыццё.

А ў перыяд пандэміі сям’я атрымала дадатковыя балы – думаю, што ў часы, калі нельга выйсці на вуліцу, сустрэцца са знаёмымі і супрацоўнікамі, многія людзі нанава пачалі цаніць сям’ю, магчымасць жыць побач з блізкімі людзьмі і атрымліваць ад іх падтрымку. Пра гэта казаў на канферэнцыі, зладжанай у пятніцу з нагоды Міжнароднага дня сем’яў, Януш Вардак, адзін са стваральнікаў Сямейнай акадэміі і бацька дзесяцярых дзяцей.

- Перш за ўсё назіраецца пераацэнка бачання таго, што самае важнае. З тых розных рэчаў, на якія мы маглі разлічваць і атрымліваць ад іх дапамогу, сям’я аказалася самай стабільнай, самай вернай каштоўнасцю. У часы каранціну ад родных, ад сям’і мы маглі чакаць апекі і дапамогі. Раней нам магло здавацца, што без нейкіх элементаў жыцця нам немагчыма жыць, як хаця б далёкія падарожжы, сустрэчы з сябрамі. Аказалася, што мы можам без гэтага спакойна жыць, а сям’я ў дадзенай сітуацыі стала важнейшай каштоўнасцю.

Сям’я з’яўляецца таксама самым важным элементам грамадскага жыцця для дзейснага польскага ўраду. Яшчэ перад парламенцкімі выбарамі пяць гадоў таму, калі партыя «Права і справядлівасць» толькі намервалася ўзяць уладу ў свае рукі, важнейшым лозунгам яе выбарчай кампаніі было дабро сям’і і дапамога для бацькоў у справе выхавання дзяцей. Сям’я застаецца самай важнай справай не толькі ў часы пандэміі каранавіруснай інфекцыі, але ўвесь час за апошнія пяць гадоў, – нагадала міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

- Апошнія пяць гадоў – гэта добры час для польскіх сем’яў. Польскія сем’і, асабліва шматдзетныя сем’і, зноў могуць ганарыцца тым, што яны выхоўваюць дзяцей, бацькі могуць ганарыцца сваімі дзецьмі. Я нагадваю, што фундаментам дзейнасці нашага ўраду, кабінету міністраў кааліцыі правых сілаў, з’яўляецца менавіта сям’я.

Трэба прызнаць, што ўрад паслядоўна рэалізуе свае абяцанні, дадзеныя грамадству. Такім важнейшым абяцаннем было ўвядзенне праграмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі «Сям’я 500+». Спачатку па 500 злотых бацькі атрымлівалі на другое і наступнае дзіця (выключэнне – малазабяспечаныя сем’і і бацькі дзяцей-інвалідаў). А з ліпеня мінулага году дапамога выплачваецца на кожнае дзіця ў сям’і да 18 году жыцця. Пра гэта нагадала міністр Марлена Малёнг.

- 108 мільярдаў злотых атрымалі польскія сем’і. Кожны месяц дапамога выплачваецца на прыкладна шэсць з паловай мільёна дзяцей. Ёсць таксама іншыя праграмы – «Добры старт» (фінансавая дапамога на пачатку навучальнага году), «Малеча» (фінансавая падтрымка асоб, якія ладзяць розныя формы апекі над малымі дзецьмі). Гэта інвестыцыя ў сям’ю. Мы таксама не забываем пра нашых пажылых людзях. Мы прынялі закон аб 13-ай пенсіі, закон аб 14-ай пенсіі, пенсіі рэгулярна павышаюцца. Мы таксама распрацавалі адмысловыя праграмы з думкаю пра людзей у сталым узросце – «Пажылы +», ды праграмы, накіраваныя на пашырэнне грамадскай актыўнасці пажылых асоб.

Сям’я – гэта важны фактар дэмаграфіі. Таксама істотна тое, ці мужчына і жанчына знаходзяцца ў фармальным саюзе, тады ў пары як правіла нараджаецца па статыстыцы больш дзяцей, чым у нефармальным саюзе. Чым больш шлюбных саюзаў, тым, адпаведна, больш дзяцей нагаджаецца ў дадзенай нацыі. На жаль, у Польшчы апошнімі гадамі заключаецца ўсё менш шлюбных саюзаў. Таму і дэмаграфія ніяк не можа выйсці на планаваныя ўладамі параметры. Маладыя людзі не спяшаюцца хутка жаніцца або выхадзіць замуж і нараджаць дзяцей. Спачатку маладыя імкнуцца рэалізаваць іншыя мэты – атрымаць грунтоўную адукацыю, знайсці добрую працу, зрабіць якую-ніякую кар’еру, зарабіць на кватэру, машыну і г.д. Але нярэдка здараецца, што на сужэнства, а тым больш на дзяцей, ужо надта позна.

 

нг