Беларуская Служба

Запрашаем: Блэнднэ скалы (ФОТА)

29.05.2020 08:11
Адно з найпрыгажэйшых месцаў у Судэтах, з узнікненнем якога звязаныя неверагодныя легенды.
Аўдыё
  • Блэнднэ скалы - скальны лабірынт, плошчай у 22 гектары, размешчаны на тэрыторыі Нацыянальнага парка Стольныя горы.
Блэнднэ скалыPhoto: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Блэнднэ скалы (Błędne Skały – штo ў перакладзе на беларускую мову азначае „блудныя горы”) - размешчаныя на паўднёвым захадзе Польшчы ў цэнтры Судэтаў (Sudety). Яны ўяўляюць сабой скальны лабірынт, плошчай у 22 гектары, размешчаны на тэрыторыі Нацыянальнага парка Стольныя горы (Góry Stołowe).


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

 
Блэнднэ скалы ўзніклі ў выніку працэсу эрозіі. З часам менш устойлівы скальны матэрыял размываўся ў выніку ветру, вады й тэмпературы, ствараючы цікавыя формы, вузкія калідоры й шчыліны. Дарэчы, згаданы працэс працягваецца па сённяшні час.

Блэнднэ скалы - гэта лабірынт шчылінаў і завулкаў, часам надзвычай вузкіх, які падзяляе каменныя блокі вышынёй у некалькі метраў. Многія пароды маюць уласныя назвы, напрыклад: „Сядло”, „Курына ножка”, „Лабірынт”, „Тунэль”, „Вялікая зала”.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач знаходзіцца „Валун трох крыжоў”. У мінулым гэта быў важны мытны ахоўны пункт паміж Клодскім графствам і Чэшскім каралеўствам. На гэтым валуне змешчаныя розныя даты. Паводле легенды, гэта даты буйных акцыяў памежнікаў супраць кантрабандыстаў.

На тэрыторыі Блэндных скалаў знаходзіцца наглядная пляцоўка. Адсюль можна палюбавацца цудоўнай панарамай рэгіёну. Верагодна, у спрыяльных умовах надвор’я адсюль можна пабачыць горы Карканошы (Karkonosze).


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач з актуальнай афіцыйнай назвай Блэнднэ скалы зрэдку выкарыстоўваецца таксама гістарычная назва Дзікія дзіры (Dzikie Dzióry), а таксама Ваўчыныя норы (з нямецкай мовы Wilde Löcher) . У сваю чаргу ў чэшскай мове згаданыя пароды называюць  - Бор.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ


Гэтае незвычайнае месца трэба шукаць па дарозе паміж гарадком Кудова-Здруй (Kudowa-Zdrój) і вёскай Карлова (Karłowo), якія размешчаныя непадалёк мяжы з Чэхіяй. Бліжэйшы горад - Букавіна Клодска(Bukowina Kłodzka).


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Для турыстаў-аўтааматараў, якія плануюць наведаць Блэнднэ скалы, падрыхтаваныя дзве стаянкі. Першая, бясплатная, гэтак званая „ніжняя”, размешчана ля гэтак званай дарогі Сотні паваротаў. Сюды з Кудовы-Здруй можна дабрацца за прыкладна 10 хвілін. Аднак, варта ўзяць пад увагу, што дарога ад стаянкі да лабірынта складае 3,5 кіламетра й пешшу займае больш за гадзіну.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Каб пад’ехаць аўтамабілем на гэтак званую „верхнюю” стаянку, якая месціцца побач з білетнай касай, трэба заплаціць каля 5 еўра. Плата спаганяецца на самым пачатку дарогі - побач „ніжняй” стаянкі. Дарога на верх вузкая й небяспечная. Тут дзейнічае чаргаванне руху. Яго кірунак мяняецца кожныя 15 хвілінаў.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Пры спрыяльных умовах надвор’я скальны лабірынт можна пераадолець на працягу 40 хвілін. Аднак, у сезоне згаданы шлях вельмі папулярны сярод турыстаў і можа аказацца, што трэба будзе пачакаць у чарзе, каб заехаць на верхнюю стаянку.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Уваход на тэрыторыю Блэндных скалаў платны ў турыстычным сезоне. Зімой плата не спаганяецца, але турысты могуць наведаць гэтае месца пад сваю адказнасць. Пад’язная дарога й турыстычная сцежка не прыбіраюцца ад снегу і лёду.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Згодна з легендай, горныя пароды стварыў у гневе Лічыжэпа (Liczyrzepa) -  дух гор. Паводле аповедаў, раней на месцы горных пародаў знаходзілася велізарная гара, якая называлася Скальняк (Skalniak). Для мясцовых жыхароў яна была месцам пакланення. Сюды людзі прыходзілі пакланіцца сваім язычніцкім багам. Аднойчы на гару прыбыў сам дух гор Лічыжэпа, але людзі яго не пазналі й заклікалі ўпасці на калені - маліцца як яны. Раззлаваны такой непавагай Лічыжэпа тупнуў нагой, а гара затрэслася, пыл засланіў неба і ўзніклі расколіны. Спалоханыя людзі пачалі ўцякаць, але многія з іх трапілі ў расколіны й шчыліны.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Калі пыл асеў і зямля супакоілася, з'явіўся новы пейзаж. Вялікай гары ўжо не было, а на яе месцы паявіўся лабірынт горных пародаў. Тыя, хто выжыў у землятрусе, зноў пачалі ўцякаць, але не ўсе яны змаглі выйсці са скальнага лабірынту.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Калі першыя смельчакі вырашылі вярнуцца на месца пасля трагічных падзеяў, то яны пабачылі неверагодныя горныя пароды, а сярод іх шматлікія парэшткі жывёл, людзей і ваўчыныя норы. Менавіта таму гэтае месца спачатку сталі называць Wilde Löcher, то бок Ваўчыныя норы.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Займальны турыстычны маршрут вядзе праз лабірынт глыбокіх шчылінаў, калідораў і скальных блокаў, якія часта маюць інтрыгуючыя формы. Дзякуючы гэтаму, як малыя дзеці, так і дарослыя выдатна правядуць час у гэтым месцы.


Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Блэнднэ скалы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

На тэрыторыі Блэндных скалаў здымаліся такія вядомыя фільмы, як "Казкі пра Нарнію - прынц Каспіян" і "Сябар шчаслівага д'ябла".

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу