Беларуская Служба

79 гадоў таму айцец Максімілян Кольбэ быў вывезены нацыстамі ў Аўшвіц-Біркенау

28.05.2020 15:08
Падчас Другой сусветнай вайны немцы два разы арыштоўвалі айца Кольбэ. 
    (-2).
Галоўная брама лагера Біркенау (Аўшвіц-2).By Michel Zacharz AKA Grippenn[1] - Praca własna, CC BY-SA 2.5, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1083901

79 гадоў таму, 28 траўня 1941 году, айцец Максімілян Кольбэ быў вывезены нацыстамі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенау. Манах-францішканец трапіў туды з вязніцы на Павяку.

З нагоды гадавіны дэпартацыі айца Кольбэ ў Цэнтры святога Максіміляна пад Асвенцімам была адпраўленая Святая імша, а пасля яе прайшла лекцыя, прысвечаная святому.

У сувязі з эпідэміяй каранавірусу не адбылася, як штогод, малітва пад сцяной расстрэлаў на дзядзінцы блоку нумар 11 і ў камеры смерці айца Максіміляна.

Падчас Другой сусветнай вайны немцы два разы арыштоўвалі айца Кольбэ. За другім разам ён трапіў у турму на Павяку. З расказаў іншых вязняў вынікае, што айцец Кольбэ працаваў у турэмнай бібліятэцы і лазарэце. Перад Вялікаднем праводзіў рэкалекцыі і споведзь для вязняў. Быў спакойным, шмат маліўся, а ў канфліктных сітуацыях пазітыўна ўплываў на асяроддзе. Вязні ставіліся да яго з павагай і даверам.

Немцы зачынілі яго ў адной камеры з Тадэвушам Храсціцкім, які ў 1971 годзе ўспамінаў, што манах пачаткова адмовіўся пераапранацца ў турэмную робу. Усё ж паддаўся нямецкаму загаду, не хочучы, каб хабіт быў зганьблены.

-Нават здымаючы свой хабіт, ён рабіў гэта не таму, што баяўся не вытрымаць. Але ён не хацеў, каб яго манаская вопратка была зганьбленая, бо гэта знак яго прыналежнасці да Касцёла. Хоць таксама не без намовы з нашага боку.

Калі пад канец ліпеня з лагеру ўцёк вязень, у якасці пакарання намеснік каменданта Карл Фрыц выбраў дзесяцярых вязняў і прыгаварыў іх да галоднай смерці. Сярод іх быў бацька дваіх дзяцей, замест якога ў камеру смерці добраахвотна пайшоў Максімілян Кольбэ. Калі пасля двух тыдняў пакут манах яшчэ жыў, яму зрабілі ін’екцыю смяротнага фенолу.

Ён памёр 14 жніўня 1941 году, цела было спаленае ў крэматорыі. Манаху было 47 гадоў. У 1982 годзе ён быў кананізаваны Папам рымскім Янам Паўлам ІІ.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры