Беларуская Служба

Польскія і амерыканскія жаўнеры праводзяць сумесныя вучэнні (ФОТА)

05.06.2020 11:16
Адной з асноўных задач з'яўляецца пераадольванне водных перашкод.
Defender-Europe 20+,
Defender-Europe 20+, Драўск ПаморскіPAP/Marcin Bielecki

Вучэнні, якія праходзяць з 5 да 19 чэрвеня, з’яўляюцца мадыфікацыяй Defender-Europe 20, якія павінны былі быць за апошнія 25 гадоў самым вялікім перакідваннем войскаў ЗША ў Еўропу, і звязанага з ім вучэння Allied Spirit Аляйт Спірыт, пачаткова планаванага на травень. Аднак, пандэмія каранавірусу памяняла планы.

Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак сказаў, што польскія і амерыканскія жаўнеры ўдасканальваюць свае навыкі. А гэта, паводле міністра, з’яўляецца доказам вельмі блізкай польска-амерыканскай супрацы.

Марыюш Блашчак падкрэсліў, што эпідэмія каранавірусу памяняла планы вучэнняў, але не паўплывала на баявыя магчымасці жаўнераў:

-Самае важнае гэта тое, што мы змаглі імгненна прыстасавацца да змены акалічнасцяў. Войска Польскае ні на момант не страціла сваёй баявой гатоўнасці, а прысутнасць на працягу ўсяго часу войскаў ЗША сведчыць пра давер амерыканскага партнёра.

Марыюш Блашчак падзякаваў амерыканскім жаўнерам за супольныя вучэнні і прысутнасць у Польшчы. Акрамя таго, ён нагадаў, што з пачатку эпідэміі ў краіне штодзённа некалькі тысяч жаўнераў прымаюць удзел у захадах, якія прадухіляюць распаўсюд каранавіруса.


Defender-Europe 20+,  Драўск Паморскі Defender-Europe 20+, Драўск Паморскі

Кіраўнік Міністэрства нацабароны назіраў, між іншым, як жаўнеры пераадольваюць водную перашкоду на возеры Злы Лэнг. У рамках вучэнняў Defender Europe 20+ гэтая задача з’яўляецца адной з асноўных. Падчас іх будзе правярацца здольнасць супрацы польскіх і амерыканскіх жаўнераў у рамках сумеснай баявой аперацыі. Будзе адпрацоўвацца галоўны тактычны эпізод.

Пра сцэнар і выклікі, звязаныя з аперацыямі на возеры, расказваў прэс-сакратар 12-ай Механізаванай брыгады, капітан Блажэй Лукашэўскі. Паводле яго, возера Злы Лэнг з’яўляецца цяжкім для пераадолення вадаёмам:

-Гэта цяжкі аб’ект для пераадолення, паколькі гэта даволі-такі глыбокае возера. А яго шырыня складае няпоўныя 200 метраў. У сваю чаргу падыходы маюць вялікі вугал. Для баявых машын і бронетранспарцёраў гэта цяжкая задача. Кіроўцы павінны праявіць дасканалыя здольнасці. Каб транспарт не захрас у муле, трэба зрабіць гэта вельмі хутка і дакладна.


Defender-Europe 20+,  Драўск Паморскі Defender-Europe 20+, Драўск Паморскі

Амерыканскія жаўнеры падстрахоўвалі польскіх, між іншым, выкарыстоўваючы баявыя машыны «Брэдлі». У сваю чаргу жаўнеры з 12-ай Механізаванай брыгады бронетранспарцёрамі «Расамак» пераадольвалі водную перашкоду, перапраўляючыся на другі бераг. З сушы і паветра праводзіўся аналіз раёну патэнцыйнага праціўніка.

Камандзір 12-ай Механізаванай брыгады, генерал Славамір Дудчак зазначыў, што пераадоленне воднай перашкоды, здабыццё супрацьлеглага берагу – гэта адна з самых цяжкіх задач на сучасным полі бою. Ён падкрэсліў, што для гэтага была патрэбная спецыялістычная падрыхтоўка, удзел амаль усіх відаў войска. Паводле яго, гэта выклік для камандзіраў, але таксама для жаўнераў і тэхнікі.


Defender-Europe 20+,  Драўск Паморскі Defender-Europe 20+, Драўск Паморскі

Манеўры будуць працягвацца да 19 чэрвеня. У іх прымаюць удзел 6 тысяч ваенных Польшчы і ЗША, з боку ЗША ўдзел прымае каля 4 тысяч вайскоўцаў. Задзейнічаны каля 2000 рознага віду тэхнікі, у тым ліку 100 танкаў і больш за 230 баявых машын. У вучэннях будуць выкарыстаныя самалёты F-16 і верталёты Mi-24.

Defender-Europe 20+ дазволіць праверыць на ўзроўні брыгадаў здольнасць супрацы польскіх і амерыканскіх жаўнераў у рамках сумеснай баявой аперацыі. Галоўная мэта вучэнняў – павелічэнне стратэгічнай гатоўнасці і ўзаемадзеяння, дзякуючы хуткаму размяшчэнню аддзелаў ЗША ў Еўропе, а таксама праверка магчымасці краін-гаспадароў у плане іх прыёму.


ав