Беларуская Служба

Ці трэба насіць маску на свежым паветры і як насіць яе правільна?

09.06.2020 09:00
У Польшчы неабходна насіць маску толькі ў грамадскім месцы – гарадскім транспарце, у краме, на працы.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/faboi

У сувязі з тым, што ў Польшчы колькасць хворых на каранавірус не змяншаецца, многія людзі задаюцца пытаннем, як сябе паводзіць. Ці вяртацца да нармальнай актыўнасці, ці ўсё ж такі яшчэ пабыць дома, насіць санітарную маску, ці адмовіцца ад яе, скажам, на вуліцы, на прагулцы ў парку.

Нядаўна ўлады краіны адмянілі абавязковае нашэнне масак на адкрытым паветры, таму людзі ахвотна іх знялі, але засталося правіла, якое прымушае апранаць маску ў грамадскім месцы – гарадскім транспарце, у краме, на працы, калі ў адным памяшканні прабываюць розныя людзі, асабліва кліенты. Тым не менш, многія носяць маску няправільна – на барадзе або толькі на роце, а нос адкрыты, шмат разоў здымаюць і апранаюць адну і тую ж маску, не мыюць яе своечасова або мыюць не так, як трэба.

Маскі, канешне, бываюць розныя – як медычныя, так і самаробныя, але таксама розныя рэспіратары з фільтрамі, якія найбольш надзейна абараняюць ад інфекцыі. Звычайная медычная маска патрэбная перш за ўсё прастуджанаму чалавеку, у якога назіраюцца сімптомы інфекцыі, каб ён не перадаў яе іншым людзям. У сваю чаргу тканыя маскі практычна ніяк не абараняюць ад заражэння, яны здольныя толькі крыху затрымаць сліну ды іншыя выдзяленні чалавека, што важна, калі ён хворы.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе насіць маскі толькі ў грамадскіх месцах, а таксама там, дзе існуе высокая рызыка заразіцца. Надоечы арганізацыя выдала новыя рэкамендацыі па пытанні аховы ад каранавіруса.

Падчас прэс-канферэнцыі па відэасувязі кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус (Tedros Adhanom Ghebreyesus) адзначыў, што паводле апошніх навуковых даследаванняў, маскі неабходна насіць толькі ў тых месцах, дзе існуе рызыка заразіцца каранавірусам.

- Згодна апошнім распрацаваным доказам, мы рэкамендуем урадам, каб яны заахвочвалі жыхароў насіць санітарныя маскі ў тых месцах, дзе назіраецца паскораны перанос віруса, і пры гэтым цяжэй захаваць дыстанцыю. Гаворка ідзе пра грамадскі транспарт, крамы ці іншыя месцы, дзе збіраецца шмат людзей. На падставе новых даследаванняў мы рэкамендуем, каб маскі былі пашытыя з як мінімум трох розных слаёў матэрыялу.

Дырэктар СААЗ дадаў, што, згодна новым рэкамендацыям, санітарныя маскі павінны ўвесь час насіць асобы, хворыя на COVID-19, а таксама людзі, якія апякуюцца імі ў шпіталях або ў сябе дома. Арганізацыя рэкамендуе таксама, каб увесь медычны персанал насіў маскі ў кожнай установе аховы здароўя, незалежна ад таго, ці ў ёй былі выпадкі захворвання, ці не. Асабліва важна, каб маскі насілі асобы з групы павышанай рызыкі – тыя, каму больш за 60 гадоў і хворыя на хранічныя захворванні.

Тэдрас Гебрэесус падкрэсліў, што маскі прынясуць пажаданы эфект толькі тады, калі насельніцтва будзе паважаць іншыя рэкамендацыі.

- Адны санітарныя маскі не абароняць ад COVID-19. Яны не могуць замяніць сацыяльнай дыстанцыі, частага мыцця рук ды іншых сродкаў прафілактыкі.

На пачатку пандэміі спецыялісты СААЗ меркавалі, што маскі непатрэбныя здаровым асобам. Яны адзначалі, што ахоўныя маскі ды рэспіратары патрэбныя перш за ўсё хворым, а таксама супрацоўнікам службы аховы здароўя – лекарам і медсёстрам. Аднак, па меры павелічэння колькасці хворых у розных краінах, улады гэтых дзяржаў уводзілі абавязак насіць маскі ў грамадскіх месцах. У Польшчы цягам паўтара месяца неабходна было насіць маскі ўсюды, нават на адкрытым паветры. Пазней гэтая мера была адмененая, цяпер трэба апранаць маску толькі ў закрытым памяшканні, у краме, у грамадскім транспарце. Дактары заклікаюць прытрымлівацца гэтых правілаў. Лекар-тэрапеўт Міхал Суткоўскі (Michał Sutkowski) адзначае, што многія носяць маскі няправільна.

- У закрытай прасторы мы абавязкова павінны насіць маску. А мы сябе паводзім крыху як вершнік без галавы з кнігі Майна Рыда. І што ж, мы самі будзем вінаватымі, калі споўніцца чорны сцэнар і колькасць хворых на COVID-19 будзе расці.

У Польшчы лічба заражаных вірусам SARS-CoV-2 складае ўжо прыкладна 27 тыс., з чаго амаль 1,2 тыс. памерла, а каля 13 тыс. ачуняла. У мінулыя выходныя назіраўся пік эпідэміі – агулам за два дні было больш за адну тысячу новых захворванняў.

нг