Беларуская Служба

20.06.1815 г. у Варшаве было абвешчана пра ўтварэньне Польскага Каралеўства

20.06.2020 12:30
Тэрыторыя польскай «квазі дзяржавы» складала 128 тыс. квадратных кіламетраў з насельніцтвам у 3 мільёны 200 тысяч чалавек.
Аўдыё
  • 20.06.1815 г. у Варшаве было абвешчана пра ўтварэньне Польскага Каралеўства
  1815-1917
Польскае Каралеўства 1815-1917https://pl.wikipedia.org/wiki/Kr%C3%B3lestwo_Polskie_(kongresowe)#/media/Plik:Congress_Poland_in_1815.PNG

Польскае Каралеўства (Царства Польскае, Kongresówka) было створана ў 1815 годзе ў выніку Венскага кангрэсу, які аформіў новую палітычную мапу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў. Аляксандр І хацеў далучыць да сваёй імперыі амаль усе землі тагачаснай Польшчы (Вялікага Герцагства Варшаўскага), але гэтаму супрацьстаялі Аўстрыя і Прусія, якія не жадалі ўзмацнення Расiі.

Тэрыторыя польскай «квазі дзяржавы» складала 128 тыс. квадратных кіламетраў з насельніцтвам у 3 мільёны 200 тысяч чалавек.

Дзеля таго, каб атрымаць прыхільнасць сваіх новых падданых і задаволіць чаканні палякаў, якія спадзяваліся на атрыманне дзяржаўнай аўтаноміі і дзеля гэтага змагаліся на баку Напалеона, Аляксандр І пайшоў на палітычныя саступкі, надаўшы Польскаму Каралеўству пашыраныя дзяржаўныя магчымасці.

Польскае Каралеўства мела свае грошы і нават войска. У лістападзе 1815 году была нададзеная канстытуцыя. Трэба таксама дадаць, што на дзеяньні Аляксандра І вялікі ўплыў аказваў Адам Чартарыйскі, які таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы польскай канстытуцыі.

Паводле канстытуцыйнага ўкладу, польская дзяржава на вякі далучалася да Расійскай імперыі. Краіна абвяшчалася канстытуцыйнай манархіяй, вярхоўная заканадаўчая і выканаўчая ўлада знаходзілася ў руках расійскага цара. Цар мог вызначыць намесніка, Вялікага Князя. Тым ня менш, вызначаліся асобныя дзяржаўныя інстытуты: парламент (Сейм, які абіраўся), Сенат, нацыянальная армія, дзяржаўны апарат і суды. Усе дзяржаўныя справы вяліся выключна на польскай мове, якая была дзяржаўнай.
Што цікава, жыхары Польшчы атрымалі выбарчыя правы.

Права выбіраць мелі ўсе грамадзяне Польшчы, якія дасягнулі 21 году жыцця. Права быць выбраным атрымоўвалі асобы, якія маглі пісаць і чытаць, плацілі падатак. Не маглі галасаваць вайскоўцы і службовыя асобы. Канстытуцыяй таксама абвяшчалася свабода веравызнання, свабода друку і верхавенства права над усімі грамадзянамі, не гледзячы на іх сацыяльны статус. Гарантавалася асабістая свабода і недатыкальнасць, якая магла быць абмежавана толькі і выключна шляхам прававых механізмаў.

Але, не гледзячы на пашыраную аўтаномію, яна не задавальняла палякаў, якія імкнулася да аднаўлення сваёй дзяржаўнай незалежнасці ў межах старажытнай Рэчы Паспалітай.
Канстытуцыйная аўтаномія Польскага Каралеўства праіснавала да так званага лістападавага паўстання 1830 году, пасля падаўлення якога дзяржаўная аўтаномія была фактычна ліквідавана. А з 1874 году ў дачыненні да земляў Польскага Каралеўства расійскія ўлады выкарыстоўвалі назву «Прывіслінскі край».

Фармальна Польскае Каралеўства як дзяржаўнае ўтварэнне праіснавала да 1917 году.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара