Беларуская Служба

Расійскі манах-бунтар кліча казакоў на дапамогу, праклінае іерархаў ды прэзідэнта

06.07.2020 14:45
Радыкальныя погляды Сергія зусім не з’яўляюцца выключэннем у расійскай праваслаўнай царкве.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/_Alicja_/CC0 Creative Commons

Артыкул пра расійскага манаха-бунтара змяшчае на сваіх старонках выданне Gazeta Wyborcza. У праваслаўнай царкве абвастраецца лакальны канфлікт. Манах Сергій, якога царкоўныя ўлады пазбавілі сану, заклікае сваіх прыхільнікаў бараніць манастыр, у якім ён захапіў уладу, праклінае іерархаў ды прэзідэнта Пуціна.

Схіігумент Сергій – адзін з самых вядомых расійскіх святароў. Ён выводзіцца з самых цёмных расійскіх традыцый – чарнасоценных, сталінскіх і крымінальных. У манастыры ён спіць у труне, а на сценах вісяць партрэты Сталіна і Мікалая ІІ. Дарэчы, імя і прозвішча ў свецкім жыцці таксама насіў царскія – Мікалай Раманаў. Раней ён быў следчым афіцэрам міліцыі. Калі за аўтамабільную катастрофу яго звольнілі, пачаў займацца крадзяжом. У следстве прызнаўся, што забіў чалавека. Трапіў у лагер на Урале, дзе стаў глыбока веруючым чалавекам і атрымаў званне духоўнага, хаця царква забараняе ўваходзіць у духоўны стан забойцам.

З самага пачатку пандэміі COVID-19 манах Сергій аспрэчвае існаванне віруса, ён мяркуе, што ўлады ўводзяць меры, каб мець большы кантроль над жыхарамі. Схіігумен заклікаў вернікаў прыходзіць у храмы, нягледзячы на самаізаляцыю. РПЦ аб’явіла пра царкоўны суд над манахам, паліцыя ўбачыла ў яго дзеяннях прыкметы экстрэмізму. У адказ Сергій захапіў Сярэднеуральскі жаночы манастыр, зверг настаяцельніцу і заклікаў на дапамогу казакоў.

Цяпер у расійскіх уладаў складаная задачка. На думку багаслова і філосафа Андрэя Кураева, радыкальныя погляды Сергія зусім не з’яўляюцца выключэннем у расійскай праваслаўнай царкве. Сярод вернікаў папулярнае перакананне пра габрэйскія змовы, за якімі стаіць шатан, многія вераць таксама ў добрага цара і мудрага Сталіна.

нг