Беларуская Служба

18 ліпеня Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы

18.07.2020 09:06
Нельсан Мандэла – выбітны палітычны дзеяч афрыканскага кантыненту, першы чарнаскуры прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Мурал Нэльсана Мандэлы ў Ірландыі Ben Kerckx/Pixabay/Domena publiczna

Галоўнай і асноўнай ягонай заслугай зьяўляецца мірная трансфармацыя паўднёва-афрыканскага рэжыму апартэіду ў больш-менш дэмакратычную краіну. Жыў 95 гадоў, з якіх 27 прасядзеў у вязніцы

Нэльсан Мандэла паходзіў з каралеўскага клану Тэмбу.

Тэмбу кіравалі тэрыторыямі ПАР яшчэ за доўга да таго, як там з'явіліся англічане. Людзі Тэмбу мелі вялікі аўтарытэт сярод карэннага насельніцтва.

Бацька Мандэлы меў чатыры жонкі, якія нарадзілі яму 13 дзяцей. Мандэла быў народжаны трэцяй у іерархіі жонкай. Імя, якое ён атрымаў пры нараджэнні, Роліxлаxла, азначала «той хто стварае праблемы». Імя Нэльсан Мандэла атрымаў у школе – так яго назвала настаўніца. Мандэле таксама прыйшлося збегчы з роднай вёскі Кулу, бо, па традыцыі, ён павінен быў жаніцца, але рабіць гэта ён не хацеў.

Універсітэт Мандэла не скончыў, бо быў з яго адлічаны за тое, што арганізаваў байкот супраць універсітэцкай палітыкі. Трэба сказаць, што рэжым апартэіду дазваляў атрымоўваць адукацыю мясцоваму этнічнаму насельніцтву толькі ў спецыяльных універсітэтах. Адным з такіх быў Форт Хэір Унівэрсытэт. Праўда, у 1959 годзе яго зачынілі па прычыне рэвалюцыйных настрояў студэнтаў.

Палітычнае жыццё Мандэлы пачалося ў 1948 годзе, калі на выбарах перамагла Афрыканская нацыянальная партыя (партыя белых), якая падтрымлівала апартэід.

Нэльсан Мандэла актыўна ўключыўся ў працу Нацыянальнага афрыканскага кангрэсу. Асновай палітычнай дзейнасці Мандэлы была ідэалогія негвалтоўнага супраціву, распрацаваная Махатмам Гандзі.

Але ўжо на пачатку 60-х гадоў Мандэла стварыў і ўзначаліў радыкальную частку НАК-у, якое называлася «Капʼё нацыі». Такі пералом наступіў пасьля так званай «шарпавільскай бойні», калі паліцыя пачала страляць па мірных дэманстрантах і забіла 69 чалавек. Гэтая арганізацыя праводзіла акцыі сабатажу супраць вайсковых і адміністрацыйных абʼектаў рэжыму і рыхтавалася да партызанцкай барацьбы. Мандэла нават ездзіў у Алжыр, каб набраць людзей для партызанцкіх дзеянняў.

Аднак ўжо ў 1962 годзе Мандэла быў арыштаваны па абвінавачванню ў нелегальным выездзе і ўездзе ў краіну.

На пачатку ён быў прыгавораны да 5 год вязніцы. Ужо праз год, калі было арыштавана ўсё кіраўніцтва НАК-у, Мандэлу абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, падрыўной дзейнасці і тэрарызме й прысудзілі да пажыццёвага зняволення.

У вязніцы на «Цюленім востраве» Мандэла працаваў у каменяломні па здабычы вапна. Ён быў уключаны ў самую нізкую групу вязняў, так званую Д-групу. Яму было дазволена сустракацца і атрымоўваць, альбо адпраўляць лісты адзін раз у 6 месяцаў.

Аднак разам з гэтым ён працягваў вучыцца й завочна атрымаў тытул бакалаўра ў Лонданскім універсітэце. У 1982 годзе Мандэла перавялі ў іншую вязніцу, бо ягоны ўплыў на чорных зняволеных быў вялізарны і адміністрацыя баялася бунту. У 1985 годзе прэзыдэнт ПАР Пітэр Бота прапанаваў Мандэле амністыю, калі б ён адмовіўся ад далейшай радыкальнай палітычнай барацьбы. На гэта Мандэла адказаў: «Якую свабоду вы мне прапануеце?». І не прыняў прапановы.

Нэльсана Мандэла вызвалілі толькі ў 1990 годзе

Аўтарытэт Мандэлы ў афрыканскім грамадстве і ў свеце быў вялізарны. Рэжым апартэіду павінен быў пагадзіцца на перамовы. Сустрэчы былі вельмі цяжкімі, бо датычыліся адмену абмежавання правоў карэннага насельніцтва. Перамовы суправаджаліся сутыкненнямі і забойствамі.

У выніку ў 1994 годзе адбыліся першыя выбары з удзелам усяго насельніцтва ПАР. У гэтых выбарах перамог Афрыканскі нацыянальны фронт на чале з Нельсанам Мандэлам, які стаў у тым жа годзе першым чарнаскурым прэзідэнтам ПАР. Яму было 75 год. На пасадзе прэзідэнта ён заставаўся да 1999 году.

Мандэла спрабаваў рэалізаваць свае ідэалы па аб’яданню нацыі на практыцы, але не да канца гэта ў яго атрымалася. Хваля помсты, накіраваная супраць белага насельніцтва, усё ж такі разлілася ў грамадстве. Па дадзеных эміграцыйнай службы, за першыя гады пасля ліквідацыі апартэіду, краіну пакінула каля 50 тыс. чалавек. Узрасла колькасць злачынстваў.

Пасля Мандэла працягваў актыўную міжнародную дабрачынную дзейнасць, арганізоўваў і падтрымліваў кампаніі па барацьбе з галечай і са СНІД-ам.

Ад гэтай хваробы памёр ягоны старэйшы сын. Ён таксама вельмі моцна крытыкаваў знешнюю палітыку ЗША і Вялікабрытаніі, быў супраць бамбёжкі Югаславіі і супраць вайны ў Іраку.

Нэльсан Мандэла стаў лаўрэатам шматлікіх узнагарод, у тым ліку і Нобелеўскай прэміі міру ў 1993 годзе. Таксама вядомыя музыканты, такія як Уітні Хьюстан, Сціві Уандэр, Сантана – прысвячалі свае песні Нэльсану Мандэле.

18 ліпеня АНН прызнала Днём Нэльсана Мандэлы. У гэты дзень людзей заахвочваюць зрабіць штосьці на карысць іншых людзей.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара