Беларуская Служба

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі змяніла прывычкі людзей

11.08.2020 09:17
Палякі пачалі часцей купляць у малых, лакальных крамах, чым у вялікіх супермаркетах.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Yummypic/Shutterstock

Сёлетняй вясной палякі, а таксама многія іншыя нацыі на свеце, перажывалі падзеі, якіх у іх жыцці раней не было. Гэта змяніла прывычкі людзей. 

У сакавіку ды красавіку, калі паявіліся першыя хворыя на каранавірусную інфекцыю, а пазней колькасць заражаных пачала расці, у Польшчы былі ўведзеныя даволі жорсткія меры санітарна-эпідэміялагічнага кантролю, нейкі час людзям нельга было нават выйсці з дому на прагулку.

Некаторыя крамы ў той перыяд выглядалі як перад надыходам фронту або падчас глыбокага эканамічнага крызісу – пустыя паліцы, з якіх імгненна знікалі тавары першай неабходнасці – макароны, рыс, дрожджы, спірт або туалетная папера. На шчасце, гэтыя часы хутка прайшлі, цяпер паліцы ў крамах нічым не адрозніваюцца ад таго, што была да сакавіка, з адным выключэннем – паявілася на іх шмат санітайзераў ды іншых прадуктаў для дэзынфекцыі рук і прадметаў.

Аднак, аказваецца, пандэмія памяняла паводзіны людзей. Яны, між іншым, значна ахвотней выбіраюць мясцовыя тавары, а не прывезеныя здалёк. Палякі пачалі часцей купляць у малых, лакальных крамах, чым у вялікіх супермаркетах. Напрыклад, спадар Пётр – уладальнік малой крамы ў Варшаве – не скардзіцца на адсутнасць кліентаў.

- Кліентаў прыкладна столькі ж, колькі было і перад пандэміяй. Сёння менш, заўтра больш, але прыкладна, на адным і тым жа ўзроўні. Цяпер усё ўжо вярнулася ў нармальны рытм. На пачатку, калі пачалася эпідэмія, кліенты вельмі шмат куплялі розных відаў мукі, з якой можна было самому спячы хлеб, а таксама макароны. Акрамя таго, куплялі шмат рэчаў, якія не псуюцца, могуць даўжэй паляжаць у шафе, рабілі запасы на ўсялякі выпадак.

Чаму кліенты цяпер ахвотней купляюць у малых крамах, чым у супермаркетах?

- Я падтрымліваю польскіх вытворцаў, калі ёсць такая магчымасць, стараюся пазбягаць супермаркетаў, а тым больш замежных. Таму што я ведаю, што тут усё свежае, нядаўна дастаўленае, а там невядома, колькі ляжала, дзе ляжала.

Тое, што палякі часцей і больш купляюць тавараў у лакальных крамах, пацвярджае намеснік старшыні ўправы Польскай палаты гандлю Мацей Пташыньскі (Maciej Ptaszyński).

- У сярэднім тавараў, купленых у малых крамах, у чэрвені было на 7 больш, чым раней. Цяжка казаць дакладна, што ў гэтым кошыку знаходзіцца, паколькі гэта мяняецца. Тут шмат залежыць ад сезону. Крыху інакш выглядаў кошык, калі была жорсткая самаізаляцыя, крыху інакш выглядае цяпер. Так што сітуацыя пастаянна мяняецца.

Падчас пакупак у часы пандэміі палякі ахвотней, чым раней, выбіраюць мясцовыя прадукты. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання #CoronaCookingSurvey, праведзенага ў маі і чэрвені ў сарака краінах, у тым ліку ў Польшчы. Працягвае доктар Яанна Ткачык (Joanna Tkaczyk) з кафедры маркетынгу Акадэміі Леона Казьміньскага.

- Мы выбіраем мясцовыя прадукты, стараемся пакупкі рабіць радзей, асабліва ў вялікіх крамах, а калі няма такой неабходнасці, агулам не едзем у вялікую краму. Так што фактычна мы часцей робіць пакупкі пра запас і стараемся хадзіць у крамы радзей, асабліва ў тыя, дзе, на нашу думку, можа паявіцца рызыка заражэння, бо там шмат людзей.

Што прыцягвае кліентаў у малыя крамы? Акрамя аспектаў бяспекі, лакальныя крамы павінны прыцягваць людзей вялікім асартыментам тавараў, – дадае Мацей Пташыньскі.

- Калі прывесці прыклад статыстычнага дыскаунтэра, то там знойдзем ад 2 да 3 тысяч найменаванняў тавараў. У сваю чаргу ў малой краме, на што спажыўцы часта не звяртаюць увагі, найменаванняў тавараў можа быць ад 6 ды 9 тысяч.

Пандэмія каранавіруснай інфекцыя паскорыла таксама пэўныя з’явы ў сферы набыцця тавараў, якія і так адбываліся, але цяпер гэтая тэндэнцыя больш выразная. Гаворка ідзе пра пакупкі па інтэрнэце. Многія палякі, якія раней такім шляхам не куплялі тавараў або не куплялі прадуктаў харчавання, пачалі гэта рабіць, – адзначае Яланта Ткачык.

- 70% тых людзей, якія ўпершыню зрабілі пакупкі такім чынам, заяўляе, што яны далей намераныя купляць прадукты харчавання такім шляхам, па інтэрнэце.

Даследаванне #CoronaCookingSurvey паказвае яшчэ адну тэндэнцыю – усё больш палякаў падыходзіць да пакупак вельмі адказна, а перад гэтым рыхтуе спіс таго, што неабходна купіць. На думку віцэ-старшыні Федэрацыі польскіх банкаў харчавання Дароты Язерскай (Dorota Jezierska), такі навык павінны мець усе спажыўцы. Вельмі важна перад выхадам у краму або пакупкамі па інтэрнэце падрыхтаваць спіс патрэбных тавараў.

- Па-першае, правер, што ў цябе ёсць. Па-другое, прадумай, на колькі чалавек трэба купіць прадукты, хто будзе есці. Карацей кажучы, планаванне пакупак. І трэці этап – спіс неабходных прадуктаў.

Гэтыя простыя крокі дазволяць не толькі ашчадзіць час і грошы на пакупках, але таксама дзякуючы гэтаму менш ежы трапіць на сметніцу.

нг