Беларуская Служба

Транспартны псіхолаг: чым вызначаецца польскі кіроўца

08.08.2020 23:30
Аўтамабільны транспарт вельмі папулярны ў Польшчы.
Pixabay License
Pixabay LicenseImage by Schwoaze from Pixabay

Палякі любяць хутка ездзіць. Грамадства плаціць за гэта высокую цану: дзясяткі тысяч параненых і тысячы забітых. Спецыялісты – транспартныя псіхолагі – тлумачаць, чым характарызуюцца палякі, калі садзяцца за стырно аўтамабіля.

Палякі лічаць сябе добрымі кіроўцамі. Так вынікае з сацыялагічных даследаванняў. Большасць польскіх кіроўцаў любяць вадзіць машыну, лічаць сябе законапаслухмянымі, выхаванымі, што яны ездзяць па правілах, але дынамічна. Хуткасць – гэта тое, што найбольш любяць палякі, кажа Матэвуш Жухоўскі з парталу autokult.pl.

- Мне можна, абмежаванні для іншых. Гэта распаўсюджанае меркаванне сярод польскіх кіроўцаў, якія лічаць, што абмежаванні хуткасці патрэбны, уплываюць на бяспеку на дарогах. Аднак шмат хто лічыць, што ён ездзіць настолькі добра, мае добрае аўта, што можа сабе дазволіць больш, бо я добры кіроўца.

За гэта, як паказвае статыстыка, палякі плацяць высокую цану. З года ў год у Польшчы павялічваецца колкасць дарожных аварый, летась было больш за 30 тысяч. У першай палове 2020 года колькасць выпадкаў вырасла на 38%. Тое ж тычацца і колькасці параненых ды загінулых на дарозе. Летась такіх было 35 477 ды 2 909 чалавек адпаведна.

Пра тое, якімі насамрэч ёсць кіроўцамі палякі Польскаму Радыё распавяла транспартны псіхолаг Магдалена Віт-Весялоўска.

- Палякі любяць ездзіць за стырном, лічаць сябе добрымі кіроўцамі ды культурнымі. Разам з тым, кожны восьмы кіроўца ў Польшчы заяўляе, што мінімум раз на тыдзень сутыкаецца з агрэсіўнымі паводзінамі на дарозе. Пры гэтым толькі 1 з дзесяці кіроўцаў прызнаецца ў тым, што агрэсіўна паводзіцца. Таксама з даследаванняў вынікае, што мужчыны лічаць сябе лепшымі кіроўцамі, чым жанчыны. Апошнія больш ахвотна прызнаюцца да сваёй віны ў аварыяў але да здзяйснення парушэнняў. Мужчыны заўсёды лічаць, што яны вельмі добра кіруюць аўтам.

Распаўсюджанае меркаванне пра тое, што жанчына за стырном – гэта пагроза, з'яўляецца толькі міфам, кажа экспертка.

- Не існуе на гэта доказаў. Паспяховасць кіроўцы не залежыць ад полу, але ад асабістых навыкаў ды стрэсаўстоўлівасці. Ад індывідуальнага характару ды тэмпераменту. Пол мае малое значэнне.

У Польшчы высокі ўзровень агрэсіўных паводзін кіроўцаў. Адкуль гэтая агрэсія бярэцца?

- Часткова з-за паспешнасці. Мы жывем вельмі хутка і часта мусіць спяшацца па дарозе ў розныя месцы. Тады людзі злуюцца на тых, хто едзе паволі. Ёсць група кіроўцаў, якія мяркуюць, што іх машына лепшая і яны не павінны нікому саступаць. Некаторыя людзі такім чынам здымаюць стрэс, кампенсуюць перажыты страх, фрустрацыі з парцы ці асабістага жыцця.

Спецыяліст адзначае, што палякі мусяць папрацаваць над культураў паводзінаў за стырном. Сітуацыя тут паляпшаецца, але для больш грунтоўных змена патрэбна больш часу.

Юры Ліхтаровіч