Беларуская Служба

«Я бачыў, як адзін з апамаўцаў зняў шлем і перайшоў на бок пратэстуючых»

11.08.2020 11:44
Польскі журналіст, які знаходзіцца ў Мінску, не выключыў, што амапаўцам даюць наркотыкі на агрэсію. 
,    ,  ,
«Бачна, што яны вельмі накручаныя, нельга выключыць, што ім даюць псіхаактыўныя сродкі»PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Найбольш папулярная польская інфармацыйная станцыя Tok FM размаўляла з журналістам часопіса Nowa Europa Wschodnia Войцехам Вайтасевічам, які знаходзіцца ў Мінску. Ён гаворыць, што заўважаецца рост агрэсіі сярод сілавікоў падчас разгона акцый пратэсту.

«Бачна, што яны вельмі накручаныя, нельга выключыць, што ім даюць псіхаактыўныя сродкі», – кажа журналіст. Войцех Вайтасевіч гаворыць, што нягледзячы на агрэсію, амапаўцы баяцца. «Я бачыў, як у пэўнай сітуацыі пратэстуючыя атрымалі перавагу, і сілавікі пачалі ўцякаць», – гаворыць журналіст. Войцех мяркуе, што «Беларусь аб'яднаная страхам». «Вялізны страх бачны па двух баках барыкад. Звычайныя мінакі размаўляюць шэптам. Яны бачаць, што адбываецца, але баяцца падысці. А гэта на руку ўладам – яны звычайна хочуць людзей запужаць», – кажа польскі журналіст. Але таксама сярод сілавікоў зʼяўляецца дылема. «Я бачыў, як адзін з апамаўцаў зняў шлем і перайшоў на бок пратэстуючых», – сказаў Вайтасевіч.

Ці доўга працягнуцца пратэсты? На гэтае пытанне журналіст не змог адказаць. «Людзі не выбачаць, калі пральецца кроў. Скажу вельмі жорсткі сказ, які пачуў у Мінску: чым больш будзе крыві, тым большай будзе разʼюшанасць людзей, а пратэсты будуць пашырацца. А загінуць можа кожны, хоць бы ў сітуацыі, калі АМАП пачынае разганяць людзей. Яны ўцякаюць, і можа так здарыцца, што нехта ўпадзе і яго затопчуць. Агрэсія спараджае агрэсію», – гаворыць польскі журналіст Войцех Вайтасевіч, які знаходзіцца ў Мінску і назірае за падзеямі ў Беларусі.

вс