Беларуская Служба

Калі здавалася, што гвалтам пратэсты падаўленыя, на вуліцу выйшлі жанчыны

01.09.2020 17:02
Калі жанчыны пачынаюць змагацца за свае правы, яны ідуць настойліва і не саступаюць.
Аўдыё
  • Алена Яськова: Жанчыны не адступяць
Жанчыны лёгка не адступяцьфота: EPA/TATYANA ZENKOVICH

Ужо чацвёрты тыдзень у Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстранты выходзяць на вуліцы не толькі Мінска, але таксама іншых гарадоў краіны з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзення сумленнага галасавання і каб выразіць сваё абурэнне зверствамі сілавых структур. Вельмі актыўны ўдзел у пратэстах прымаюць беларускія жанчыны.

Не толькі ўлады, але і самі беларусы не чакалі такога масавага зрушэння людзей, якім надакучыла цярпець ужо здзек ды сваволле ўладаў. Ужо перад выбарамі было відаць, што сітуацыя мяняецца, калі людзі стаялі ў даўжэзных чэргах, каб запісацца за кандыдата ў прэзідэнты. Чаму ў гэтым грамадскім руху вельмі актыўна выступаюць жанчыны, мы запыталі юрыста Кангрэсу незалежных прафсаюзаў, былую старшыню партыі жанчын «Надзея» Алену Яськову.

- Усе мы, хто жыве ў Беларусі, яшчэ некалькі месяцаў таму нават не ўяўлялі, што гэта можа адбыцца. На гэта паўплывала шмат абставінаў. Шмат гадоў парушаліся правы людзей, прыніжалася чалавечая годнасць, сёлета прыйшла яшчэ пандэмія, якую ўлады праігнаравалі. Гэтыя прэзідэнцкія выбары ўлады меркавалі правесці як вялыя, па словах Ярмошынай. А пачалося з таго, што вельмі шмат людзей стаялі ў чэргах, каб паставіць свой подпіс пад вылучэннем альтэрнатыўных кандыдатаў. Сапраўды, у гэтым руху вельмі актыўны ўдзел прымаюць жанчыны. У Беларусі жанчыны прыгожыя, разумныя, лепш адукаваныя, чым мужчыны. Акрамя таго, яны – душа нашага грамадства. Жанчыны баяцца за лёс сваіх дзяцей, за лёс краіны. Я шмат гадоў удзельнічаю ў жаночым руху і ведаю, што калі жанчыны пачынаюць змагацца за свае правы, ісці наперад, яны ідуць настойліва і не саступаюць. І вядуць сябе нават адважней, чым мужчыны.

Тым не менш, уладам, асабліва аўтарытарным, можа здавацца, што жанчыну лягчэй запужаць, чым мужчыну. Кожная маці вельмі клапоціцца пра сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Улады, сілавыя структуры шырока выкарыстоўваюць метады запалохвання жанчыны. Ім здаецца, што калі яны скажуць жанчыне, маўляў, перастань высоўвацца, бо ў цябе могуць адабраць дзяцей, то яна спужаецца і будзе сядзець ціха. Можна прывесці шмат прыкладаў, калі жанчыны чулі пагрозы, што дзіцяці нешта здарыцца, у нашых перадачах актыўныя жанчыны казалі, што ўлады ім пагражаюць. Дарэчы, і Святлана Ціханоўская вывезла сваіх дзяцей з Беларусі, баючыся за іх лёс.

- Канешне, могуць быць такія пагрозы. Акрамя шматлікіх прыкладаў парушэння заканадаўства, у нас яшчэ дзейнічае ўказ васямнаццаты, паводле якога без суда могуць адабраць дзяцей, і былі такія выпадкі, калі ў палітычна ці грамадска актыўных жанчын адбіралі дзяцей. Але гэта выклікае ў жанчын адваротную рэакцыю, паколькі яны змагаюцца перш за ўсё за будучыню сваіх дзяцей, каб яны маглі жыць у свабоднай краіне, каб іх людская годнасць была абароненай. Для жанчыны, маці, мэта – дасягнуць дэмакратычных зменаў – проста святая. Яна змагаецца не толькі за свой лёс, але таксама за лёс сваіх дзяцей, сваіх унукаў і г.д.

Выглядае на тое, што Аляксандр Лукашэнка ў разгубленасці. Ён заўсёды ставіўся да жанчын як да кагосьці слабога, хто не ў стане пагражаць яго ўладзе. І раптам тварам беларускай рэвалюцыі сталі тры маладыя жанчыны. Ён, здаецца, не ведае, што рабіць.

- Зразумела. Па-першае, такіх выпадкаў раней не было, ён гэтага не спадзяваўся. Па-другое, у Лукашэнкі хамскія паводзіны, а жанчыны хамства не даруюць. Столькі гадоў гэта працягваецца – яго сумнеўнае сямейнае жыццё, нейкія пастаянныя гісторыі, сексісцкія выказванні, спажывецкае стаўленне да жанчын. Лукашэнка думаў, што прызначыць 30% жанчын у парламент, і ўсе яму падпарадкуюцца. Канешне, ён не спадзяваўся бунту. Калі пачаліся пратэсты, рэакцыя была вельмі жорсткай, было зверскае збіццё. Калі яму здавалася, што гвалтам ён падавіў пратэсты, на наступны дзень выйшлі жанчыны. Гэта выклікала разгубленасць, сілавікі не ведалі, як сябе паводзіць. Цяпер паступаюць інакш – жанчын не хапаюць. Ён жа не пусціць АМАП збіваць жанчын. Канешне, Лукашэнка ў разгубленасці. Не было такіх масавых пратэстаў у Беларусі ніколі. І ніколі ўжо ў Беларусь не будзе так, як дагэтуль.

Адзначае Алена Яськова, апошняя старшыня Партыі жанчын «Надзея». Арганізацыя была ліквідаваная ўладамі ў 2007 годзе.

нг