Беларуская Служба

«У антывірусным камбінезоне проста паміраеш, ён зроблены з брызенту»

08.09.2020 12:18
Гутарка з медыцынскім ратаўніком пра працу на хуткай і падыход беларусаў да каранавіруса.
Аўдыё
Валера ў экіпіроўцыфота: В. Саўко

Мой калега, вопытны супрацоўнік нашай радыёстанцыі Валера Саўко працуе не толькі ў масмедыя журналістам. Ён па сумяшчальніцтву таксама працаўнік службы аховы здароўя. Размаўляем з ім пра гэтую нялёгкую, але вельмі важную для грамадства дзейнасць.

- У Польшчы крыху іншая сістэма службы хуткай дапамогі, чым у Беларусі. Тут на хуткай ездзяць не фельчары, а медыцынскія ратаўнікі. Я – менавіта медыцынскі ратаўнік. Каб стаць ратаўніком, трэба закончыць вышэйшую медыцынскую ўстанову, стаць бакалаўрам. З вясны я працую на хуткай дапамозе ў Варшаве, выязджаю да пацыентаў.

Як ты ацэньваеш польскую службу аховы здароўя, асабліва цяпер, калі пандэмія каранавіруснай інфекцыі не здаецца?

- Вельмі пазітыўна. Усё ёсць, скажам, гэтыя «чумныя» камбінезоны. На пачатку пандэміі была праблема са сродкамі асабістай аховы, цяпер усё гэта ёсьць. Я жартую, што заразіцца лягчэй у трамваі, чым у карэце хуткай дапамогі, паколькі дзейнічаюць вельмі жорсткія працэдуры. У Польшчы дбаюць пра здароўе медыкаў, бо гэта даволі дэфіцытная прафесія, яны не павінны хварэць.

Цяпер, у часы пандэміі, вам прыходзіцца нялёгка, асабліва калі трэба апрануць спецыяльны скафандр, а на двары летам было пад 30 градусаў.

- У варшаўскай службе хуткай дапамогі ёсць спецыяльныя карэты, якія выязджаюць да пацыентаў з дыягназам «каранавірус». Мы не ездзім. Але калі пацыент звоніць, што ў яго боль жывата, але пры гэтым тэмпература, то персанал абавязаны апрануць гэтыя «чумныя» камбінезоны. Гэта жах, можна ў ім памерці, бо ён зроблены з матэрыялу як брызент. Стараешся як мага хутчэй зрабіць сваю працу і пераапрануцца.

А здараюцца несур’ёзныя выклікі – да болю пальца ці лёгкага болю жывата?

- Здараюцца, хаця мы стараемся тлумачыць людзям, маўляў, мы прыехалі да вас, а мог у гэтым часе здарыцца сур’ёзны выпадак, напрыклад, матацыкліста, і магло б не быць на месцы машыны хуткай дапамогі. Неабходна ўсведамляць гэта людзям.

У Беларусі зусім іншы падыход да каранавіруса, чым у Польшчы ці ў большасці іншых краін свету. Ці, на тваю думку, гэта правільны падыход?

- Не, няправільны. Што мне падабаецца ў жыхароў Беларусі, што яны пасля 9 жніўня свае справы ўзялі ў свае рукі. Тое ж самае падчас пандэміі – яны ўзялі свае справы ў свае рукі, нягледзячы на тое, што гаварыў адзін вусаты дзядзька. Нягледзячы на ўсе заклікі ўладаў, беларусы апраналі маску, хаця ніхто ім не загадваў. У Польшчы мне не падабаецца тое, што народ крыху расслабіўся. Маскі сапраўды дазваляюць пазбегнуць захворвання.

Размаўляла Наталля Грышкевіч


Валера Саўко Валера Саўко