Беларуская Служба

Інстытут Пілецкага вяртае памяць пра палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас вайны

23.09.2020 12:34
Надоечы за дапамогу габрэям ушанавалі памяць Караліны Юшчыкоўскай з Тамашава Мазавецкага.
      .
Лагатып Цэнтра даследаванняў таталітарызмаў імя Вітальда Пілецкага.By Unknown, probably created by an employee - Ośrodek Badań nad Totalitaryzmami im. Witolda Pileckiego, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=49921871

У горадзе Тамашаў Мазавецкі (Tomaszów Mazowiecki ) у Лодзінскім ваяводстве была адкрытая дошка, прысвечаная памяці Караліны Юшчыкоўскай(Karolina Juszczykowska), забітай немцамі ў 1945 годзе за дапамогу габрэям.

Цырымонія прайшла ў рамках праекта Інстытута Пілецкага пад назвай: «Пакліканыя па імені» (Zawołani po Imieniu). Яго мэта - ушаноўваць памяць палякаў, якія падчас Другой сусветнай вайны заплацілі самую высокую цану за дапамогу габрэям.

Падчас цырымоніі ініцыятар праекта намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Магдалена Гавін (Magdalena Gawin) звярнулася да жыхароў Тамашава Мазавецкага з просьбай памятаць пра Караліну Юшчыкоўску:

- Хай прыклад Караліны Юшчыкоўскай будуе вашую лакальную гісторыю. Хай пра Караліну вучацца дзеці ў тамашаўскіх школах. Хай у Дзень палякаў, якія ратавалі габрэяў да гэтай дошкі абавязкова ўскладаюць кветкі. Калі нехта ахвяруе сваім жыццём за нявінных, то смерць адмяняе свой прысуд. Сёння мы клічам па імені Караліну Юшчыкоўску і адмяняем ейны смяротны прысуд.

У сваю чаргу мэр Тамашува Мазавецкага Марцін Вітка (Marcin Witko) нагадаў, што за дапамогу асуджаным на вынішчэнне габрэям, палякам пагражала смерць:

- Былі людзі, якія нягледзячы на пагрозу для сябе і сваіх сям’яў, вырашылі ратаваць іншых іншых. Таксама жыхары Тамашава былі сведкамі тагачасных трагічных падзеяў. Лёс Караліны Юшчыкоўскай сутыкнуў яе з лёсам дваіх габрэяў, якім яна ахвяравала прытулак. Няма большага злачынства, чым забраць у чалавека найбольшую каштоўнасць – жыццё.   

Дырэктар Інстытута Пілецкага Войцех Казлоўскі(Wojciech Kozłowski) ў лісце, які зачытаў Кшыштаф Вісьнеўскі (Krzysztof Wiśniewski) падкрэсліў, што кожная цырымонія ўшанавання памяці палякаў, забітых за дапамогу габрэям, мае шмат вымярэнняў:

- Мы клічам па імені герояў, якія выступілі супраць таталітарнага зла і заплацілі за гэта жыццём. Такім чынам мы вяртаем памяць пра іх і годнасць. Членам іхных сем’яў мы кажам, што яны могуць адкрыта ганарыцца сваімі продкамі. Адвага і ўнутраная свабода ўшанаваны ў рамках праекта „Пакліканыя па імені” - вартыя памяці. Спадарыня Караліна Юшчыкоўска заслугоўвае нашай памяці і пашаны.

Караліна Юшчыкоўска дала прытулак дваім габрэям, якія, верагодна, былі медыкамі, нагадвае Марцін Панэцкі(Marcin Panecki) з Інстытута Пілецкага:

- Аднойчы, вяртаючыся да дому Караліна сустрэла дваіх незнаёмых мужчынаў, якія папрасілі ў яе дапамогі. Юшчыкоўска, нягледзячы на пагрозу, пагадзілася на іх просьбу. Цягам шасці месяцаў згаданыя мужчыны жылі разам з ёй у невялікім пакойчыку на першым паверсе аднаго з дамоў у Тамашаве Мазавецкім.

Немцы знайшлі габрэяў выпадкова, 23 ліпеня 1944 года, падчас ператрусу ў шматсямейным доме, у якім жыла Юшчыкоўска. Мужчыны былі забітыя на месцы, а Караліна адпраўленая ў нямецкую турму ў Тамашаве Мазавецкім. Потым жанчыну  перавялі ў Пётркаў(Piotrków), дзе нямецкі суд вынес ёй смяротны прысуд.

Цікава, што той жа суд звярнуўся да генерал-губернатара з просьбай аб памілаванні жанчыны, аднак згаданае хадайніцтва было адхілена. Караліну дэпартавалі ў Трэці Рэйх і змясцілі спачатку ў лагер для ваеннапалонных, а затым у турму ў Франкфурце-на-Майне, дзе 9 студзеня 1945 года смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне.

Сваячка Караліны Юшчыкоўскай Крысціна Дзюбэк (Krystyna Dziubek) падкрэсліла, што цырымонія была вельмі кранальная:

- Я ганаруся. Тады была вялікая бяда. Габрэі таксама прапанавалі ёй нейкія, праўда, невялікія грошы. Аднак, паводле мяне, гэта не мела вырашальнага значэння. Я і так захапляюся ёй, што вырашыла рызыкаваць сваім жыццём. Дарэчы грошы ад габрэяў былі невялікія. Гэта пацвердзіў таксама суд , які асудзіў яе на сьмерць.

Незвычайнае стаўленне і самаадданасць Караліны Юшчыкоўскай падкрэслівае таксама ейны сваяк Яцэка Дзюбэк.

- Рызыкаваць жыццём для іншых - вялікая ахвяра. Я ганаруся тым, паколькі яна ведала пра рызыку. У нашыя часы, гэта незразумелае. Я лічу, што тады былі страшныя часы. Кожны заслугоўвае на жыццё, ніхто на смерць.  

Крысціна Дзюбэк падкрэсліла важнасць аднаўлення памяці пра Караліну  Юшчыкоўску.

- Нават я пра яе няшмат ведала. Я не ведала пра такога героя ў сям’іі. Цяпер мала такіх людзей. Тым часам памяць пра такіх іх і іх прыклад важныя для сучасных людзей. Я не спадзявалася такой урачыстасці, дарэчы, сама Караліна напэўна таксама не спадзявалася б.  

У рамках праекта Інстытута Пілецкага пад назвай: «Пакліканыя па імені» былі ўшанаваныя ўжо 36 чалавек, забітых немцамі за дапамогу габрэям падчас Другой сусветнай вайны.

Нагадваем, з 1963 году Міжнародная школа вывучэння Галакосту «Памяць і імя» ў Ерусаліме прысуджае ганаровае званне «Праведнік народаў свету» негабрэям, якія ратавалі габрэяў падчас Галакосту. Сярод узнагароджаных палякі складаюць найбуйнейшую групу - амаль 7 тысяч чалавек.

Загады гітлераўскіх акупацыйных уладаў, у прыватнасці, пастанова генерал-губернатара Ганса Франка ад 15 кастрычніка 1941 года, прадугледжвалі смяротнае пакаранне для любога паляка, які даў прытулак габрэю альбо дапамог яму іншым спосабам.

На практыцы гэта азначала: штрафу, канфіскацыю маёмасці, збіццё, зняволенне, дэпартацыю ў канцлагер і смяротнае пакаранне.

З-за прынцыпу калектыўнай адказнасці, які ўжывалі акупанты, за дапамогу габрэям рэпрэсіям падвяргаліся цэлыя сем'і апекуноў, а часам і цэлыя мясцовыя абшчыны.

Колькасць палякаў, пакараных немцамі за дапамогу габрэям, да гэтага часу дакладна не ўстаноўленая.

аз