Беларуская Служба

Ва Уроцлаве працуе ўпаўнаважаная па пытаннях беларусаў

26.09.2020 09:32
14 верасня на гэтую пасаду была пакліканая Таццяна Андрушкава. Яна расказала нам, што праца ідзе поўнаю хадою.
Аўдыё
  • Ва Уроцлаве працуе ўпаўнаважаная па пытаннях беларусаў
Таццяна Андрушкава і мэр Уроцлава Яцэк СутрыкФэйсбук/Я.Сутрык

З сярэдзіны верасня ва Уроцлаве існуе пасада ўпаўнаважанага мэра па справах беларусаў. 14 верасня на гэтую пасаду была пакліканая Таццяна Андрушкава. Яна расказала нам, што праца ідзе поўнаю хадою:

-Праца ўжо распачалася. На мінулым тыдні мы збіралі патрэбы беларускага прадстаўніцтва ва Уроцлаве, праблемы, якія неабходна вырашаць у першую чаргу. Мы падрыхтавалі спіс тэм, якія трэба прадставіць у мэрыю. На гэтым тыдні мы будзем абмяркоўваць пытанне, як запусціць працэс рэалізацыі, на колькі ўсё гэта магчыма, і як мэрыя можа дапамагчы беларусам.

Як правіла, гэта бытавыя патрэбы людзей, якія пераязджаюць на новае месца жыхарства – кажа Таццяна Андрушкава. Гэта праблемы, звязаныя з жыллём, праходжаннем каранціну, нейкая дапамога ў інтэграцыі. Гэта таксама патрэба юрыдычнай і моўнай дапамогаў.

У першую чаргу гаворка ідзе пра людзей, якія ў апошнім часе пераехалі ва Уроцлаў з Беларусі:

-Для іх гэта ўсё новае і невядомае. Ім трэба ў першую чаргу дапамагчы вырашыць асноўныя бытавыя праблемы. Людзям, якія жывуць у Польшчы ўжо некаторы час, патрэбная дапамога на перспектыву. Гаворка ізноў жа пра прававыя моманты, культурніцкую інтэграцыю.

Таццяна Андрушкава падкрэслівае, што гарадскія ўлады заўважылі раптоўны рост колькасці прыезджых беларусаў, якім патрэбная падтрымка, каб наладзіць жыццё ў горадзе.

-Такія людзі напэўна ёсць. Да нас стала прыходзяць просьбы дапамагчы з жытлом, дапамагчы ўладкаваць дзяцей у школу, садкі і гэтак далей.

Таццяну Андрушкаву на пасаду ўпаўнаважанага па справах беларусаў паклікаў мэк Яцэк Сутрык, які пабачыў, што ў горадзе расце колькасць прыезджых беларусаў, ад дабрабыту якіх залежыць і дабрабыт гораду.

-Горад пабачыў рэзкую неабходнасць у такой пасадзе. Раней беларусаў было мала і мы былі раскіданыя па заходняй частцы Польшчы дастаткова шырока. Ва Уроцлаве беларусаў было няшмат, а тыя, што былі яны не шукалі групы для інтэграцыі. Кожны сам па сабе інтэграваўся з польскім грамадствам. Цяпер жа паявілася рэзкая хваля міграцыі беларусаў, якая дайшла нават да Ніжняй Сілезіі, што ў прынцыпе дастаткова далёка ад мяжы з Беларуссю. Гарадскія ўлады пабачылі, што такая патрэба ёсць. Гэта ў інтарэсах горада як мага хутчэй забяспечыць камфортную інтэграцыю для гэтых сем’яў. Зразумела, што калі ў іх будзе нармальны ўзровень жыцця, то гэта ўплывае на дабрабыт усяго грамадства, і ў прыватнасці горада Уроцлава.

З сярэдзіны верасня ва Уроцлаве існуе пасада ўпаўнаважанага мэра па справах беларусаў. 14 верасня на гэтую пасаду была пакліканая Таццяна Андрушкава. 

ав