Беларуская Служба

58 чалавек з Кавід-19 памерла за мінулыя суткі ў Польшчы

06.10.2020 15:45
Раз у некалькі дзён у Польшчы фіксуюцца рэкордныя лічбы колькасці інфекцый.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Sergey Ryzhov

Спаўняюцца прагнозы спецыялістаў па пытаннях аховы здароўя, якія казалі яшчэ летам, што восенню краіны Еўропы могуць сутыкнуцца з другой хваляй каранавіруснай інфекцыі.

Сапраўды, з пачатку верасня, калі дзеці ў Польшчы вярнуліся за школьныя парты, колькасць асоб, заражаных вірусам Сарс-ков-2, рэзка вырасла. Раз у некалькі дзён у Польшчы фіксуюцца рэкорды лічбы заражэння. Апошні рэкорд быў пабіты ў апошнюю пятніцу, калі Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра дзве тысячы дзвесце дзевяноста два выпадкі інфекцыі, затое ў аўторак быў пабіты сумны рэкорд колькасці смяротных ахвяр – загінула 58 чалавек, у якіх быў Кавід-19. Паводле інфармацыі Мінздароўя, у пяцідзесяці шасці чалавек былі таксама іншыя захворванні.

Калі вясной у дзяржаве было значна менш выпадкаў інфекцыі, урад увёў вельмі жорсткія меры – усеагульную самаізаляцыю, цягам нейкага часу нельга было нават выйсці на прагулку па парку або ў лес, трэба было насіць санітарныя маскі ўсюды, у тым ліку на адкрытым паветры. Цяпер сітуацыя выглядае інакш, улады вельмі асцярожна карыстаюцца жорсткімі мерамі, паколькі ўсеагульны каранцін вельмі балюча б’е па эканоміцы. Тым не менш, маскі неабходна насіць у закрытых памяшканнях ці ў грамадскім транспарце, аднак не ўсе жыхары Польшчы гэтага прытрымліваюцца. Палякі прывыклі ўжо да небяспекі, а многія агулам не вераць у каранавірус, у сацсетках шмат тэорый загавару, паводле якіх вірус быццам бы хтосьці прыдумаў, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Таму супрацоўнікі польскага Міністэрства аховы здароўя і Галоўнай камендатуры паліцыі працуюць над рашэннямі, якія дапамогуць лепш кантраляваць людзей, каб яне не парушалі правілаў, між іншым, абавязку засланяць нос і рот. Гаворыць прэс-сакратар Мінздароўя Войцех Андрусевіч.

- На сённяшні дзень самае важнае – эфектыўна кантраляваць, ці нехта не парушае ўведзеныя санітарныя нормы. А дзеля таго, каб так было, гэты нормы павінны быць празрыстыя і дакладныя. Таму працуюць каманды юрыстаў як па адным, так і па другім баку. Калі адпаведныя рэкамендацыі будуць падрыхтаваныя, адбудзецца сустрэча міністра аховы здароўя і галоўнага каменданта паліцыі, падчас якой будуць прадстаўленыя неабходныя крокі.

Нягледзячы на значны рост колькасці выпадкаў інфекцый, польскія наймальнікі, у якіх працуюць беларусы, звярнуліся да прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага з просьбаю адмяніць абавязковы каранцін для замежных супрацоўнікаў. Яны аргументуюць, што ў Беларусі няма адпаведнага закону, таму палякі, якія прыязджаюць у Беларусь, не абавязаны прахадзіць каранцін.

Каранцін, на які прыходзіцца ісці беларусам пасля вяртання з Беларусі, расстройвае працу многіх фірмаў, - адзначае старшыня Падляскага клубу бізнесу Войцех Стшалкоўскі.

- Гэта выключна цэнныя супрацоўнікі. А цяпер, у сітуацыі, калі ім прыходзіцца два тыдні знаходзіцца на каранціне пасля вяртання з Айчыны, адпаведна, менш людзей можа працаваць, у сувязі з чым змяншаецца вытворчасць і падае продаж.

Зварот падляскіх прадпрымальнікаў атрымаў падтрымку абаронцы правоў малых і сярэдніх прадпрымальнікаў Адама Абрамовіча. Ён звяртае ўвагу на тое, што эканоміка ўсходняй часткі Польшчы нясе вялізныя страты з-за адсутнасці або значнага змяншэння колькасці турыстаў з Беларусі.

- Гэта крык роспачы тых фімаў, якія сёння, на жаль, гінуць. Яны не могуць ужо зарабляць на турыстах з Беларусі, адпаведна, ім прыйдзецца закрыцца. Ніхто не будзе прыязджаць у Польшчу, калі яму прыйдзецца дзесяць дзён чакаць, калі закончыцца каранцін.

Малыя падляскія фірмы паміраюць без беларускіх турыстаў, але цяжка быць аптымістам і верыць, што польскі ўрад хутка адменіць каранцін для асоб, якія прыязджаюць з Беларусі. Улады Польшчы лічаць каранавірус вельмі сур’ёзнай і смяротнай пагрозай, аб чым сведчыць рост лічбы памерлых на працягу апошніх сутак – пацыентаў, у якіх быў пастаўлены дыягназ Кавід-19 – 58 чалавек. Аб гэтым казаў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі.

- Усе мы знаходзімся пад вялізным уражаннем трагічнай лічбы – 58 смерцяў. Гэта паказвае, з якой сур’ёзнай небяспекай нам прыходзіцца змагацца. І гэта нагадвае нам, на колькі сур’ёзнай, смяротнай пагрозай з’яўляецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі.

Пандэмія ўплывае практычна на ўсе сферы жыцця ў Польшчы. Учора павінна была адбыцца прысяга новага складу дзяржаўнага ўраду, але прыйшлося яе адмяніць з-за таго, што некаторыя члены ўраду атрымалі пазітыўны вынік тэсту ў напрамку Сарс-Ков-2.

І дадам яшчэ ад сябе, што ў аўторак пахавалі бацьку хлопчыка, з якім мае дочкі ходзяць у адзін клас. Роберту было 36 гадоў, акрамя празмернай вагі, ён не скардзіўся на праблемы са здароўем. Кавід-19 забіў яго за некалькі дзён.

нг