Беларуская Служба

Польскім школьнікам прапануюць быць як Ігнацы Лукасевіч

20.10.2020 09:00
Як заахвоціць дзяцей пачаць цікавіцца навукай, разбудзіць у іх імкненне стаць навукоўцам?
Аўдыё
Grafika ilustracyjna
Grafika ilustracyjnashutterstock.com/Art Furnace

Нікога не трэба пераконваць, што навука – гэта будучыня. Без навуковых дасягненняў не быў бы магчымы тэхнічны прагрэс, не было б шматлікіх вынаходніцтваў, якія дазваляюць зрабіць наша жыццё лепшым, і даюць надзею, што чалавецтву ўдасца перамагчы глабальныя праблемы, якія пагражаюць нашай планеце.

Як заахвоціць дзяцей пачаць цікавіцца навукай, разбудзіць у іх імкненне стаць навукоўцам? Шмат залежыць ад бацькоў, якія з самага дзяцінства павінны пабуджаць у малым чалавеку цікаўнасць, але таксама іншыя людзі, якія акружаюць дзіця, вучня, павінны старанна разбуджваць яго зацікаўленні. Немалаважная заслуга ў гэтым школы ды іншых адукацыйных устаноў. Дзеля гэтага ў Польшчы існуе навуковы конкурс для школьнікаў, які называецца “Быць як Ігнацы”. Пачаўся пяты сезон дадзенага конкурсу. Заняткі будуць яшчэ цікавейшымі, поўнымі эксперыментаў, лабараторных аналізаў і незвычайных крэатыўных гульняў.

Неабходна патлумачыць нашым слухачам, чаму ж польскім вучням прапануюць “быць як Ігнацы”. Гаворка ідзе пра Ігнацы (Ігната) Лукасевіча – гэта польскі аптэкар, прадпрымальнік, заснавальнік першай шахты нафтаздабычы ў Еўропе, вынаходнік газавай лямпы. Жыў і дзейнічаў у дзевятнаццатым стагоддзі.

Старшыня праўлення Фундацыі “Быць як ІгнацыКараліна Длуска (Karolina Dłuska) распавядае пра галоўныя мэты праграмы для школ.

- Мэта праграмы і конкурсу “быць як Ігнацы” – папулярызацыя навукі, а таксама захоўванне памяці пра выбітных польскіх навукоўцах. Мы верым, што навука можа мяняць свет, а вынаходніцтвы дазваляюць людзям жыць лепш. Выдатным прыкладам з’яўляецца постаць Ігнацы Лукасевіча, які быў выбітным польскім вынаходнікам, а таксама піянерам нафтаздабычы – не толькі ў Польшчы, але таксама на свеце. Наша праграма “Быць як Ігнацы” прызначаная для вучняў пачатковых школ – з першага па восьмы клас. Мы імкнёмся, каб гэтыя дзеці ўжо з самых малодшых гадоў пачалі цікавіцца навукай, хочам паказаць, што атрымліванне ведаў можа стаць цікавым жыццёвым вопытам, што нашы веды рэальна ўплываюць на свет навокал нас.

Дзеля таго, каб прыняць удзел у конкурсе, у школе неабходна стварыць навуковае кола, у якім адбываюцца заняткі па рознай навуковай тэматыцы для вучняў. Такое кола павінен заснаваць настаўнік, і ён можа звярнуцца ў фундацыю, якая зарэгіструе кола. Тады яго ўдзельнікі могуць пазмагацца за галоўны прыз або іншыя ўзнагароды.

- Заявы на конкурс можна высылаць увесь час, паколькі ёсць чатыры незалежныя этапы праграмы. Гэтыя этапы пачынаюць дзейнічаць прыкладна кожныя два месяцы. Агульная сума ўзнагарод для ўсіх удзельнікаў конкурсу – 300 тыс. злотых (каля 80 тыс. долараў ЗША). Мы прысвойваем розныя званні – Школы году, Школы імя Ігнацы. Таксама настаўнікі, якія прымаюць удзел у праграме, могуць заваяваць прэмію, а вучні могуць атрымаць рэчавыя ўзнагароды, спецыяльныя гаджэты.

Вось як самі дзеці гавораць, наколькі важна для іх тое, што хтосьці высока цэніць іх працу і яе вынікі.

- Я люблю, калі цэняць мае вынікі ў вучобе, асабліва па тых прадметах, якія мяне цікавяць. У мяне тады паяўляецца больш матывіроўкі, каб далей вучыцца, я ўпэўнены, што прысвечаны вучобе час не быў змарнаваны.
Калі хтосьці параўноўвае мае ідэі, мае распрацоўкі з працай вядомых навукоўцаў, то я з аднаго боку ганаруся імі, а з іншага боку адчуваю неабходнасць працаваць далей, каб мае наступныя ідэі былі таксама добрыя.

Настаўнікі павінны заснаваць навуковае кола або навуковыя колы ў сваёй школе, прыцягнуць, зацікавіць школьнікаў, каб яны хадзілі на дадзеныя заняткі, цікавіліся тэматыкай. Аднак настаўнік не застаецца адзін з тэмай, фундацыя прадстаўляе яму гатовыя сцэнарыі ўрокаў, якія можна прапанаваць вучням.

- Мы даем магчымасць настаўнікам скарыстацца гатовымі сцэнарыямі ўрокаў – на нашым сайце пасля рэгістрацыі можна атрымаць матэрыялы, задачы для вучняў. Вучні на падставе гэтых матэрыялаў рыхтуюць для нас розныя працы. Іх ацэньваюць самі настаўнікі, але мы супрацоўнічаем таксама з рознымі выдатнымі педагогамі, спецыялістамі, нам таксама шэфствуе Міністэрства нацыянальнай адукацыі.

Па словах старшыні Фундацыі “Быць як Ігнацы” Караліны Глускай, удзельнічаць у праграме намераны ўжо як мінімум тысяча васямсот школ з усяе Польшчы, а можа быць іх значна больш, паколькі працэс рэгістрацыі яшчэ не завяршыўся.

І ПР. ПР/нг