Беларуская Служба

Дэпутат, бацька 6-х дзяцей з Росі сядзіць у турме за сваю грамадзянскую пазіцыю

19.10.2020 14:11
Дырэктар камбікормавага завода ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна, дэпутат мясцовага савета Георгій Дзядзюшка з канца верасня знаходзіцца ў гродзенскай турме.
Аўдыё
  • Дэпутат, бацька 6-х дзяцей з Росі сядзіць у турме за сваю грамадзянскую пазіцыю
Георгій і Майя Дзядзюшкісямейны архіў

Яго падазраюць у атрыманні хабару, абвінавачання пакуль не выставілі.
Жонка, Майя, якая з ім ні разу не бачылася пасля затрымання, кажа, што гэта помста за яго грамадзянскую пазіцыю. Георгій адмовіўся падпісвацца за Лукашэнку, не згадзіўся ціснуць на сваіх падначаленых у справе збору подпісаў, ездзіў на мітынгі за Святлану Ціханоўскую, не пагадзіўся фальсіфікаваць вынікі галасавання.

-Ён ужо другі раз быў дэпутатам мясцовага савета. Падчас збору подпісаў за Лукашэнку старшыня пасялковага савета, таксама дэпутат, сказала мужу, каб ён прымушаў людзей падпісвацца за Лукашэнку. Ён адмовіўся, сказаў, што не будзе нікога прымушаць. Ён прытрымліваўся сваёй грамадзянскай пазіцыі. Мы былі супраць таго, што адбываецца ў краіне.

Дырэктар дазволіў на прахадной заводу збіраць подпісы за Лукашэнку. На працягу двух дзён за дзейснага прэзідэнта не падпісаўся ніводзін чалавек, у тым ліку сам Георгій Дзядзюшка. Ужо тады дырэктар пачуў, што нажывае сабе праблемы.

Праз некаторы час у Ваўкавыск прыязджала Святлана Ціханоўская. У раёне сабралі ўсіх дэпутатаў і папярэдзілі, каб ніхто туды не хадзіў. Нягледзячы на запужванні, сям’я Дзядзюшкаў паехала на сустрэчу з кандыдаткай.

-Калі мы прыехалі, я нават прапаноўвала, што пайду адна, а ён няхай пасядзіць у машыне. Нягледзячы на пасаду, на дэпутацтва, ён не баяўся, заўсёды казаў: Я хачу, каб дзеці жылі лепш. І ён пайшоў, нават маску не апрануў. Потым мы разам таксама ездзілі на мірныя мітынгі.

Потым прыйшлі выбары. Георгія Дзядзюшку, сярод іншых, запісалі назіральнікам на выбарчых участках у Росі.

-Прымушалі, каб яны запісваліся ў назіральнікі, каб не было месца для незалежных назіральнікаў. А камісіі з выканкама далі ўказанне, колькі павінна быць подпісаў за Лукашэнку. Старшыня камісіі мужу пра гэта расказала, на што ён сказаў, што пратаколы павінны быць праўдзівыя. І тут ён зноў нажыў сабе ворага. Пасля галасавання на заводзе павінны былі браць машыну, каб урны завезці ў Ваўкавыск. Але мужу ніхто не пазваніў. Калі ён запытаўся, чаму не прыходзілі па машыну, то даведаўся, што ўрны ніхто не вазіў, іх нават не адкрывалі. Напісалі ліпавыя пратаколы – 1500 за Лукашэнку, і 150 за Ціханоўскую.

Ужо пасля выбараў на заводзе пачалі гаварыць, што зверху ёсць загад пасадзіць Дзядзюшку ў турму. Дэпутата затрымалі 24 верасня ў працоўным кабінеце. У гэты дзень да яго ў кабінет зайшоў Арцём Елізаранка з фірмы «Збожжавыя традыцыі» з Асіповіч. Ён паклаў на стол Георгія файл з дакументамі. Паміж паперамі ляжаў канверт з грашыма.

-Елізаранка зайшоў у кабінет, паклаў на стол файл, з аднаго і другога боку там былі дакументы, а пасярэдзіне ляжаў канверт з грашыма. Толькі Елізаранка зайшоў, за ім зайшоў ці то АБЭП, ці то хто, але гродзенскія. Яны адкрылі файл, а ў канверце было 3300 беларускіх рублей. Мужа арыштавалі. Я толькі ў 11 вечара даведалася, што ён у Гродне.

Сям’я доўга не магла нават даведацца, дзе знаходзіцца Георгій Дзядзюшка, не змаглі перадаць перадачу. Дагэтуль яму не высунутае абвінавачанне, папярэдне гэта артыкул 430 ч.2 – атрыманне хабару. Адвакату таксама было не проста трапіць да свайго кліента. Абаронца даведалася, што Георгія прымусілі перапісаць уласнаручна нейкі дакумент з датамі і сумамі. Вядома, што да файла Дзядзюшка нават не дакранаўся.

-Атрымліваецца, што ўсё абвінавачанне пабудаванае на словах Елізаранкі. Адвакат сказала, што гэта фірма «купі прадай», нейкая незразумелая. Сказала, што гэта рукамі Елізаранкі мужа пасадзілі. Выклікалі яшчэ адну жанчыну, яна працуе з камбікормавым заводам, ёй пагражалі падатковай, трымалі тры гадзіны. Яна казала, што «калі б у іх была дубінка, то мяне пэўна б білі». Усё ёй казалі даваць паказанні, бо мужа трэба пасадзіць на пяць гадоў. І ў размовах усё кажуць: пасадзіць на пяць гадоў.

Нам не даюць бачыцца. У нас шасцёра дзяцей. Пяцёра непаўнагадовыя: 10 месяцаў, 4, 6, 8 і 17 гадоў. На мужу крэдыты. Мы пісалі хадайніцтва, каб яму змянілі меру стрымання. Пачаткова следчы казаў, што павінны адпусціць да суда. Але ў пятніцу следчы сказаў, што хадайніцтва адхілілі.


Дзеці Георгія і Майі Дзеці Георгія і Майі

Калі Майя Дзядзюшка расказала адвакату і следчаму пра ранейшыя пагрозы, пра адмову збіраць подпісы, пра грамадзянскую пазіцыю, яны далі зразумець, што гэта першапрычына ўсіх праблем Георгія Дзядзюшкі. Пасля гэтага адвакат стала гаварыць, што трэба рабіць усё, каб дэпутату далі па мінімуму. Жонка катэгарычна з гэтым не пагаджаецца, паколькі ўпэўненая, што муж не вінаваты. І на гэта ёсць доказы. Нават адвакат прызнала, што на прадпрыемстве нават няма за што даваць хабар.

-Вытворчасць пабудаваная так, што там няма за што даваць хабар. Усе дамовы заключаюцца ў Скідзелі. Там няма чэргаў, конкурсаў. Пра гэта нават казала адвакат. Акрамя таго, ён жа не дакранаўся да файла. З гэтым таксама адвакат пагадзілася. Так, яму далі перапісаць нейкую паперу, але ці яму нечым пагражалі... Мы нічога ўвогуле не ведаем, бо нас да яго не пускаюць.

Майя Дзядзюшка ўзгадвае яшчэ адзін факт. Да два тыдні да арышту на заводзе паявілася пасада намесніка дырэктара. З-за таго, што камбікормавы завод невялікі і не з’яўляецца самастойным прадпрыемствам, раней такой патрэбы ў такой пасадзе не было. У жонкі дырэктара яшчэ тады ўзнікла думка, што гэта не проста так. Адразу пасля арышта Дзядзюшкі намеснік заняў пасаду дырэктара.

Сам Георгій з 24 верасня знаходзіцца ў гродзенскай турме.

ав


Георгій і Майя Дзядзюшкі Георгій і Майя Дзядзюшкі