Беларуская Служба

Сацсеткі стварылі новую вельмі прыбытковую прафесію

24.10.2020 12:15
Асноўнай матывацыяй для кандыдатаў на інфлюэнсераў зʼяўляецца багатае жыццё.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnefizkes/Shutterstock

Іх выбіраюць на кастынгах, а потым прывучаюць як стаць зоркай Інтэрнэту, то бок, такім чалавекам, які ў выніку моцнай прысутнасці ў сацсетках уплывае на густ маладых. Гаворка ідзе пра інфлюэнсераў (блогер, папулярная ў сацсетках асоба). Пра новую сацыялагічную з'яву піша Марʼюш Сэпёла (Mariusz Sepioło) у тыднёвіку «Polityka».

У Польшчы паўстала некалькі «вырошчвальняў» інфлюэнсераў. Найбольш вядомыя «Каманда Фрыца» і дом Філіпа Забельскага, а таксама «Team X».

Удзельнікаў «Team X» пасялілі ў вялізарным катэджы пад Варшавай. Іх задачай было рабіць здымкі, здымаць відэа, ставіць усё ў сацсеткі і здабыць як мага больш лайкаў. Гульцы такім чынам змагаліся за тое, каб прыцягнуць увагу буйных кампаній, якія плацяць інфлюэнсерам вялізарныя сумы, напрыклад, за здымак на Інстаграме з іх крэмам ці зубной пастай.

ВНУ ўжо паспелі адкрыць факультэты, на якіх выкладаюць, як стаць зоркай Інтэрнэту.

Асноўнай матывацыяй для кандыдатаў на інфлюэнсераў зʼяўляецца багатае жыццё. Нешматлікія імкнуцца да большага. Сярод іх Кшыштаф Гонцяж (Krzysztof Gonciarz), які выстаўляе відэа з падарожжаў і запісвае влогі. Ягоны канал мае больш за мільён падпісчыкаў, а відэа – амаль тры мільёны праглядаў. Гонцяж не хваліцца сваім багаццем, рэдка дае інтэрвʼю і не хавае сваіх поглядаў. Нядаўна ён аказаў падтрымку колам ЛГБТ.

Але пераважная частка інфлюэнсераў не выступае па важных пытаннях. Многія набываюць папулярнасць сумніўнымі подзвігамі.
Адной з найбольш вядомых асоб польскага Інстаграму зʼяўляецца Марта Лінкевіч – Linkimaster. У яе 1,2 мільёна назіральнікаў. Дзяўчына праславілася аповедам, як пасля канцэрту амерыканскага гурта хіп-хоп займалася сексам з музыкантамі. У інтэрвʼю яна падрабязна расказвала пра наркотыкі і запоі. Linkimaster зарабляе немалыя грошы здымкамі на Інстаграме ў эксклюзіўнай вопратцы.

Суразмоўца тыднёвіка «Polityka», эксперт маркетынгу Ян Заёнц (Jan Zając) лічыць, што інфлюэнсеры – гэта людзі адарваныя ад рэальнага жыцця, якія часта зусім не разбіраюцца ў асноўных справах. Зʼяўленне інфлюэнсераў пацягнула за сабой узнікненне агенцтваў, якія таксама зарабляюць на іх.

Сярод фанатаў найбольш вядомых інфлюэнсераў пераважаюць падлеткі і дзеці.

Аўтар публікацыі Марʼюш Сэпёла (Mariusz Sepioło) спадзяецца, што папулярнасць інфлюэнсераў будзе кароткачасовай зʼявай, аднак, ён пабойваецца, што гэтая тэндэнцыя і так паспее зрабіць крыўду ў галовах падлеткаў.
яс