Беларуская Служба

Многія палякі ангажуюцца ў дапамогу беларусам

26.10.2020 12:35
Самая вострая цяпер кватэрная праблема, ёсць каля 200 чалавек, якім патрэбнае бясплатнае або вельмі таннае жыллё.
Аўдыё

У дадатку выдання Gazeta Wyborcza «Duży format» рэпартаж пра дапамогу беларусам, якія ўцяклі ў Польшчу ў выніку палітычных падзей у сваёй краіне. Многія палякі ангажуюцца ў дапамогу, па розных прычынах. Напрыклад, юрыст з Варшавы Анджэй Люлька кажа, што падзеі ў Беларусі нагадваюць яму тое, што ён бачыў у Шчэціне ўласнымі вачыма, калі быў дзіцём. Ваеннае становішча, пратэсты і страх. Ён ведае людзей, якія ўцяклі з Польшчы, прайшлі праз лагеры ўцекачоў, атрымлівалі дапамогу ад іншых людзей, цяпер палякі могуць аказаць падтрымку беларусам. Анджэй прадаставіў беларусам чатырохпакаёвую кватэру, якую раней намерваўся прадаць.

Самая вострая цяпер якраз кватэрная праблема, ёсць каля 200 чалавек, якім патрэбнае бясплатнае або вельмі таннае жыллё, – гаворыць Улад Кобец з Цэнтру беларускай салідарнасці.

Беларусы, якія перабраліся ў Польшчу, не жадаюць сядзець, склаўшы рукі. Яны разлічваюць, што атрымаюць нейкую дапамогу на першых парах – жыллё, падтрымку пры афармленні дзяцей у школу, а пазней яны хацелі б працаваць. Пакуль што адзінае, што яны могуць зрабіць – гэта падаць заяву на міжнародную ахову і чакаць разгляду справы. Гэта працягваецца некалькі месяцаў. Толькі тады змогуць працаваць. Ёсць таксама іншая магчымасць пачаць працу – калі чалавек мае нацыянальную візу Д23, з якой можна атрымаць дазвол на працу, але па нейкіх прычынах польскія ўлады іх не выдаюць, – адзначае Алесь Лапко з Цэнтру беларускай салідарнасці. І дадае, што гэта можа змяніцца, паколькі праз некалькі дзён парламент будзе разглядаць дадзенае пытанне.

нг