Беларуская Служба

Тэма абортаў вярнулася ў юрыдычную і палітычную павестку дня Польшчы

27.10.2020 09:04
Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне пра фактычную дэлегалізацыю перарывання цяжарнасці па прычыне паталогіі развіцця плоду.
Аўдыё
Пратэст у Варшавефота: PAP/Leszek Szymański

Тэма абортаў вярнулася ў юрыдычную і палітычную павестку дня Польшчы. Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне пра фактычную дэлегалізацыю перарывання цяжарнасці па прычыне паталогіі ў развіцці плоду. На вуліцы польскіх гарадоў выходзіць на акцыі пратэсту шмат жанчын, незадаволеных вердыктам.

У мінулы чацвер Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэнне, з якога вынікае, што ў Польшчы пачаўся працэс, які можа давесці да поўнай забароны працэдуры перарывання цяжарнасці, незалежна ад стану здароўя маці і плоду і незалежна ад таго, якім чынам дайшло да запладнення. Хаця, канешне, невядома, якія наступствы выкліча вердыкт суду.

Канстытуцыйны суд вырашыў, што гэтак званы еўгенічны аборт (або эмбрыяпаталагічны) пярэчыць асноўнаму закону Польшчы. На дадзены момант перарывання цяжарнасці ў Польшчы магчымае толькі ў трох выпадках – калі цяжарнасць з’яўляецца вынікам злачынных дзеянняў (згвалтавання), калі яна пагражае жыццю маці або плод здраджвае прыкметы цяжкага захворвання, несумяшчальнага з нармальным функцыянаваннем у грамадстве. Дадзеныя прынцыпы былі ўзаконеныя ў далёкім 1993 годзе, тады іх назвалі кампрамісам, паколькі было як шмат прыхільнікаў поўнай забароны абортаў, так і прыхільнікаў ліберальных законаў, каб аборты былі дазволеныя па жаданні маці да акрэсленага тэрміну, як у большасці краін Еўропы. Еўгенічным абортам прыхільнікі аховы жыцця называюць перарыванне цяжарнасці, калі эмбрыён носіць прыкметы цяжкага пашкоджання, калі назіраецца сур’ёзная паталогія ў яго развіцці.

Заяву ў суд на Закон аб планаванні сям’і падалі дэпутаты кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», а таксама палітыкі Польскай сялянскай партыі і Канфедэрацыі.

У абгрунтаванні рашэння сказана, што жыццё чалавека з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю на кожным этапе ягонага развіцця, а асноўны закон павінен ахоўваць гэтую каштоўнасць. Працягвае суддзя Юстын Піскорскі.

- Канстытуцыйны суд, ацэньваючы адпаведны артыкул Закону аб планаванні сям’і, сцвярджае, што легалізацыя працэдуры перарывання цяжарнасці ў тым выпадку, калі перынатальныя абследаванні або іншыя медычныя прадпасылкі сведчаць з вялікай дозай верагоднасці, што плод пакутуе ад невылечнай хваробы або ён дэфармаваны ў такой ступені, калі змены трывалыя і пагражаюць яго жыццю, не знаходзіць канстытуцыйнага абгрунтавання.

Адзін з аўтараў заявы ў Канстытуцыйны суд, дэпутат партыі «Права і справядлівасць» Бартламей Врублеўскі адзначае, што гаворка ідзе аб праве на жыццё асобаў хворых, з абмежаванымі магчымасцямі, хваробай або інваліднасцю, якія праявілася яшчэ ў перыяд развіцця плоду ва ўлонні маці.

- Гэтую заяву мы ўнеслі тры гады таму, паўторна мы звярнуліся ў Канстытуцыйны суд на пачатку тэрміну паўнамоцтваў парламенту, пад канец 2019 году. Мы мяркуем, што Канстытуцыя павінна бараніць жыццё ў кожным праяўленні, аб гэтым ідзе гаворка ў 30-ым, 32-ім і 38-ым артыкулах асноўнага закону. Гэта, між іншым, права на жыццё і забарона дыскрымінацыі. Прынцып акрэсленай, сціслай трактоўкі закону вельмі важны.

Калі Канстытуцыйны суд разглядаў справу, пад будынкам сабраліся сотні пратэстуючых, пераважна жанчын, якія мяркуюць, што вердыкт суду – гэта замах на правы жанчын, паколькі яны самі павінны вырашаць, ці гатовыя на такое геройства, як нараджэнне і выхаванне дзіцяці з цяжкай інваліднасцю. Гаворыць адна з удзельніц пратэсту.

- Я не магу сказаць, што аборт – гэта нармальная справа. Не, ненармальная, гэта заўсёды траўма для жанчыны. Аднак, часта чуваць, што нараджаецца цяжка хворае дзіця, і бацька не вытрымлівае ў псіхалагічным плане, кідае дзіця і яго маці. Маці не можа працаваць, бо займаецца дзіцём, не можа заплаціць за кватэру, трапляе ў галечу, няма магчымасці лячыць гэтае дзіця. Калі быў пратэст бацькоў з дзецьмі-інвалідамі пад сеймам, мы размаўлялі з жанчынамі. Жанчынамі, бо там быў можа адзін бацька або двое. Адна з мацярок казала, што ў яе не было магчымасці ўзяць два тыдні водпуску, каб прысвяціць увагу сабе, за апошнія пятнаццаць гадоў, паколькі няма каму заняцца хворым дзіцём. Гэта страшная фізічная праца, з якой жанчыны застаюцца адны. Вось тыя маладыя дужыя мужчыны, якія маліліся за ненароджаных дзяцей, ніводзін з іх не працаваў у якасці валанцёра ў доме для нежаданых, хворых дзяцей.

Згодна з дадзенымі міністэрства аховы здароўя, у мінулым годзе ў Польшчы было зроблена 1110 легальных працэдур перарывання цяжарнасці. Бальшыня з іх – 1074 – было выканана па прычыне паталогіі развіцця плоду – цяжкага пашкоджання або невылечнай хваробы, у пераважнай большасці ў выніку сіндрому Дауна ў дзіцяці.

Пасля публікацыі рашэння Канстытуцыйнага суду ў часопісе прававых актаў, аборты па прычыне паталогіі ў развіцці плоду стануць нелегальнымі. Праўда, цяпер падобна на тое, што кіроўная партыя, пад націскам масавых пратэстаў, шукае выхад з сітуацыі, каб пакінуць магчымасць перарываць цяжарнасць у дадзеным выпадку.

нг