Беларуская Служба

Дачка прэзідэнта супраць забароны абортаў па прычыне паталогіі плоду

29.10.2020 13:55
Кінга Дуда напісала, што заўсёды лічыла кампраміс па пытанні абортаў задавальняючым.
Лагатып страйку жарнчын у Польшчыфота: PAP/Mateusz Marek

У выданні Rzeczpospolita артыкул пра масавыя пратэсты, якія адбываюцца ў Польшчы пасля вердыкту Канстытуцыйнага суду, які дэ-факта забараняе перарыванне цяжарнасці ў выпадку сур’ёзнай паталогіі плоду. Учора пратэстоўцы сабраліся ў цэнтры Варшавы. На транспарантах былі напісаны самыя розныя лозунгі, былі плакаты ўласнай работы.

У Сейме ўчора было крыху менш эмоцый, чым раней. Аднак на гэты раз выступіў старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Выступаючы без санітарнай маскі, ён заявіў, што дэманстрацыі могуць прычыніцца да росту колькасці заражаных каранавірусам. Ён абвінаваціў апазіцыю, што яна заахвочвае да пратэстаў, у выніку пагаршаецца эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне. На што кіраўнік клубу партыі «Грамадзянская платформа» Цэзары Томчык адказаў, што на трыбуну выйшаў той, хто сам падпаліў дом, а цяпер заклікае гасіць пажар.

Пратэсты ў рамках нацыянальнага Страйку жанчын адбываліся па ўсёй краіне. Гэта прэлюдыя дэманстрацыі, якая плануецца ў пятніцу ў Варшаве. А ўлады прынялі стратэгію, якая заключаецца ў спадзяванні перачакаць пратэсты. «Права і справядлівасць» мабілізуе сваіх прыхільнікаў. Яраслаў Качыньскі заклікаў бараніць касцёлы, якія сталі аб’ектамі атак пратэстоўцаў.

У сераду з заявай выступіла дачка прэзідэнта Анджэя Дуды Кінга Дуда. Яна напісала, што заўсёды лічыла кампраміс па пытанні абортаў задавальняючым, хаця, як кожны кампраміс, ён не быў ідэальным ні для прыхільнікаў поўнай забароны абортаў, ні для тых, хто выступае за права да перарывання цяжарнасці. «Аднак я не магу змірыцца з наступствамі, якія нясе рашэнне Канстытуцыйнага суду», – напісала Кінга Дуда.

нг