Беларуская Служба

Журналістаў падчас акцыяў пратэсту затрымліваюць мэтанакіравана

10.11.2020 17:50
На першы план выйшла фраза “Не даць зрабіць карцінку”.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/janjf93/CC0 Creative Commons

У мінулыя выходныя адбыліся рэкордныя масавыя затрыманні мірных дэманстрантаў – каля тысячы чалавек у адным толькі Мінску.

Сярод затрыманых – таксама журналісты і фотакарэспандэнты. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, усяго было затрымана восем прадстаўнікоў СМІ. З улікам тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, за кратамі ў панядзелак знаходзіліся 16 журналістаў.

На працягу апошніх месяцаў відавочна памяняліся адносіны рэжыму да СМІ. Ці можна сказаць, што сілавікі спецыяльна палююць на асоб у сініх жылетах з надпісам «Прэса»? Гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

- Такое ўражанне складваецца. Журналістаў бяруць мэтанакіравана. Яны яшчэ перад акцыяй могуць гуртавацца недзе ў сініх жылетах з бэйджамі, пасведчаннямі, але іх усё роўна забіраюць, быццам бы для высвятлення асобы, а пазней частку пакідаюць у аддзяленні міліцыі, некаторыя трапляюць пад суд, пад арышт. Няма ніводнага дня, каб за кратамі не было журналістаў.

На пачатку пратэстаў журналісты таксама сутыкнуліся з ціскам, але тады міліцыю не турбавала, журналіст ты ці не, бралі ўсіх. Потым пачалі звяртаць увагу на журналісцкі статус, стала магчыма выцягнуць калегу з-за кратаў. Цяпер жа на першы план выйшла фраза «Не даць зрабіць карцінку», якую любяць паўтараць сілавікі ды іх кіраўніцтва.

Поўнае інтэрв’ю слухайце ў далучаным гукавым файле