Беларуская Служба

Многія беларусы ўяўляюць сабе жыццё ў Польшчы інакш, чым яно выглядае на самой справе

18.11.2020 16:30
Аб гэтай ды іншых праблемах гутарым з заснавальнікам групы для беларусаў Варшавы ў ФБ.
Аўдыё
Сцяг групы "Беларусы ў Варшаве" на ФБфота: www.facebook.com/groups/322757917839370/?multi_permalinks=3465226876925776

Беларуская грамада ў Польшчы ў гэтым годзе значна павялічылася, гэта бачна хаця б па актыўнасці людзей на групе «Беларусы ў Варшаве» на Фэйсбуку. Ёсць шмат новых асоб, якія звяртаюцца з рознымі пытаннямі да іншых, больш вопытных, як наладзіць жыццё ў Варшаве. Аднак ёсць нямала таксама людзей, якія здаўна пражываюць у польскай сталіцы, але цяпер ім прыходзіцца нялёгка. У якасці прыкладу прывяду заснавальніка групы "Беларусы ў Варшаве". Ён папрасіў называць сябе мянушкай, якой карыстаецца ў кантактах з сябрамі – Pamedor Reuckij.

Спадар Рэўцкі некалькі гадоў таму ўзяў у арэнду з калегам невялічкае памяшканне ў варшаўскім раёне Грохаў, дзе ладзіў мастацкія сустрэчы, запрашаў цікавых людзей, арганізаваў выставы. Цяпер, у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй і стратай асноўнай працы, яму прыходзіцца закрываць «Тэмпературу» – так называецца гэты аб’ект.

- Калі я восем гадоў таму прыехаў у Варшаву, у мяне былі розныя пытанні – як набыць праязны (karta miejska), як шукаць працу, жыллё. Я спытаў сяброў, якія жылі тут ужо нейкі час, ці ёсць на Фэйсбуку група, якая яднае беларусаў. Аказалася, што не. І я такую групу стварыў. Спачатку на ёй было толькі 10-15 маіх сяброў, з якімі мы кантрактаваліся, каб нешта перадаць у Беларусь ці часам спаткацца. Паступова група расла, мае сябры пачалі дадаваць сваіх сяброў, а за апошні год яна вырасла ўдвая – зараз там ужо 11 тыс. Пішуць пераважна тыя, хто нядаўна далучыўся або збіраецца далучыцца.

Якія праблемы закранаюцца на гэтай групе, што турбуе, што перш за ўсё займае людзей?

- Галоўная праблема – легалізацыя прабывання. Людзі задаюць шмат пытанняў па дакументах, картах побыту, па візах, пытаюцца пра каранцін, перасячэнне мяжы. Другое – праца, як шукаць працу, а з іншага боку на мяне рэгулярна выходзяць працадаўцы, якія шукаюць працаўнікоў. Я стараюся ад іх пазбывацца, паколькі не ведаю, ці яны сумленныя. Трэба сказаць, што людзі часта не разумеюць, што іх чакае і ўяўляюць сабе жыццё за мяжой інакш, чым на самой справе. Яны чытаюць нашы медыя, дзе Польшчу паказваць амаль што як рай на зямлі. А гэта не так.

Прабіцца іншаземцу ў Польшчы цяжка, гэта тычыцца ўсіх мігрантаў. А стаўленне да рускамоўнага чалавека, а такімі з’яўляецца большасць беларусаў, тым больш насцярожанае.

- Калі я прыехаў у Польшчу, стаўленне да беларусаў было значна лепшым. Калі палякі чулі, што я беларус, адразу згадвалі, што мы 300 гадоў жылі ў адной дзяржаве, браты-беларусы і г.д. Цяпер жа пачалі мяшаць усіх мігрантаў з усходу ў адну кучу.

Я якраз трапіла на даволі сумны момант, калі Вам прыходзіцца зачыняць сваю кавярню тут, у Варшаве.

- Гэта не зусім кавярня, хутчэй артыстычная інсталяцыя. Я тут не прадаю кавы ці гарбаты, а толькі частую. Я хацеў, каб гэта было месца сустрэч для суседзяў, каб людзі прыходзілі, каб сустрэцца, паразмаўляць. На выставы, аўтарскія вечарыны сюды прыходзілі нават знакамітыя людзі – акторы, музыканты. Грошы я зарабляў, працуючы варшаўскім кельнерам (афіцыянтам). На жаль, гастраномія памірае цяпер, таму мне прыходзіцца шукаць новую працу. Я не думаю, каб было нешта, чаму я не мог бы навучыцца. Магчыма, калісьці ўдасца вярнуцца ў Беларусь, дзе ёсць перспектывы для развіцця.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле аўдыё

нг