Беларуская Служба

У Польшчы прыняты план комплексных мераў па барацьбе з каранавірусам

24.11.2020 08:00
Перад святамі Калядаў улады вырашылі зняць частку абмежаванняў.
Аўдыё
-
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкіфота: PAP/Marcin Obara

У мінулую суботу ў Польшчы была прадстаўлена комплексная праграма барацьбы з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі. Кіраўнік Рады міністраў выступіў з інфармацыяй пра новыя меры стрымлівання віруса, але таксама план паступовага зняцця некаторых абмежаванняў.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі адразу адзначыў, што ўрад не збіраецца пакуль што адмяняць самыя сур’ёзныя і жорсткія меры, паколькі сітуацыя надалей вельмі цяжкая, эпідэмія не адступае, таму яшчэ рана казаць пра такую свабоду эканамічнага і грамадскага жыцця, якая была да вясны бягучага году. Распавядаючы пра новую стратэгію, Маравецкі заявіў, што палякаў чакаюць «100 дзён салідарнасці», бо менавіта праз такі час можа паявіцца вакцына ад каранавіруса.

- Перад намі перыяд, які мы называем «100 дзён салідарнасці», таму што пад канец гэтага перыяду, вельмі верагодна, будзе даступная прышчэпка. Не ўсе людзі адразу змогуць і захочуць прывіцца, але вялікая частка папуляцыі, якая атрымае вакцыну, дазволіць хутчэй парваць ланцуг заражэнняў.

Тым не менш, перад святамі Калядаў улады вырашылі зняць частку абмежаванняў, уведзеных у сувязі з рэзкім ростам колькасці хворых на працягу апошніх месяцаў у Польшчы. З суботу 28 лістапада пачнуць працаваць крамы ў гандлёвых цэнтрах ды крамы з мэбляй. Гэта асабліва важна для гандляроў, што прадаюць тавары, якія жыхары ахвотна набываюць у якасці святочных падарункаў. Снежань – гэта час вялікіх прыбыткаў для гандлю, паколькі абарачэнне ў гэты час рэзка павялічваецца. Крамы павінны працаваць у жорсткім санітарным рэжыме, – нагадаў Матэвуш Маравецкі.

- Мы сустракаліся з гандлярамі з розных галінаў. Яны абяцалі нам, што будуць клапаціцца пра самы жорсткі санітарны рэжым працы, каб была адпаведна невялікая колькасць пакупнікоў у краме ў адным і тым жа часе. Каб, падобным чынам, як у прадуктовых крамах, у касметычных крамах, якія ўвесь час працуюць, можна было прытрымлівацца санітарнага рэжыму.

Заява прэм’ер-міністра пра зімнія канікулы вельмі не спадабалася прадстаўнікам турыстычнай галіны. Справа ў тым, што звычайна ў Польшчы гэтыя канікулы расцягнутыя на больш за месяц, паколькі тэрміны адпачынку розныя для розных ваяводстваў, каб усе жадаючыя маглі спакойна адпачыць – выехаць у горы на лыжы або на іншы адпачынак. У гэтым навучальным годзе вырашана адмяніць дадзенае правіла, зімовы перапынак у навучанні прызначаны на адзін і той жа тэрмін для ўсіх вучняў – першыя два тыдні студзеня. Матэвуш Маравецкі заклікаў жыхароў Польшчы, каб яны правялі гэты час дома, будзе ўведзена забарона калектыўных паездак. Школы далей будуць працаваць у дыстанцыйным рэжыме.

- Мы вырашылі, што школы застануцца закрытымі для вучняў да 23-24 снежня. Акрамя таго, мы прынялі рашэнне, што зімнія канікулы, перапынак у навучанні ў школах адбудзецца ў адзін і той жа тэрмін для ўсіх школьнікаў. Не будзе вучобы паміж 4-ым студзеня і 17-ым, 18-ым днём студзеня.

На думку віцэ-прэм’ера, міністра развіцця, працы і тэхналогіі Яраслава Говіна, план паступовай адмены жорсткіх мераў у эканоміцы павінен абмежаваць вялізныя страты, якія паносяць прадпрымальнікі ў сувязі з пандэміяй і санітарнымі мерамі. Новыя рашэнні – гэта адказ на заклікі з боку прадпрымальнікаў.

- Поспех гэтага плану патрабуе аграмаднай дысцыпліны, а цаной гэтай барацьбы з’яўляецца жыццё людзей, здароўе сотняў тысяч чалавек, а з іншага боку – працоўныя месцы, сотні тысяч працоўных месцаў, а можа нават мільёны месцаў працы, якія маглі б знікнуць, калі б улады не ўвялі жорсткія меры санітарнага кантролю. Мы змагаемся за кожнае працоўнае месца, таксама, як змагаемся за выратаванне кожнай польскай фірмы, якая знаходзіцца пад пагрозай закрыцця.

Паводле інфармацыі міністра аховы здароўя Адама Нядзельскага, адмена абмежаванняў залежыць ад сярэдняй колькасці сутачных інфекцый за апошнія сем дзён і сітуацыі шпіталей. Калі лічба новых выпадкаў інфекцый значна панізіцца, можна будзе вярнуцца да розных зонаў – чырвонай, жоўтай і зялёнай. Аднак міністр адзначыў, што калі б сярэднесутачная колькасць інфекцыяў вырасла звыш 27 тыс., магчыма ўвядзенне нацыянальнага каранціну.

- Гэта значыць, што пандэмічная сітуацыя можа як пагоршыцца, бо мы знаходзімся ў крытычным пункце, так і палепшыцца. Мы прадбачваем між іншым найгоршы сцэнар, калі паявіцца неабходнасць увесці нацыянальны каранцін. Так станецца, калі сутачны прырост лічбы заражаных перавысіць 27 тыс. Такі парог мы вырашылі ўвесці.

Міністр аховы здароўя распавёў таксама пра планы масавага тэставання жыхароў Польшчы ў напрамку каранавіруснай інфекцыі, нават калі ў іх няма сімптомаў захворвання. Такое тэставанне плануецца правесці ў Падкарпацкім ваяводстве, Сілезіі ды ў Малапольшчы, дзе назіраецца вялікая колькасць новых інфекцый.

нг