Беларуская Служба

Дваравыя чаты сталі соллю ў воку беларускіх уладаў

26.11.2020 15:26
Улада кінула шмат сродкаў на тое, каб спыніць або зменшыць гэтую актыўнасць.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.TippaPatt/ Shutterstock

Да 2020 году большасць беларусаў не цікавіліся палітыкаў, паміж уладамі ды грамадствам існаваў няпісаны дагавор – вы не ўмешваецеся ў палітыку, а мы даем ва спакойна жыць і працаваць, ствараючы адносна камфортныя ўмовы для існавання. Жнівень бягучага году цалкам парваў гэтую дамову паміж насельніцтвам ды рэжымам.

Людзі раптам прачнуліся, падзеі канца лета і восені разбудзілі актыўнасць беларусаў. Калі аказалася, што масавыя пратэсты, маршы па вуліцах гарадоў жорстка падаўляюцца сілавымі структурамі, актыўнасць перанеслася галоўным чынам у двары: людзі знаёмяцца з суседзямі, узаемадзейнічаюць, ладзяць лакальныя мерапрыемствы, абараняюць муралы і мемарыялы, а нават самі вырашаць дробныя бытавыя праблемы, за якія павінны адказваць адміністратары ЖЭСаў, але яны зачастую не заўважаюць гэтых спраў.

Апошнімі тыднямі фармат пратэстаў памяняўся, ужо няма сустрэч у цэнтры гарадоў, а ладзяцца маршы па раёнах, што яшчэ больш інтэгруе жыхароў панадворкаў. Паявіліся ўжо дваравыя лідары, якія імкнуцца нават у сённяшняй сістэме прававога калапсу ў Беларусі знайсці шлях да легалізацыі сваёй дзейнасці. Гэта магчыма, – адзначае Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, член Каардынацыйнай рады, які ў радзе займаецца ініцыятывай мясцовага самакіравання (рус. коллегиальные органы территориального общественного самоуправления (КОТОСы).

- Сёння міліцыя, бандыты ў масках прыязджаюць, разганяюць іх на той падставе, што іх дзейнасць, нават канцэрты ці распісванне муралаў, цалкам нелегальная. Мы прааналізавалі заканадаўства і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі ёсць абсалютна легальная форма арганізацыі мясцовага самакіравання. Гэта калегіяльныя органы грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання. Яны ствараюцца на мясцовых сходах, гэта значыць, што ў кожны момант можна іх стварыць або перавыбраць. Мы цяпер працуем з грамадскімі ініцыятывамі, расказваем ім пра гэтую магчымасць, шукаем сувязь з ужо існуючымі органамі. Дзеля таго, каб стварыць такі орган, у сходзе павінна прыняць удзел не менш за 25% жыхароў тэрытарыяльнай адзінкі. У Мінску яны прывязаны па ЖЭСах, на тэрыторыі аднаго органу пражывае каля 12 тыс. жыхароў. Сёння грамадская актыўнасць на столькі вялікая, што людзям па сілах сабраць гэтыя 25% і перавыбраць калектыўныя органы мясцовага самакіравання.

Актыўнасць дваравых чатаў вельмі непакоіць уладу, таму яна кінула шмат сродкаў на тое, каб спыніць або зменшыць гэтую актыўнасць. Былі ўжо звесткі пра ўзломы такіх чатаў, але, на думку палітолага Андрэя Ягорава, хутчэй сілавікі стараюцца фізічна дабіцца выдачы інфармацыі ў адміністратараў.

- Яны затрымліваюць адміністратараў чатаў, атрымліваюць доступ да смартфонаў. Для іх вельмі важны доступ да смартфонаў, атрыманне пароляў. Імкнучыся атрымаць доступ да чатаў, яны ідуць на ўсё – нават катуюць людзей, відаць, у іх няшмат іншых магчымасцяў атрымаць доступ. Яны гадзінамі могуць збіваць людзей, пагражаць згвалтаваннем або фактычна гвалтаваць людзей, каб атрымаць гэты доступ.

Самую вялікую актыўнасць праяўляюць жыхары Мінска. Гэта датычыць як ранейшай формы пратэстаў – вялікіх маршаў па цэнтрах гарадоў, так і цяперашніх пратэстаў пасля змены тактыкі, калі людзі сталі збірацца ў сваіх дварах, а не ў цэнтры гораду. Ці можна сказаць, што правінцыя значна адстае ад сталіцы? На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай дваравым чатам, нельга сказаць, што актыўны толькі Мінск, а рэгіянальныя гарады – цалкам пасіўныя, але, сапраўды, асноўны супраціў назіраецца ў Мінску. Ёсць некалькі прычын, між іншым тое, што ў вялікім горадзе людзям прасцей абараніцца. Актыўнасці спрыяе таксама мінская ўрбаністыка – мяркуе сацыёлаг, каардынатар Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

- Актыўнасць у рэгіёнах ёсць, але вось гэты перакос у бок Мінска я звязваюся з той сацыяльнай базай, на якой будуецца рэвалюцыя. Раней усе крытыкавалі гэтыя шматпавярховыя мурашнікі, як Каменная горка, дзе людзі, здавалася б, максімальна раз’яднаныя. Але яны аказаліся самымі актыўнымі, нават больш актыўнымі, чым лямпавыя раёны, дзе, як меркавалася, больш адносінаў паміж людзьмі. На маю думку, гэта звязана з тым, хто з’яўляецца сутнасцю пратэставага руху. Падставу «рэвалюцыі развіцця» складаюць людзі, якія часцей звязваюць свой лад жыцця з развіццём, бачаць іншыя прыклады, хочуць большага і г.д. Гэтыя людзі часцей прыязджаюць у Мінск. Аднак і ў рэгіёнах ёсць дваравая актыўнасць, нельга пра яе забываць, варта нават значна больш звяртаць на яе ўвагу, у тым ліку ў медыях.

Актыўнасць дваравых чатаў абмяркоўвалі госці прэс-канферэнцыі, зладжанай групай маніторынгу «Беларусь у фокусе».

нг