Беларуская Служба

У Варшаўскім каралеўскім парку засадзілі беларускі Дуб салідарнасці(ФОТА)

30.11.2020 16:34
Нягледзячы на тое, як развіваюцца і будуць развівацца падзеі ў Беларусі, адзін са знакаў гэтага перыяду на выходных быў створаны ў Варшаве – гэта Дуб салідарнасці, які пачынае расці разам з беларускай прагай да свабоды.
Аўдыё
   -    ,
Дуб лёгка знайсці - ён пазначаны бчб стужкамі, якіх нікто не зрэжаФота: Альберт Ежы Вяжбіцкі

У мінулыя выхадныя вядомы варшаўскі паркавы комплекс “Лазенкі” папоўніўся адным новым дрэвам. Гэта прадстаўнік флоры незвычайны, таму што, паводле ідэі, дуб мае абазначаць польска-беларускую салідарнасць. Ва ўрачыстасці, нягледзячы на абмежаванні звязаныя з пандэміяй каранавіруса, агулам прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, а магчымасць часткова пасадзіць дуб меў кожны жадаючы, хто ўзяў у рукі лапату і насыпаў пад саджанец крыху зямлі. Новапасаджаны дуб мае сімвалізаваць салідарнасць беларусаў Польшчы, усіх хто пражывае ў гэтай краіне і не ставіцца абыякава да падзеяў у Беларусі. Аўтарам ідэі пасадзіць дуб быў Лявон Маліноўскі, беларус які ўжо больш за 10 год жыве ў Варшаве і працуе ў парку “Лазенкі”. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на гістарычны характар гэтай падзеі, як і ўсяго 2020 года:

-Год 2020 для Беларусі вельмі незвычайны. Таксама вельмі цікавы сімвалізм гэтага года. Колькі памятных дат адбываецца ў гэтым годзе. Роўна 100 год таму адбыўся Слуцкі збройны чын, палескі паход генерала Булак-Балаховіча. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі таксама трошкі нагадвае тое, што адбывалася ў нашаніўскую пару. Тады, у пачатку 20 стагоддзя Беларусь ужо больш за 40 гадоў жыла без прыгоннага права. Нарасло цэлае пакаленне свабодных людзей і гэтыя свабодныя людзі пачалі гуртавацца, ствараць нешта. Яны рабілі тэатры, арганізацыі, якія потым абвясцілі незалежнасць БНР. Тады «чацікам» беларускага народа стала газета «Наша Ніва». Зараз мы збіраемся па сваіх раённых чаціках, а тады яны збіраліся, пісалі ў «Нашу Ніву». Потым усебеларускі сход сабраўся ў Мінску і абвясціў незалежнасць БНР. Потым быў год 1920, як я ўжо сказаў, тады выбухнула слуцкае паўстанне супраць бальшавікоў і гэта было адным з апошніх узрухаў гэтай энергіі, якая нарадзілася на пачатку 20 стагоддзя. Ёсць цудоўны верш пра гэта: «Не судзіла нам доля разгорыць зару/Не судзіла даць волю і шчасця айчыны/Дай жа Бог, каб унукі ўзнялі Беларусь/На ўзвышша ахвярай і чынам». Мы якраз пакаленне ўнукаў.


Так выглядае дуб Так выглядае дуб

На сустрэчы быў таксама Павел Латушка, чалец Каардынацыйнай рады і былы пасол Беларусі ў Польшчы. Ён выказаў сваю падзяку за салідарнасць з тымі, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі, і выказаў сваё спадзяванне на тое, што візіт ля дуба стане абавязковай кропкай для ўсіх, хто будзе прыязджаць з ужо свабоднай Беларусі ў сталіцу Польшчы.

-Вы ведаеце, гэты дуб восенню не зазелянее, але я перакананы, што вясною, калі мы ўжо прыедзем з Беларусі, мы пабачым гэтую ліству - зялёную, маладую, прыгожую. Тады ўжо будзе зелень маладая і прыгожая над беларускім сонцам, на нашай зямлі беларускай. Дуб гэта сімвал жыцця, сілы, моцы. І гэтую моц мае сёння народ беларускі, беларускае грамадства - дзеля таго, каб пабудаваць свабодную, дэмакратычную і вольную Беларусь. Дзякуй усім, хто завітаў сёння, прычыніўся да гэтай акцыі.


Павел Латушка таксама завязаў сваю стужку Павел Латушка таксама завязаў сваю стужку

Сваю жменю зямлі пад новы саджанец кінула і вельмі незвычайная госця – спадарыня Нікол Радзівіл. Жанчына, якая паходзіць са слаўнага нясвіжскага шляхецкага роду, прыехала ў Варшаву з Францыі і прысутнічала на акцыі. У сваім звароце яна ўспомніла пра важны для яе сям’і беларускі горад Нясвіж і выказала спадзяванне, што Беларусь ужо неўзабаве стане свабоднай краінай:

-Добры дзень, шаноўнае спадарства. У мяне ёсць нешта на знак салідарнасці. Вялікі дзякуй фонду «Дабрава» за запрашэнне на гэтую ўрачыстасць. Дрэва, якое мы сёння засаджваем, паходзіць з Беларусі, з якой мы вельмі звязаныя, таму што нашыя дзядуля і бабуля, Кароль і Ізабела Радзівіл, паходзілі з Нясвіжа. Я спадзяюся, што гэты малады дуб дагоніць у будучыні вялікі, найстарэйшы і адзін з самых прыгожых дубоў Польшчы, якім з’яўляецца дуб Бартэк. Жадаем, каб гэтае дрэва стала сімвалам нашай сімпатыі і сяброўства з Беларуссю. Дзякуй.


Спадарыня Нікол Радзівіл ватрмала ад беларусаў восенскі букет Спадарыня Нікол Радзівіл ватрмала ад беларусаў восенскі букет

Наступным разам, калі будзеце наведваць Варшаву, у вашым плане экскурсіі абавязкова павінен з'явіцца візіт ля новага дуба беларуска-польскай салідарнасці. Знайсці яго можна зусім лёгка – ён знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы комплексу, непадалёк ад помніка каралю Яну Сабескаму. Дадаткова на ім навязаныя белыя і чырвоныя стужкі. Усе спадзяемся, што разам з прыходам вясны ён пачне квітнець і расці разам з новай, вызваленай Беларуссю.

Акцыя была арганізаваная Лявонам Маліноўскім, Цэнтрам Беларускай Салідарнасці, фондам "Дабрава" і фондам "Даволі".

Альберт Ежы Вяжбіцкі


Новазаснаваны Беларускі варшаўскі хор разам з Паўлам Латушка пасля першага выступу Новазаснаваны Беларускі варшаўскі хор разам з Паўлам Латушка пасля першага выступу