Беларуская Служба

Палякі бачаць усё больш пераваг у членстве Польшчы ў Еўрасаюзе

01.12.2020 13:01
Паводле апытанняў, палякі не ставяцца да ЕС, як да банкамата. Для іх важная свабода перамяшчэння і адкрытыя межы.
Сцяг ЕўрасаюзаPhoto:Capri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Перад самітам ЕС у снежні, падчас якога будзе вырашацца лёс бюджэту супольнасці на бліжэйшыя гады, паміж Варшавай і Будапештам праходзяць нервовыя кансультацыі. У панядзелак увечары адбылася чарговая сустрэча прэм'ераў Матэвуша Маравецкага і Віктара Орбана. У мінулы чацвер у Будапешце кіраўнікі ўрадаў абедзвюх краін падпісалі сумесную дэкларацыю, крытычную ў дачыненні да новага механізма выплаты сродкаў з бюджэту і фондаў ЕС.

Тым часам выданне Rzeczpospolita прыводзіць на сваіх старонках вынікі з апытання  грамадскай думкі, якія сведчаць пра тое, што польскія рэспандэнты бачаць больш пераваг членства краіны ў ЕС, чым адмоўных бакоў.

Паводле найноўшага апытання , праведзенага інстытутам IBRiS, 29% апытаных не пагаджаюцца на тое, каб ЕС навязваля Польшчы свае правілы. Аднак, у апытанні з 2016 года падобныя засцярогі выказвалі ажно 40% рэспандэнтаў.

Зараз для палякаў найбольшай праблемай у адносінах з ЕС з’яўляецца „неаднолькавае стаўленне да краін-членаў”. На гэта паказвае 42% апытаных. У 2016 годзе такія засцярогі выказвалі 40% рэспандэнтаў.

„Важным застаецца пытанне годнасці”, - кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita кіраўнік IBRiS Марцін Дума. Гаворка ідзе пра тое, каб польская пазіцыя бралася пад увагу на еўрапейскай арэне.

„Наша роля ў супольнасці не цалкам адпавядае нашым памкненням. І гэтую рыторыку, выкарыстоўвае прэм'ер Маравецкі”, - кажа Дума.

Значна больш рэспандэнтаў паказваюць на перавагі членства ў Еўрапейскім Саюзе, чым на недахопы. Самы вялікі плюс - адкрытыя межы. На гэта паказвае 80% рэспандэнтаў (73% у 2016 годзе). Палякі задаволеныя таксама доступам да фондаў ЕС - 57% апытаных (61% у 2016 годзе).

„Гэта доказ таго, што палякі не ставяцца да ЕС, як да банкамата”, - кажа Марцін Дума. Ён падкрэслівае, што для грамадзян Польшчы важная свабода перамяшчэння і адкрытыя межы.

„У такой сітуацыі ўлады павінны сур’ёзна задумацца пра тое, ці вета з'яўляецца добрай ідэяй”, - мяркуе эксперт .

Газета падкрэслівае, што нават сярод выбаршчыкаў кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” большасць паказвае на перавагі членства краіны ў ЕС. Таксама кажуць эканамісты, паведамляе Rzeczpospolita.

аз