Беларуская Служба

Беларусам з гуманітарнай візай прасцей будзе ўладкавацца на працу ў Польшчы

01.12.2020 15:38
Дадзенае правіла датычыць перш за ўсё асоб, якія прыязджаюць у Польшчу ў рамках праграмы «Poland. Business Harbour».
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePIOTR KAMIONKA/REPORTER

З першага снежня Польшча спрашчае фармальныя ўмовы працаўладкавання для грамадзян Беларусі. Гаворка ідзе пра тых асоб з беларускім грамадзянствам, якія атрымалі ў Польшчы гуманітарную візу. Ім ужо не прыйдзецца хадайнічаць за дазвол на працу. Пра гэта нагадала намеснік міністра развіцця, працы і тэхналогіі Івона Міхалэк.

Дадзенае правіла датычыць перш за ўсё лекараў і медсёстраў, а таксама беларускіх спецыялістаў у ІТ-галіне, якія прыязджаюць у Польшчу ў рамках праграмы «Poland. Business Harbour» (Польшча. Гавань для бізнесу).

- Беларусам, якія ў нас знаходзяцца на падставе гуманітарных візаў, мы б хацелі спрасціць магчымасць наймацца на працу, каб ім не прыходзілася атрымліваць дазвол на працаўладкаванне. На колькі мы ўсе ведаем, у Беларусі назіраецца складаная грамадска-палітычная сітуацыя. Тыя людзі, якія да нас прыязджаюць, часцяком не могуць далей працаваць у сябе на айчыне. Яны прыязджаюць у Польшчу, атрымліваюць гуманітарныя візы, таму мы б хацелі, каб яны маглі як мага хутчэй пачаць працаваць у нашай краіне.

Меркаваннем віцэ-міністра Івоны Міхалэк, праца беларусаў у Польшчы цяпер вельмі пажаданая, асабліва патрэбны медычны персанал.

- Для нас цяпер асабліва важныя прадстаўнікі медычных прафесій. Я кожны дзень атрымліваю некалькі запытаў з розных месцаў Польшчы, з рэгіянальных бальніц, што назіраецца недахоп лекараў, медсясцёр, не хапае медычных выратавальнікаў. На дадзены момант, калі ў нас працягваецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі, прадстаўнікі гэтых прафесій вельмі-вельмі важныя. Мы вельмі хочам, каб наша грамадства, нашы грамадзяне маглі атрымліваць прафесійныя медычныя паслугі.

Па інфармацыі віцэ-міністра Івоны Міхалэк, дагэтуль беларусы атрымалі ў Польшчы каля двух тысяч гуманітарных візаў, але з такой візай нельга было пачаць працу. Цяпер гэты бар’ер быў адменены. Паводле падлікаў агенцтва працаўладкавання Personnel Service, працай у Польшчы зацікаўлена некалькі тысяч дактароў з Беларусі, а таксама Украіны.

Сітуацыя на працоўным рынку Польшчы – адна з найлепшых з усіх краін Еўрапейскага звязу, пра што сведчаць дадзеныя Еўрастату. Таксама паводле дадзеных польскага Галоўнага ўпраўлення статыстыкі, беспрацоўе ў Польшчы не павялічваецца, яно затрымалася на ўзроўні 6,1%

Праграма «Poland. Business Harbour» – гэта комплекс паслуг, які дазваляе спецыялістам IT-сферы, стартапам, малым і сярэднім прадпрыемствам, а таксама буйным кампаніям без праблем перанесці свой бізнес у Польшчу. Каардынуе праграму Міністэрства развіцця і Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю.

Дзякуючы пакету паслуг можна даведацца, як хутка і аператыўна пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, атрымаць падтрымку пры пераездзе супрацоўнікаў і іх сем'яў або атрымаць юрыдычную і візавую дапамогу. Адным з элементаў дапамогі зʼяўляецца падтрымка прадпрымальнікаў у кантактах з інвестарамі, а таксама гранты на дзейнасць.

Па словах Катажыны Едліньскай з Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю, назіраецца вялікае зацікаўленне праграмай з боку беларускіх кампаній.

- Зацікаўленне праграмай ёсць, фірмы звяртаюцца да нас з запытамі пра магчымасць перанесці ў Польшчу бізнес, у іх вельмі шмат пытанняў. Гэта датычыць таксама буйных кампаній. Калі гаворка ідзе пра галіны бізнесу, то галоўным чынам гэта тэхналагічная галіна, але не толькі. Ёсць таксама прадстаўнікі спажывецкай ды мэблевай галінаў. Аднак, на самой справе, найбольшае зацікаўленне з боку тэхналагічных кампаній, паколькі ў Польшчы наладжаная адпаведная інфраструктура ў галіне ІТ-тэхналогій, што спрыяе перанясенню бізнесу.

Да сённяшняга дня беларусы, якія атрымлівалі ў Польшчы гуманітарную візу, не маглі адразу пачаць працу, паколькі неабходна было яшчэ атрымаць дазвол на працаўладкаванне. Вельмі многа людзей на працягу апошніх некалькіх месяцаў пытала менавіта пра магчымасць легалізацыі свайго прабывання ў Польшчы, магчымасць атрымаць візу. Цяпер жа іх ужо больш цікавяць праблемы далейшага прабывання і працы ў польскай дзяржаве, – працягвае Катажына Едліньска.

- Даволі хутка ўдалося прыняць усе новаўвядзенні, якія спрашчаюць візавыя фармальнасці. Цяпер людзі ўжо больш цікавяцца падатковымі пытаннямі, магчымасцю зняць офіс. У рамках праграмы «Poland. Business Harbour» пачала дзейнічаць ініцыятыва «Мяккае прызямленне» (Soft Landing), дзякуючы якой беларускія кампаніі могуць атрымаць памяшканне пад офіс бясплатна на акрэслены перыяд часу.

Беларускія кампаніі, якія зацікаўленыя пераносам свайго бізнесу ў Польшчу, могуць скарыстацца дапамогай кансультантаў, пазваніўшы па спецыяльнай тэлефоннай лініі. Нумар тэлефону ёсць на сайце праграмы «Poland. Business Harbour», дзе таксама можна знайсці шмат інфармацыі на дадзеную тэматыку.

нг