Беларуская Служба

Як знайсці першую працу ў Польшчы?

02.12.2020 15:37
На гэтым тыдні закончылася серыя сустрэчаў, прысвечаных студэнтам і маладым людзям, якія хочуць пачаць або працягваць сваю вучобу і жыццё ў краіне-суседцы.
Аўдыё
  • Некалькі парадаў наконт таго, як працаўладкавацца ў Польшчы
Ілюстрацыя Фота: shutterstock/Shyntartanya

На апошнім семінары для беларускіх студэнтаў мы маглі пачуць пра працаўладкаванне ў Польшчы. Сустрэча транслявалася на старонцы ў фейсбуку Fundacja HumanDoc, а на ёй выступалі адмыслоўцы Цэнтра Беларускай Салідарнасці па працаўладкаванні і легалізацыі пражывання ў краіне. Між іншым, закраналіся пытанні таго, як знайсці працу, скласці рэзюмэ і на што звяртаць увагу, калі заключаеш кантракт.

Калі вы збіраецеся шукаць працу, варта пазнаёміцца з некаторымі сайтамі. Гэта напрыклад pracuj.pl, olx.pl, praca.pl. Таксама варта азнаёміцца з рынкам працы, які датычыць вашай прафесіі, знайсці арганізацыі і аб’яднанні працаўнікоў па вашай спецыяльнасці. Такія суполкі часцей за ўсё таксама прапануюць свой спіс вакансій у вузка накіраванай галіне. Калі пераезд будзе вашым першым кантактам з Польшчай і польскім рынкам працы, як раіць прадстаўніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці Анастасія, вы можаце звярнуцца ў агенцтва працы:

-Для таго, каб зэканоміць свой час, мае сэнс карыстацца паслугамі пасярэднікаў. Агенцтвы, якіх я маю на ўвазе, могуць дапамагчы вам знайсці патрэбнага працадаўца. І важны крытэрый пры падборцы агенцтва, якіх вельмі шмат у Польшчы: звяртайцеся да правераных агенцтваў, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў адмысловым спісе KRS. І лепш, калі яно існуе на рынку мінімум тры гады.

Перад тым, як уладкавацца на працу, варта глыбей пазнаёміцца з формамі кантрактаў у Польшчы. Тут у асноўным вылучаюцца тры тыпы дамоваў: umowa o pracę (дагавор аб працы), umowa zlecenie (часавы дагавор) i umowa o dzieło (дагавор на выкананне канкрэтнай рэчы). Апошні від сустракаецца вельмі рэдка. Яго як правіла заключаюць з мастакамі і людзьмі артыстычных прафесій. Астатнія два тыпы кантрактаў сустракаюцца часцей і між імі ёсць некаторыя розніцы. Абясняе Аляксей з Цэнтра Беларускай Салідарнасці:

-Umowa o pracę – гэта стандартны дагавор з працаўніком. У вас забяспечаныя сацыяльныя пакеты і вам даюцца 20 дзён адпачынку, а калі працуеце больш за 10 гадоў, то 26 дзён. Зарплата – гэта аснова, з якой адлічаюцца падаткі, усе сацыяльныя аплаты і страхоўкі. Яна не можа быць ніжэйшай за мінімальную плату. Сёння гэта 2600 злотых, з 2021 года – 2800 злотых. Гэтая дамова можа быць бестэрміновая, з акрэсленым тэрмінам або з пробным часам, які не можа перавышаць трох месяцаў. Калі казаць пра umowę zlecenie, то тут плацяць за канкрэтны час працы. Гэта значыць, што і вы, і працадаўца павінны весці падлік вашага працоўнага часу. У выніку вы атрымліваеце зарплату за фактычна адпрацаваныя гадзіны. Мінімальная стаўка за адну гадзіну – гэта 17 злотых, з новага года павышаецца да 18,30 злотых. Тут таксама трэба рэгістравацца ў сацыяльны фонд, але калі напрыклад вы плаціце ўжо падаткі ў іншага працадаўцы, то тут гэта непатрэбна. Таксама калі вы студэнт і вам менш чым 26 год, вам неабавязкова рэгістравацца ў сацыяльны фонд і адпаведна вы не плаціце ўзносаў.

Але перад тым, як вы будзеце дамаўляцца з працадаўцам пра від вашага дагавора, трэба зацікавіць яго вашай асобай. Уявіце сябе, вы знайшлі працу на адным з сайтаў, або хтосьці вас рэкамендаваў. Як звязацца з фірмай? Канешне, тут усё працуе падобна, як у Беларусі. Трэба даслаць рэзюмэ, якое ў Польшчы звычайна называюць CV. Калі яно ў вас ужо ёсць, упэўніцеся, што яно перакладзенае на польскую мову. Нават калі на працу шукаюць людзей з расійскай або беларускай мовай, а кампанія зарэгістраваная як польская, варта прытрымлівацца дзяржаўнай мовы. На што яшчэ звярнуць увагу і якія інфармацыі ўключыць у рэзюмэ, расказаў Аляксей падчас сустрэчы:

-Так як у Польшчы дзяржаўнай мовай з’яўляецца польская, то рэзюмэ павінна быць складзенае на польскай мове. Выключэннем можа быць момант, калі вы падаеце заяўку ў міжнародныя кампаніі і тады можна выслаць рэзюмэ на англійскай мове. Яно павінна быць кароткае і канкрэтнае, максімальна на дзве старонкі. Калі вы не ведаеце польскай мовы на добрым узроўні, то спачатку складзіце яе на мове, якую вы ведаеце і перакладзіце на польскую. Якая павінна быць структура CV? Самае важнае – гэта вашыя прыватныя дадзеныя: імя і прозвішча, нумар тэлефона, адрас электроннай пошты. Важна, каб ён быў зарэгістраваны на вядомым сэрвісе, як напрыклад Gmail. Да таго яшчэ добра далучыць фатаграфію. Лепш, каб яна не была з вашага візіту на моры або з тусоўкі. Гэта павінна быць звычайная фотка. Далей вы павінны апісаць вашую адукацыю ў адваротным храналагічным парадку, то-бок з канца. Важна ўказаць назву месца вучобы, напрамак і гады. Далей  пішам пра свой рабочы досвед. Як у выпадку адукацыі  з канца. Дадатковым плюсам будзе напісаць, чым вы займаліся на сваіх пасадах. Так працадаўца зможа лепш убачыць, чым вы займаліся, чым можаце займацца.

Дадаткова ў сваім рэзюмэ варта напісаць пра пазапрацоўны досвед: валанцёрскія працы, воркшопы, у якіх вы прымалі ўдзел, і ўсе іншыя праекты, каторыя могуць пабольшыць ваш шанец быць прынятым на працу. Абавязкова напішыце, ці ў вас ёсць вадзіцельскае пасведчанне, якія мовы вы ведаеце і чым любіце займацца ў вольны час. Гэта можа дапамагчы вам наладзіць больш сяброўскія кантакты з будучым калектывам. Калі вас запросяць на сумоўе, то галоўнае - праверыць асноўную інфармацыю пра вашага патэнцыйнага працадаўцу і спрабаваць перадаць усе свае асноўныя перавагі так, каб пераканаць свайго новага шэфа. Калі вы зацікаўленыя паслухаць больш на тэму працаўладкавання ў Польшчы, зайдзіце на старонку Fundacja HumanDoc на фейсбуку, дзе ўвесь стрым даступны для жадаючых. Зараз мне не застаецца нічога акрамя таго, каб жадаць вам поспехаў і прыемнай першай працы ў Польшчы!

Альберт Ежы Вяжбіцкі