Беларуская Служба

Пры будаванні праграм дапамогі сем'ям павінны супрацоўнічаць цэнтральныя і мясцовыя ўлады

15.12.2020 14:05
Падтрымка сям’і – гэта і клопат пра маральныя каштоўнасці, і фінансавая дапамога, і развіццё паслуг для сем’яў.
Аўдыё

Польскія правыя сілы, якія кіруюць Польшчай ужо другі тэрмін паўнамоцтваў парламенту, будавалі некалькі гадоў таму свой выбарчы капітал між іншым на абяцанні шырокай і комплекснай падтрымкі польскіх сем’яў. Перш за ўсё гэта было абяцанне ўвесці праграму фінансавай дапамогі сем’ям з дзецьмі «Сям’я 500+», якая заключаецца ў выплаце на кожнае дзіця 500 злотых у месяц (прыкладна 135 долараў ЗША). У хуткім часе пасля прыходу да ўлады партыя «Права і справядлівасць» зрэалізавала сваё абяцанне і праграма пачала дзейнічаць вясной 2016 году.

Праграма аказалася вялікім поспехам, і нават эканамічны крызіс, які пагражае Польшчы ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, не прымусіў улады адмовіцца ад выплат або іх абмежаваць. Тым не менш, цяпер польскія ўлады пачынаюць заўважаць, што фінансавая падтрымка – гэта мала, патрэбная комплексная дапамога сем’ям ды ахова іх. А гэта немагчыма без блізкага супрацоўніцтва паміж цэнтральнай уладай дзяржавы ды муніцыпальнымі органамі. І менавіта дадзенай тэматыцы была прысвечаная канферэнцыя пад назваю «Сям’я ў цэнтры ўвагі», якая адбылася на мінулым тыдні ў Міністэрстве сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі.

Падтрымка сям’і – гэта і клопат пра маральныя каштоўнасці, і фінансавая дапамога, і развіццё паслуг для сем’яў, а таксама падтрымка ў рамках антыкрызіснага шчыту падчас пандэміі. І ў гэтых менавіта галінах павінна адбывацца супраца паміж урадам ды органамі мясцовага самакіравання, аб чым казала міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

- Сумесная дзейнасць адміністрацыі – ураду ды мясцовых органаў кіравання – гэта вельмі важна. Менавіта так павінна выглядаць падтрымка сем’яў – у супрацы ўсіх структур. Таму мы распісалі конкурсы для муніцыпальных органаў, каб паказаць, што робяць іншыя. Існуе, напрыклад, конкурс «Вялікапольская гміна, прыязная сям’і», ён адбываецца сістэматычна дагэтуль. Неабходна перш за ўсё паказваць тыя органы мясцовага самакіравання, якія эфектыўна дзейнічаюць.

Дзеля таго, каб маглі развівацца праграмы падтрымкі сем’яў на месцах, патрэбныя фінансавыя сродкі. Гэтыя сродкі будзе выдзяляць Фонд лакальных ініцыятываў, пра што нагадаў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Павел Шэфэрнакэр. На гэты фонд урад прызначыў 12 мільярдаў злотых – 6 мільярдаў для муніцыпальных органаў і 6 мільярдаў на інвестыцыі. У рамках лакальных інвестыцый пачне працаваць новая праграма, – заявіў віцэ-міністр.

- На працягу некалькіх бліжэйшых дзён прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі распіша новую праграму ў рамках лакальных інвестыцый. Гэтая праграма адрасаваная жыхарам земляў, дзе калісьці існавалі сельскагаспадарчыя кааператывы (польскія аналагі саўгасаў). Гэта асабліва важна, каб на гэтай тэрыторыі падтрымліваць жыхароў, многія з якіх жывуць у складаных умовах. Шмат гадоў польскія ўлады адкладвалі вырашэнне праблем гэтых земляў. Мяне цешыць, што ўрад робіць інвестыцыі ў дадзенай вобласці, гаворка ідзе не толькі пра сацыяльнае вымярэнне, але таксама і фінансавае.

Намеснік міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, упаўнаважаная ўраду па пытаннях дэмаграфічнай палітыкі Барбара Соха казала на канферэнцыі пра новую стратэгію праграмы «Па-першае – сям’я».

- Неабходна думаць у першую чаргу аб прафілактыцы розных паталагічных з’яваў, каб сем’і былі дужыя, каб яны развіваліся, каб не была ім патрэбная тэрміновая дапамога антыкрызісных службаў. Розныя праблемы можна і трэба заўважаць і змагацца з імі на раннім этапе, каб пазней не трэба было неадкладна адбіраць дзяцей у сям’і і перадаваць іх органу апекі. Такая прафілактыка, канешне, ужо адбываецца. Але яна магчымая толькі пры актыўнай супрацы з боку органаў мясцовага самакіравання.

На рэалізацыю паграмы «Па-першае сям’я» польскі ўрад выдзеліў 8,5 мільёна злотых. Гэтыя сродкі прызначаны на дзейнасць неўрадавых арганізацый, якія разам з дзяржаўнай адміністрацыяй будуць шукаць вырашэнне праблем, што перашкаджаюць нармальна жыць і развівацца асноўным адзінкам грамадства – сем’ям.

нг