Беларуская Служба

154 гады таму ў Варшаве была адкрытая першая лінія конкі

25.12.2020 08:07
Білет каштаваў 15 капеек, дадаткова за багаж трэба было заплаціць, у залежнасці ад яго вагі, ад 3 да 6 капеек.
Аўдыё
  • 154 гады таму ў Варшаве была адкрытая першая лінія конкі
Replika tramwaju konnego
Replika tramwaju konnegoPAP/Jan Morek

154 гады таму ў Варшаве была адкрытая першая лінія конкі, якая называлася Коннай жалезнай дарогай. Дата, калі ў горадзе была адкрытая конна-чыгуначная дарога, лічыцца пачаткам трамвая ў польскай сталіцы.

11 снежня 1866 года (дарэчы, гэта быў аўторак) па варшаўскіх вуліцах пайшоў першы вагон конкі. Аднакалейная лінія працягласцю ў 6 км 200 м спалучыла дзве часткі горада, размешчаныя на двух берагах Віслы. Кажучы дакладней, два чыгуначныя вакзалы: Венскі вакзал, размешчаны на левым беразе, і Пецярбургскі, размешчаны на правым баку ракі. Адначасова было пабудаванае адгалінаванне да Тэрэспальскага вакзала, які знаходзіўся таксама на правым беразе Віслы. Дарэчы, Тэрэспальскі вакзал інакш называлі Брэсцкім.
Асноўнай задачай конкі было спалучыць тры варшаўскія вакзалы. Конку пабудавала Галоўнае таварыства Расійскіх жалезных дарог (чыгункі).

Вагон конкі змяшчаў 30 пасажыраў і перасоўваўся даволі павольна. З самага пачатку былі два віды ліній. Першая лінія курсавала паміж Венскім і Пецярбургскім вакзаламі і мела міжвакзальны характар. Вагон заўсёды адпраўляўся праз 45 хвілін пасля прыбыцця цягніка і па дарозе затрымліваўся каля гатэляў «Еўрапейскі», «Рымскі» і «Саскі» альбо па жаданню пасажыра. Прыбывала конка на канцавы пункт, на другі вакзал, за 45 хвілін да адпраўлення цягніка. Білет каштаваў 15 капеек, дадаткова за багаж трэба было заплаціць, у залежнасці ад яго вагі, ад 3 да 6 капеек.

Другая лінія мела выключна гарадскі характар: яе вагоны курсавалі паміж цэнтрам левабярэжнай Варшавы і Венскім вакзалам. Такім чынам, конка не перасякала праз мост ракі. Праезд каштаваў 5 капеек унутры вагона альбо 3 капейкі – на адкрытай платформе на яго даху. Прычым на гэтай лініі не прадугледжвалася перавозка багажа. Больш за тое, кандуктар не даваў рэшты, таму для праезда неабходна было мець роўную суму. Вагоны курсавалі адзін раз на гадзіну.

Каляіна мела шырыню 1525 мм – гэта расійскі чыгуначны стандарт. На трасе былі чатыры месцы, дзе вагоны, якія ішлі ў супрацьлеглым кірунку, маглі размінуцца. Адначасова з адкрыццём конкі на Інжынернай вуліцы пабудавалі тэхнічныя майстэрні для абслугоўвання вагоннага парку і стайню для коней.

Першапачаткова конка планавалася як багажна-таварная лінія, таму на самым пачатку было закуплена толькі 6 пасажырскіх вагонаў дацкай фірмы Skandia. Вагоны мелі стальны каркас і драўляную абшыўку. Прычым над каробкай вагона, на даху, была адкрытая платформа з месцамі для пасажыраў, паездка на якой каштавала танней, чым унутры. Максімальная пасажыразмяшчальнасць гэтых вагонаў складала 35 чалавек. Вагоны былі чырвоныя, а паколькі іх вага была даволі вялікай (2 т 200 кг), то кожны вагон цягнула пара коней.

Заўважыўшы, што на перавозцы пасажыраў можна зарабіць немалыя грошы, улады чыгункі працягвалі развіваць конку: вагонны парк пашырыўся, была павялічаная колькасць прыпынкаў, планаваліся новыя трасы. Конка таксама карысталася папулярнасцю ў жыхароў і гасцей Варшавы. Так, на трэці год пасля адкрыцця, у 1869 годзе, вагонамі конкі было перавезена 378 тыс. пасажыраў.

Пачынаючы з 1881 года гарадскую сетку конкі пачалі развіваць улады Варшавы. Нагадаем, першая лінія была ўласнасцю імператарскай чыгункі. А вось у 1908 годзе ў Варшаве з'явіўся першы электрычны трамвай. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: рэпліка кракаўскай конкі


Больш на гэтую тэму: Машына часу