Беларуская Служба

У нядзелю ў краінах ЕС афіцыйна пачалася акцыя вакцынацыі ад SARS-Cov-2

29.12.2020 13:54
Паступова таксама скептыкі пераканаюцца, што варта зрабіць прышчэпку.
Аўдыё
       .     . 27.12.2020,
Медсястра Аліцыя Якубоўска першай атрымала вакцыну ад каранавіруса. Укол зрабіў ёй Артур Зачыньскі. 27.12.2020, Варшавафота: PAP/Leszek Szymański

Аўторак – чарговы дзень вакцынацыі жыхароў Польшчы ад каранавіруснай інфекцыі. Сёння лекары павінны выкарыстаць апошнія прышчэпкі, дастаўленыя ў рамках першай партыі ў пятніцу і частку з другой партыі, якая прыехала ў панядзелак. У адрозненні ад некаторых іншых краін, дзе першымі пачалі прывіваць маладых людзей, у Польшчы так званай нулявой групай сталі медыкі і супрацоўнікі службы аховы здароўя, паколькі яны перш за ўсё падвяргаюцца рызыку захварэць.

Паводле новага апытання, праведзенага сацыёлагамі з кампаніі IBRIS па замове выдання Rzeczpospolita, пакуль што толькі 47% апытаных гатовыя паставіць сабе ўкол, 44 адсоткі заяўляе, што не намераны гэтага рабіць, а 9% – што яшчэ не ведае.

На думку доктара Артура Зачыньскага з бальніцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, дзе былі зробленыя першыя прышчэпкі, па меры росту колькасці прывітых людзей, будзе расці таксама ўзровень даверу да вакцыны. Паступова таксама скептыкі пераканаюцца, што варта зрабіць прышчэпку. Лекар быў адным з першых, хто згадзіўся паставіць сабе ўкол. Згадваючы пра падрыхтоўку вакцыны, ён адзначыў, што распрацоўку генетычнага коду віруса можна параўноўваць з адкрыццём інтэрнэту.

- Факты такія, што прышчэпкі не адзін раз выратавалі папуляцыю. Нельга на акцыю вакцынацыі глядзець інакш, чым з захапленнем. Гэта магчыма дзякуючы ведам пра генетычны матэрыял, пра ДНК, дзякуючы генетычнай інжынерыі. Гэта прыдумаў, гэта распрацаваў чалавек.

У Польшчы выкарыстоўваецца тая ж вакцына, што і ў іншых краінах Еўрапейскага саюза – вытворчасці амерыканска-нямецкага канцэрну Pfizer/BioNTech. Вакцына была зацверджана Еўрапейскім агенцтвам па лекавых прэпаратах, акцыя вакцынацыя магла пачацца ў адным і тым жа часе ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у склад ЕС.

Ці прышчэпка бяспечная? Многія людзі выказваюць боязі, што яна распрацаваная надта хутка, і пакуль да канца няма ўпэўненасці, ці прэпарат бяспечны. Вірусолаг доктар Кшыштаф Кухарчык пераконвае, што калі б вакцына давала сур’ёзныя пабочныя эфекты, мы пра гэта ўжо ведалі б. Спецыяліст адзначыў, што на свеце ўкол ад каранавіруса атрымалі ўжо больш за тры мільёны чалавек.

- На дадзены момант клінічныя даследаванні не заканчваюцца пасля гэтак званай трэцяй фазы, калі вакцыну або іншы лекавы прэпарат дапускаюць на рынак. Кожны вытворца абавязаны, і гэта вы можаце праверыць у інтэрнэце, зрабіць адпаведны сайт. На гэтым сайце кожны, хто паставіў сабе ўкол, можа паведаміць у кожную хвіліну, круглыя суткі, што ў яго паявіліся адмоўныя пабочныя эфекты. На дадзены момант прывітыя каля трох мільёнаў чалавек. Калі б былі сур’ёзныя пабочныя эфекты, мы пра іх ужо пачулі б.

У Польшчы зладжана спецыяльная грамадская кампанія, у рамках якой розныя асобы пераконваюць слухачоў і гледачоў прайсці вакцынацыю. Укол рашыліся паставіць некаторыя высокапастаўленыя палітыкі, між іншым маршалы вышэйшай палаты парламенту – Сенату – дзейсны Томаш Гродзкі і былы Станіслаў Карчэўскі. Абодва – лекары па прафесіі. Нягледзячы на тое, што яны прадстаўляюць розныя палітычныя групоўкі, якія змагаюцца на палітычным полі, тут маршалы вырашылі забыць пра падзелы і разам падставіць плячо пад укол. Вось такія цуды здараюцца ў калядны час. Прайсці вакцынацыю пераконвае таксама міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг. Яна кажа, што дзякуючы акцыі польскае грамадства можа ў адносна хуткім часе збудаваць калектыўны імунітэт, а гэта дазволіць вярнуцца да нармальнага жыцця.

- Ужо трыста тысяч дозаў прышчэпкі дастаўлена ў Польшчу. Гэта святло ў тунэлі, якое павінна перш за ўсё эфектыўна супрацьдзейнічаць новым захворванням. Галоўная мэта – каб палякі маглі вярнуцца да нармальнай жыццядзейнасці. Таму я настойліва пераконваю ўсіх тых, хто яшчэ не запісаўся на прышчэпку, каб яны гэта зрабілі. Гаворка ідзе пра групу «0». Тэрмін запісаў падоўжаны да 14 студзеня. Я заахвочваю ўсіх запісацца.

Прышчэпкі ў Польшчы дастаўлены ў больш чым 70 бальніц, дзе праходзіць акцыя вакцынацыі. Пасля лекараў змогуць паставіць сабе ўкол пажылыя людзі, старэйшыя за 60 гадоў, а таксама жыхары Дамоў спакойнай старасці. Іх пачнуць прывіваць з 15 студзеня.

нг