Беларуская Служба

Бежанцы з Беларусі павінны мець псіхалагічную дапамогу

12.01.2021 14:52
Існуе правіла, што псіхалагічная апека павінна адбывацца на роднай мове.
Аўдыё
  • Пра дапамогу беларусам у Варшаве
  (,  )  ,
Катажына Скопец (пасярэдзіне, трымае сцяг) з асобамі, якім дапамагаефота: humanosh.org

У выніку палітычнай сітуацыі ў Беларусі, з краіны на працягу апошніх пяці месяцаў з’ехалі тысячы людзей. Уцякаючы ад рэпрэсіяў, а, магчыма, і шматгадовага турэмнага зняволення, многія знайшлі прытулак у Польшчы. Гэта самыя розныя людзі, яле іх яднае адно – яны не маглі пагадзіцца з несправядлівымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, якія былі сфальсіфікаваныя.

Палякі – вельмі гасцінны народ. Яны ведаюць, што значыць пакутаваць ад пераследу, яшчэ свежая ў памяці гісторыя іх уласнай дзяржавы, якой цягам 123 гадоў не было на мапе Еўропы, а пазней яна доўгі час была пад савецкім пратэктаратам. І таму палякі ахвотна памагаюць іншым. Ёсць у Варшаве сям’я, якая асабліва моцна ангажуецца ў дапамогу беларусам – гэта Пётр і Катажына Скопец. Яны прымаюць пад дах свайго дома беларусаў, аказваюць таксама іншую дапамогу ў рамках заснаванай імі фундацыі Humanosh, – распавядае Катажына Скопец (Katarzyna Skopiec).

- Humanosh дапамог ужо прыкладна сотні чалавек. Канешне, гэта не толькі мая праца, у нас шмат памочнікаў, валанцёраў. Найбольш робіць наша юрыстка, якая перакладае дакументы, тлумачыць, на якой падставе ўцекачы з Беларусі могуць застацца ў Польшчы. Гэта самае важнае – магчымасць легальнага прабывання, толькі пазней можна заняцца іншымі пытаннямі, як, скажам, вывучэнне польскай мовы. Дарэчы, урокі польскай мовы спалучаныя з так званым менторынгам. Настаўнікі не толькі вучаць, але таксама цікавяцца жыццём дадзенай асобы, ці яна спраўляецца з праблемамі на новай радзіме, ці ёй чагосьці не трэба. Гэтым людзям вельмі цяжка прасіць аб дапамозе.

Самая важная праблема для бежанца – гэта дах над галавой. Кватэры ў Варшаве дарагія, уладальнікі неахвотна здаюць жыллё іншаземцам з усходу, акрамя таго, цяпер усе працэдуры складаней праводзіць з-за пандэміі, – гаворыць наш госць.

- Цяжэй за ўсё знайсці кватэру. У гэтых людзей няма грошай, каб самастойна зняць кватэру ці хаця б пакой, а цяпер яшчэ, з-за пандэміі, вельмі цяжка хутка знайсці працу, асабліва калі яны не ведаюць польскай мовы. Таму наша мара – стварыць дом часовага прабывання для беларусаў, дзе яны маглі б затрымацца на самым пачатку. Мы на дадзены момант шукаем нерухомасць, дзе можна было б такое месца стварыць, дзе маглі б знайсці бяспечную прыстань людзі з Беларусі. Магчыма, хтосьці са слухачоў мог бы нам нешта падказаць – мы адкрыты на ўсе прапановы, нас лёгка знайсці на Фэйсбуку. Няма такога дому ў Варшаве. Ёсць у Беластоку, некаторых іншых гарадах, але, парадаксальна, не ў Варшаве.

У сталіцы Польшчы ёсць прытулак для бежанцаў, але ён знаходзіцца далёка ад цэнтра горада, адтуль вельмі цяжка ездзіць на працу, калі хтосьці ўжо знойдзе працаўладкаванне, – працягвае Катажына Скопец.

- Я ведаю месцы, дзе могуць знаходзіцца ўцекачы ў Польшчы. Трэба сказаць, што гэта не самыя добрыя лакалізацыі. Нават у Варшаве, у раёне Таргувэк, няма дарогі, якая б вяла да прытулку. Туды цяжка нават даехаць. Канешне, ёсць дах над галавой, але няма ніякай дапамогі звонку гэтым людзям. Да нас часам звяртаюцца адтуль уцекачы, якія кажуць, што ў іх няма нават патэльні або каструлі. Гэтым мы таксама займаемся, стараемся сачыць за тым, што робіць польскі ўрад у карысць уцекачоў, дарэчы, не толькі з Беларусі, але таксама з іншых краін.

Гісторыя кожнага чалавека іншая, але практычна ўсе бежанцы прайшлі праз страшныя выпрабаванні і вялікі стрэс, многія цягам доўгага часу не могуць пазбыцца жахлівых успамінаў, напрыклад, пра катаванні ў следчым ізалятары або збіццё падчас затрымання, нелегальнае перасячэнне мяжы. Такія падзеі пакідаюць свой след у псіхіцы, таму гэтым людзям патрэбная псіхалагічная дапамога, – кажа госць нашага эфіру.

- Гэта самая вялікая праблема. У прытулках для ўцекачоў павінны быць псіхолагі, але, на жаль, іх няма. Важна, каб гэта быў расійскамоўны псіхолаг. Мы шукаем такіх, каб аказаць уцекачам з Беларусі псіхалагічную дапамогу на іх роднай мове. Існуе правіла, што псіхалагічная апека павінна адбывацца на роднай мове. Нават калі чалавек добра вывучыць мову краіны, дзе ён пражывае, то і так значна лепш, калі псіхолаг з ім размаўляе на яго роднай мове.

Катажына Скопец з Фундацыі Humanosh адзначае, што ў яе сям’і багатая традыцыя дапамогі людзям, якім цяжка прыходзіцца ў жыцці. Яе бабуля ў часы Другой сусветнай вайны выратавала ад смерці 39 габрэяў, хаваючы іх у склепе свайго дома.

нг