Беларуская Служба

10 гадоў таму беларускі рэжым закрыў «Аўтарадыё»

16.01.2021 07:02
Радыёстанцыю зачынілі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюд інфармацыі, якая «ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».
Аўдыё
  • 10 гадоў таму беларускі рэжым закрыў «Аўтарадыё»
Лагатып «Аўтарадыё».

12 студзеня споўнілася роўна 10 гадоў, як з беларускага эфіру знікла «Аўтарадыё». Для нас гэта асабліва сумная дата, таму што цягам гадоў мінская радыёстанцыя была партнёрам Беларускай службы Польскага радыё. І хоць «Аўтарадыё» не ўмешвалася ў палітыку, то рэжым вырашыў яго закрыць, бо ён не любіць людзей і арганізацый, якія ўмеюць думаць і быць незалежнымі. А «Аўтарадыё» такім было. Пра знішчэнне радыёстанцыі і ўвогуле СМІ ў Беларусі – у нашым сюжэце.

«Аўтарадыё» было дзецішчам Юрыя Базана, які быў заснавальнікам і ўладальнікам СМІ ад самага пачатку ажно да канца. «Аўтарадыё» пачало вяшчаць у 1992 годзе. Станцыя пад кіраўніцтвам Юрыя Мікалаевіча была радыё непакорлівым, мела свой погляд на рэчаіснасць, пры гэтым адначасова творчым ды арыгінальным медыяпраектам, які выдзяляўся ў гушчыні беларускага радыёэфіру. Трэба зазначыць, што рэдакцыя не ўмешвалася ў палітыку і трымалася здалёк ад яе. Але прыйшоў час, што палітыка зацікавілася «Аўтарадыё». Але пра гэта – пазней.

Галоўны рэдактар заўсёды падтрымліваў сваіх журналістаў і дазваляў быць незалежнымі ў творчай дзейнасці, гаворыць шматгадовая супрацоўніца «Аўтарадыё», а цяпер журналістка «Еўрарадыё» Маша Калеснікава.

10-я гадавіна закрыцця «Аўтарадыё» для нас тым больш сумная, што Беларуская служба Польскага радыё была партнёрам мінскай станцыі.

Супрацоўніцтва паміж намі пачалося ў палове 2000-х гадоў. Спачатку гэта былі разавыя перадачы Беларускай службы Польскага радыё, якія выходзілі ў эфіры ў Мінску нерэгулярна: раз на паўгода-год. У 2008 годзе цягам некалькіх месяцаў у эфіры «Аўтарадыё» гучала штотыднёвая праграма «Варшаўскі мост» – супольны беларуска-польскі праект, які фінансаваў польскі бок. Гэта была музычна-інфармацыйная праграма з каштоўнымі падарункамі. На жаль, праз нейкі час праект быў зачынены з-за адсутнасці фінансавання.

А якім чынам палітыка ўмяшалася ў працу «Аўтарадыё»?

Радыёстанцыю зачынілі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюд інфармацыі, якая «ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». На самой справе такім чынам беларускі рэжым адрэагаваў на агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава, якія можна было пачуць у эфіры станцыі. Саннікаў тады казаў, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы». Цікава тое, што гэты ж самы ролік можна было пачуць у эфіры дзяржаўных радыёстанцый.

Аспрэчыць праз суд рашэнне аб закрыцці «Аўтарадыё» не атрымалася.

Сярод радыйных рэдакцый да «Аўтарадыё» падобны лёс сустрэў Радыё 101,2 ды рэдакцыю «Беларускую маладзёжную» дзяржаўнага радыё. 101,2 закрылі, бо нібыта вяшчанне на дадзенай частаце стварала памехі для эфіру дзяржслужб. А праз нейкі час вызваленую частату перадалі дзяржаўнай радыёстанцыі. Гэты прыклад сведчыць пра цынізм рэжыму Лукашэнкі. З таго часу нічога не памянялася, адзіная змена – гэта тое, што пралілася кроў.
СМІ і журналістаў працягваюць пераследаваць, а пра чарговы выпадак нагадвае кіраўнік інфармацыйнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Хвоін.

Для заснавальніка «Аўтарадыё» Юрыя Базана закрыццё станцыі стала асабістым ударам. Пасля спынення вяшчання рэдакцыя старалася выжыць, запісваючы рэкламную прадукцыю. Аднак гэта было не тое... Сэрца Юрыя Мікалаевіча Базана не вытрымала, і ён памёр ва ўзросце 53 гадоў у верасні 2016 года.

Валеры Саўко

выказванне суразмоўцаў, а таксама фрагмент перадачы «Варшаўскі мост» – супольнага праекту «Аўтарадыё» і Польскага радыё – слухайце аўдыёфайл