Беларуская Служба

Палякі актыўна ўключыліся ў дапамогу палітычным бежанцам з Беларусі

19.01.2021 09:00
Апошнія амаль паўгода фундацыя Humanosh дапамагае беларусам, якім прыйшлося пакінуць радзіму.
Аўдыё
  • Дапамога беларусам у Варшаве
  (,  )  ,
Катажына Скопец (пасярэдзіне, трымае сцяг) з асобамі, якім дапамагаефота: humanosh.org

Варшаўская фундацыя Humanosh была заснаваная дзеля дапамогі асобам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Яна аказвае падтрымку перш за ўсё бежанцам, што шукаюць у Польшчы магчымасці схавацца ад пераследу на Айчыне і пачаць новае жыццё.

Апошнія амаль паўгода фундацыя Humanosh актыўна дапамагае палітычным уцекачам з Беларусі. Актывісты арганізацыі, а таксама валанцёры, аказалі падтрымку ўжо прыкладна сотні чалавек. Сёння вашай увазе другая частка гутаркі з адной з заснавальніц фундацыі Катажынай Скопец.

- Мы дапамагаем цяпер выключна палітычным уцекачам з Беларусі. На працягу апошняга часу ў мяне дома жылі адзінаццаць беларусаў. Канешне, не адначасова, адны прыходзілі, іншыя выходзілі, паколькі ўдавалася ім пачаць самастойнае жыллё. Адны жывуць карацей, іншыя даўжэй. Дзве жанчыны жывуць ужо больш за два месяцы. Адна працуе, паколькі атрымала такую магчымасць, а другая шукае працу. Мы дазваляем ім яшчэ жыць у нас, каб яны маглі сабраць адпаведную суму грошай на арэнду жылля, каб адчувалі сябе бяспечней. Вельмі рызыкоўна адразу аддаць усе сродкі на кватэру.

Некаторыя беларусы прайшлі праз затрыманні і зняволенні, праз збіццё, многім прыйшлося пакінуць краіну вельмі хутка, не было часу на тое, каб сабраць неабходныя дакументы. Часам у Польшчы ім патрэбнае лячэнне – гаворыць госць эфіру.

- Некаторыя былі пабітыя, ім патрэбнае лячэнне, дзеля гэтага неабходна мець страхоўку ў Польшчы, а не заўсёды такая страхоўка ёсць. І толькі пазней можна шукаць ім працу. Без валодання польскай мовай гэта на пачатку простая праца, частка мужчын працуе на будоўлях.

Тварам беларускага пратэсту сталі жанчыны, падчас апошніх пяці месяцаў вылучаліся сваёй актыўнасцю жаночыя маршы. Катажына Скопец адзначае, што ў Польшчы таксама больш актыўную падтрымку ўцекачам з Беларусі аказваюць жанчыны, часта ў добраахвотным парадку.

- Так, у большасці гэта жанчыны. Ёсць адзін мужчына-валанцёр, а другі – гэта мой муж, які са зразуменнем ставіцца да сітуацыі. Аднак пераважна нам дапамагаюць жанчыны. Дарэчы, і за свабодную Беларусь змагаецца шмат жанчын. Канешне, актыўных мужчын таксама шмат, але нам неякі галоўным чынам пашчасціла працаваць з жанчынамі.

Фундацыя аказвае шматвектарную дапамогу сваім падапечным з Беларусі. Некаторыя ўцекачы, як было сказана раней, могуць нават жыць у прыватным доме заснавальнікаў фундацыі, іншыя атрымліваюць юрыдычную дапамогу, могуць вучыць польскую мову дзякуючы валанцёрам арганізацыі. А некалькі чалавеку з Беларусі атрымалі ў падарунак ровары. Гэта, можа, і не вялізная дапамога, але ў дадзеным выпадку вельмі важная падтрымка.

- У Чырвоным Боры ёсць прытулак для ўцекачоў, з якога да бліжэйшай крамы – 5 кіламетраў, а да горада – 20 км. Людзі, якія там пражываюць, не маглі нават зрабіць пакупкі. І таму я пачала шукаць для іх ровары. Фірма, якая займаецца продажам такой тэхнікі, падарыла нам ровары. Мы ёй вельмі ўдзячныя. Гэтыя ровары – таксама зручны транспартны сродак у Варшаве, асабліва цяпер, у часы пандэміі, калі лепш не ездзіць на гарадскім трангспарце, на аўтобусе.

Катажына Скопец адзначае, што важны таксама ўдзел польскіх сродкаў масавай інфармацыі ў справу дапамогі беларусам. Напрыклад, працу фундацыі апісала Gazeta Wyborcza, і пасля гэтага шмат людзей прапанавалі сваю падтрымку.

- Надрукавалі артыкул пра нас, на які адгукнулася шмат цудоўных людзей. Людзі давалі нам вопратку, бытавую тэхніку, прадукты харчавання. Патрэбы вялікія. За кароткі час нашай дзейнасці ў карысць беларусаў, на адны лякарствы для іх мы выдаткавалі звыш 6,5 тыс. злотых, 42 тысячы – на бытавую тэхніку, удалося сабраць даволі вялікую суму на арэнду кватэр, а вопраткі мы атрымалі проста лавіну. Шмат людзей званіла, некаторыя казалі, што яны нарадзіліся ў Беларусі або хтосьці са сваякоў там нарадзіўся. А некаторыя адчуваюць патрэбу памагчы, бо хтосьці ім памагаў у 80-ыя гады.

Спадарыня Катажына Скопец кажа, што яна ладзіць на столькі блізкія, сяброўскія адносіны з беларусамі, што нават паехала разам з імі адзначаць Новы год у горы.

- Так, з намі было 17 чалавек, бежанцаў з Беларусі. Мы разам сустрэлі Каляды, Новы год, быў Дзед Мароз, падарункі. Дзеці былі шчаслівыя, бо яны скардзіліся бацькам: «Тата, як гэта будзе – без ёлкі, без Дзеда Мароза, без бенгальскіх агней!?». Усё было, а сустрэлі мы Новы год два разы – у 22.00 па-польску, калі поўнач была ў Беларусі, і другі раз апоўначы ў Польшчы. Так што было цудоўна.

Госцем перадачы была Катажына Скопец, адна з заснавальнікаў варшаўскай фундацыі Humanosh, якая аказвае шырокую дапамогу палітычным уцекачам з Беларусі.

нг