Беларуская Служба

Год перапынку - не страчаным годам

24.01.2021 12:34
У нашым культурным асяроддзі перапынак падчас вучобы або працы лічыцца нечым негатыўным, аднак усё больш людзй вырашае зрабіць перадышку.
Аўдыё
  • Год перадышкі можа стаць лепшым лекарствам на пасляпандэмічны крызіс
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/soft_light

Шмат для каго апошні год стаў часам зменаў і прыстасоўвання да новай сітуацыі ў свеце. Мы пачалі жыць інакш, больш часу праводзіць анлайн ды ізалявацца ад грамадства ў страху перад каранавірусам. Аднак паколькі чалавек – гэта так бы мовіць стадная жывёла, то падчас размоваў са знаёмымі можам пачуць пра планы на «калі гэта ўсё ўжо скончыцца». І адным з лепшых спосабаў на правядзенне часу пасля пандэміі, пратэстаў ды іншых знакавых падзеяў з’яўляецца gap year.

Гэтая назва – выдатны прыклад, што некаторыя працэсы ды з’явы ў грамадстве не да канца перакладаюцца на іншыя мовы. Калі зрабіць літаральны пераклад словазлучэння gap year, атрымаецца «год перапынку» або «год – дзірка». Аднак на мове Коласа і Купалы гэта не гучыць так захапляльна. Калі ў вас ёсць намер узяць перапынак ад жыцця і вы раскажаце пра гэта сваім сябрам або бацькам, то вас, хутчэй за ўсё, чакаюць не самыя пахвальныя рэакцыі. У нашай культурнай прасторы такія «вынаходкі» не цешацца вялікай папулярнасцю ды нават могуць скончыцца вострай крытыкай. Інакш сітуацыя выглядае на Захадзе. Там сярод маладых людзей пасля сярэдняй школы або на пачатку вучобы ва ўніверсітэце браць gap year вельмі папулярна. І гэта мае цудоўныя ўласцівасці. За гэты год можна шмат чаму навучыцца, падарожнічаць, паспрабаваць працаваць у новых галінах і знайсці свой далейшы жыццёвы шлях. Пра гэта на сустрэчы са студэнтамі Варшаўскага ўніверсітэта сказаў Дамінік Бакула на падставе свайго досведу.

-У прынцыпе гэта не мусіць быць год, могуць быць два, тры гады перапынку, усё залежыць ад вас. І так, я думаю, што большасць з тых, хто думаў пра gap year, сустрэўся з рэакцыямі тыпу «хутчэй за ўсё вы ўжо не вернецеся да вучобы», «да вас прыйдзе лянота», «не захочаце працаваць». Гэта не праўда! Вось я, напрыклад, зараз працую з моўнымі курсамі і здараецца, што прапаную бацькам паслаць дзяцей на год перадышкі. «Ён стане ляніцца, а потым не пойдзе ва ўніверсітэт, змарнуе гэты год», - часта кажуць бацькі. Так што я б хацеў абвергнуць стэрэатып, на падставе ўласнага прыкладу. Я даведаўся пра gap year, калі паехаў на моўныя курсы ў сярэдзіне апошняга класу сярэдняй школы. У мяне было шмат ідэяў, датычных таго, што рабіць пасля - ісці ва ўнівер у Польшчы ці за мяжой. І вырашыў пачаць сваю прыгоду моўнымі курсамі у Кейптаўне.

Потым Дамінік прымаў удзел у курсах у Аўстраліі, Каста-Рыцы ды Сінгапуры. Пасля года перапынку знайшоў свой шлях і сёння спрабуе дзеліцца досведам з малодшымі калегамі, якія таксама думаюць пра перадышку.

З прычыны таго, што на Захадзе gap year вельмі папулярны, арганізуюцца адмысловыя праграмы для тых, хто хоча знайсці свой шлях у жыцці. Падчас такіх праграм часта фірмы прапануюць жыллё, нейкую працу ды воркшопы, моўныя курсы, практыку ў цікавых установах ды паездкі ў суседнія краіны. Звычайна такі арганізаваны gap year дапамагае развіваць розныя здольнасці і зацікаўленні – ад мастацкіх праз навуковыя да практычных. Гэта дапаможа вам таксама знайсці свой, неабавязкова згодны з традыцыйным, шлях навучання і атрымання ведаў. Што адбываецца са студэнтамі, якія прайшлі свой gap year, расказала Жан Фан падчас канферэнцыі TEDx у Бергене.

-Што адбываецца з чалавекам, калі ён пакінуў адукацыйную сістэму на год? Я думаю, што самае лепшае, што змяняецца, гэта тое, што ён больш накіраваны на сябе. Ён пашырае і паглыбляе свой досвед і мае лепшую перспектыву на свет, які яго акаляе. А што можа пайсці ў горшы бок? Я думаю, што самае горшае, што можа адбыцца, гэта тое, што ён стане больш дарослым, больш цікавым і зможа скарыстацца сваім досведам пасля вяртання ў адукацыйную сістэму. Як бачыце, розніца між горшым і лепшым сцэнарыем не такая вялікая. У гэтым, пра што я гавару, няма мінусаў. Ва ўсялякім выпадку чалавек стане лепшай версіяй сябе. І тое, што мы атрымліваем, вырашаючы пайсці на перадышку, гэта здольнасць адрозніць тое, што мы павінны зрабіць, ад таго, што мы хочам зрабіць. Мы павінны пайсці ва ўніверсітэт, атрымаць дыплом у нейкай практычнай галіне, знайсці добрую працу. Але колькі з нас мела час сесці з самым сабой і запытаць сябе: чаго мы сапраўды хочам?

Au pair - гэта чарговая магчымасць, каб наведаць чужую краіну, працаваць і ўдзельнічаць ва ўсім, што прапануе жыццё за мяжой, падчас вашага года перапынку. Гэтая сістэма вельмі папулярная ў Паўночанй Амерыцы ды Заходняй Еўропе, а яе сутнасць заключаецца ў тым, каб... быць няняй! Вы пераязджаеце ў іншую краіну, знаходзіце (або знайшлі ўжо раней) сям’ю, якая патрабуе кагосьці на au pair, і вашая прыгода пачынаецца. Згодна з праграмай au pair, чалавек, якога прымае сям'я, павінен стаць членам сямʼі, які адказвае за адукацыю і выхаванне дзяцей падчас свайго знаходжання дома. У большасці краін няма абавязкаў карыстацца пасярэднікам (так званае агенцтва au pair), вы можаце звязацца непасрэдна з семʼямі, якія шукаюць няню. Пра свой год на праграме расказала Наталля Савіцкая.

-Чаму я выбрала менавіта праграм au pair? Напэўна таму, што яна прапануе тры ў адным: гэта адначасова праца, вучоба ды падарожжы. Праца, таму што ваш галоўны абавязак - займацца дзецьмі ў сям’і, у якой пражываеце. Таму калі хтосьці любіць дзеці – я вельмі раю. Чарговы пункт – гэта адукацыя, таму што падчас праграмы ў вас ёсць магчымасць хадзіць на курсы ў амерыканскім каледжы або ВНУ. Так што гэта выдатны плюс да вашага рэзюме, каб працадаўца звярнуў на вас увагу. Чарговы пункт - гэта падарожжа.

Прыкладаў паспяховых гісторый падчас gap year мноства. Вам хопіць упісаць у пошук гэтую фразу і напэўна вам удасца знайсці натхненне, што рабіць і чым займацца падчас сваёй прыгоды. Людзі, якія прайшлі праз гэты досвед, кажуць, што яны сталі больш свядомымі, упэўненымі ў сябе і самастойнымі. У выніку пандэмічнай сітуацыі і таго, што імаверна нас чакае пасля, гэтыя рысы будуць вельмі патрэбныя на рынку працы. Спадзяемся, вас зацікавіла гэтая тэма і вы ўжо пачалі планаваць сваю пасляпандэмічную будучыню.