Беларуская Служба

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку (ФОТА)

29.01.2021 18:03
Гэта адзін з многіх бяшчадскіх храмаў, якому давялося «памяняць веравызнанне».
Аўдыё
  • Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку.
      .
Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку.Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Паляньчык – гэта курортны гарадок, размешчаны над Саліньскім вадасховішчам, на паўднёвым усходзе Польшчы. Улетку сюды прыязджае мноства турыстаў, аматараў горных паходаў, велапрабегаў і водных відаў спорту.

Нягледзячы на шматлікія турыстычныя славутасці, якія прапануе Паляньчык і, блізкія горы Бяшчады, варта прысвяціць некалькі хвілін, каб наведаць мясцовы Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Горы Бяшчады, у тым ліку курортны гарадок Паляньчык – гэта рэгіён, цесна звязаны з праваслаўем. Усходні абрад хрысціянства вельмі моцна перасякаўся тут з каталіцызмам, у выніку чаго Каталіцкі касцёл неаднойчы пераймаў закінутыя ў выніку гістарычных падзеяў праваслаўныя храмы. Так адбылося і ў выпадку знакамітай царквы святой Пакутніцы Параскевы, якая сёння вядомая, як каталіцкі Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Парафіяльны касцёл і санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку – гэта пабудованая ў XVIII стагоддзі былая грэка-каталіцкая царква, якую ў 1909 годзе замяніў мураваны храм, дадаткова пашыраны ў 2007 годзе.

Вернікі – мясцовыя каталікі – першапачаткова былі членамі суседняй парафіі Ваўкавыя. У 1909 годзе, дзякуючы намаганням мясцовага роду Цякліньскіх, у Паланьчыку была пабудавана невялікая драўляная капліца, прысвечаная Найсвяцейшай Панне Марыі Каралеве Польшчы, у якой святары з Ваўкавыі (Wołkowyja) раз у месяц служылі набажэнствы.

Дарэчы, згаданы драўляны будынак існуе па сённяшні дзень і выкарыстоўваецца, як пахавальная капліца на парафіяльных могілках.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 1948 годзе Пшамыскі ардынарый біскуп Францішак Барда(Franciszek Barda) па просьбе мясцовых вернікаў заснаваў у Паляньчыку рымска-каталіцкую парафію, а яе першым парафіяльным святаром прызначыў ксяндза Францішака Стопу (Franciszek Stopa).

Kсёндз Францішак Стопa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Kсёндз Францішак Стопa. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Паколькі прыдворная капліца аказалася занадта маленькай для мясцовых вернікаў, біскуп са згоды дзяржаўных уладаў, дазволіў пераняць закінутую і разбураную грэка-каталіцкую царкву і прыстасаваць яе да патрэбаў каталіцкай канфесіі. Царква была пабудаваная ў 1907 годзе на месцы ранейшага драўлянага храма.

З гэтага часу царква стала функцыянаваць, як рымска-каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 1949 годзе дзякуючы намаганням першага пробашча мясцовай парафіі ў касцёл з царквы ў навакольнай вёсцы Лапенка пераехала цудадзейная ікона Маці Божай з Дзіцяткам, званая Маці Божая Лапенская. Ікона датуецца першай паловай XVII стагоддзя. Ейны аўтар невядомы.

Выяўленая на іконе Марыя трымае дзіця ў левай руцэ, а правай трымае ручку маленькага Ісуса. Той, у сваю чаргу, у другой ручцы сціскае скручаную паперу. Твары абедзвюх фігур, шчокі, якія датыкаюцца адна да адной, характарызуюцца далікатнасцю рысаў. Іх галовы ўпрыгожаны каралеўскімі каронамі. Паводле адмыслоўцаў, такі спосаб выяўлення, вядомы ў мастацтве ўсходняга хрысціянства, называецца Элеуса інакш Уміленне.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

11 верасня 1999 года адбылася цырымонія каранацыі цудадзейнай іконы. Кароны падчас паломніцтва ў горад Замосць 12 чэрвеня 1999 года асвяціў сам Папа рымскі Ян Павел ІІ. У 2007 годзе адмыслова для навастворанага санктуарыя, святыня была пашыраная.

Рэстаўраваная царква ў вёсцы Лапенка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Рэстаўраваная царква ў вёсцы Лапенка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Памятаючы пра гісторыю цудадзейнай іконы, варта пры нагодзе наведаць таксама былую вёску Лапенка. Вёска была заснаваная ў сярэдзіне XVI стагоддзя, а на сённяшні дзень ад вясковых збудаванняў засталіся толькі нешматлікія падмуркі. Нагадваем, ейныя жыхары былі пераселены ў Савецкі Саюз у 1946-47 гадах, а тыя, хто застаўся – былі прымушаны пакінуць родныя старонкі ў рамках карніцкай аперацыі па адсяленні украінскага, праваслаўнага насельніцтва Бяшчадаў «Вісла». Вёска хутка прыйшла ў заняпад, такі ж лёс чакаў і мясцовую царкву – пасля былога вядомага цэнтра культа Марыі, засталіся толькі сцены. Падобны лёс, хутчэй за ўсё, чакаў бы і цудадзейную ікону Маці Божай, калі б яна не была своечасова перанесеная ў Паляньчык.

На сваім месцы на тэрыторыі былой вёскі засталася царква, рэканструяваная супольнымі высілкамі аматараў рэгіянальнай культуры. Цяпер храм з’яўляецца абавязковай кропкай на турыстычнай мапе Бяшчадаў. Тут штогод адбываюцца экуменічныя набажэнствы, а сам будынак храма з кожным годам вяртаецца да першапачатковага выгляду.

Старая ліпа ля царквы ў вёсцы Лапенка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Старая ліпа ля царквы ў вёсцы Лапенка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

З Лапенскай Маці Божай звязаная не адна легенда. Паводле адной з іх, выява Маці Божай з'явілася на старой ліпе ў вёсцы. Ікону хацелі перавезці ў святыню ў суседняй вёсцы Тэрка, але валы, якія цягнулі воз з карцінай, спыніліся па дарозе, упалі на калені і не хацелі ісці далей.

Ікона вярнулася ў Лапенку, дзе адмыслова для яе была пабудаваная царква Маці Божай Лапеньскай. Неўзабаве, дзякуючы цудадзейнай іконе, пачалі адбывацца розныя цуды.

Вобраз Маці Божай Лапенскай стаў мэтай паломніцтваў. Царкоўку наведвалі паломнікі як лацінскіх, так і ўніяцкіх абрадаў з далёкіх раёнаў Польшчы, Венгрыі і Славакіі.

Копія іконы ў царкве ў Лапенцы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Копія іконы ў царкве ў Лапенцы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Апрача іконы з Лапенкі ў касцёл у Паляньчыку былі прывезеныя таксама іншыя элементы гістарычнага ўбранства царквы, напрыклад, распяцце з XVIII стагоддзя.

Побач з санктуарыем у Паляньчыку знаходзіцца званіца. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Побач з санктуарыем у Паляньчыку знаходзіцца званіца. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач з санктуарыем у Паляньчыку знаходзіцца званіца 1863 года, якая мае характэрны кшталт аркады, а таксама былыя прыцаркоўныя могілкі, з якіх па сённяшні дзень захаваліся толькі два надмагіллі.

Крыжовы шлях. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Крыжовы шлях. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Вакол царквы ў 1970-х гадах быў пабудаваны Крыжовы шлях. Адсюль можна спусціцца да цудадзейнай крыніцы.

Цудадзейная крыніца. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Цудадзейная крыніца. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У цяперашні час Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові прыцягвае мясцовых каталікоў, а таксама шматлікіх турыстаў і пацыентаў курортных цэнтраў, якія ахвотна наведваюць гарадок.

Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Санктуарый Маці Божай Прыгожай Любові ў Паляньчыку. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Анна Задрожна


Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу