Беларуская Служба

Журналісты патрабуюць больш эфектыўна бараніць свабоду слова ў інтэрнэце

02.02.2021 11:46
У петыцыі аўтары патрабуюць, каб інтэрнэт-платформы не маглі самастойна блакаваць змест, які не парушае польскіх законаў.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Pixelkult/CC0 creative commons

Звыш сарака прадстаўнікоў свету навукі і сродкаў масавай інфармацыі падпісалі петыцыю да вышэйшых уладаў Польшчы з патрабаваннем увесці прававыя нормы, якія баранілі б свабоду слова ў інтэрнэце. Адпаведны дакумент з подпісамі аўтараў быў пададзены ў Канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага.

У петыцыі аўтары патрабуюць, каб інтэрнэт-платформы не маглі самастойна блакаваць змест, які не парушае польскіх законаў, а таксама стварыць юрыдычны орган, да якога можна было б звярнуцца з абскарджаннем рашэння аб блакадзе зместу ў сеціве.

Дырэктар Цэнтру маніторынгу свабоды СМІ, намеснік старшыні Асацыяцыі польскіх журналістаў Яланта Гайдаш (Jolanta Hajdasz) кажа пра неабходнасць увядзення адпаведных прававых нормаў.

- Адсутнічае працэдура, якая была б зразумелая і празрыстая для нас, карыстальнікаў сеціва. Кожны аўтар заблакаванага кантэнту хацеў бы ведаць, што здарылася, якая была прычына блакады і якім чынам можна яго адблакаваць. На дадзены момант нормы вельмі няясныя. Я магу прывесці прыклад блакады акаўнтаў у сацыяльных сетках Дональда Трампа, які на той час быў яшчэ дзейсным прэзідэнтам ЗША. У выніку гэтай гісторыі мы зразумелі, што кожны з нас можа сустрэцца з падобным стаўленнем.

Нагадаем, акаўнт Дональда Трампа у сацсетках, між іншым Twitter, быў заблакаваны пасля падзеяў у Капітоліі, куды ўварваліся яго прыхільнікі. Рашэнне відэахостынга патлумачылі тым, што Трамп заклікае да насілля. Аўтары петыцыі аб абароне свабоды слова ў сацсетках называюць гэтую з’яву «cancel cultur», што можна перакласці як «культурная ссылка». Вялікія карпарацыі вырашаюць, хто будзе папулярным, а каго можна адправіць у такую «грамадскую ссылку», каб пра яго людзі хутка забылі. Канешне, у выказваннях Дональда Трампа былі прыкметы заклікаў да радыкальных дзеянняў, але падчас пратэстаў у абарону чарнаскурых, якія пракаціліся па Злучаных Штатах Амерыкі, а таксама іншых краінах свету, таксама было шмат заклікаў да насілля, а тады журналіст CNN казаў, што гэта нармальна, рэвалюцыя параджае гвалт, і тады ніхто яго не цэнзураваў.

У суседскіх з Польшчай краінах ёсць адпаведныя законы, якія гарантуюць свабоду слова ў сеціве. У Польшчы такога закону няма. Па словах Яланты Гайдаш, на працягу апошніх трох гадоў шмат разоў назіралася парушэнне канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду слова ў інтэрнэце, па невядомых прычынах уводзілася блакада акаўнтаў.

- Быў заблакаваны фільм «Гарцары», зняты з нагоды гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання. Былі таксама іншыя выпадкі, нам прыходзілася звяртацца ў адпаведныя інстанцыі. Была таксама блакада пропаведзі арцыбіскупа, мітрапаліта Кракава, акаўнт быў заблакаваны па зусім невядомых прычынах. Гаворка ідзе пра акаўнт сродка масавай інфармацыі, які змясціў у сеціве дадзеную пропаведзь у поўным выглядзе. Такі змест, які прагучаў публічна, і пры гэтым не парушае польскага заканадаўства, павінен мець магчымасць быць размешчаным у інтэрнэце.

Аўтары петыцыі адзначаюць, што яны атрымліваюць шмат паведамленняў пра блакаду кантэнту ў інтэрнэце. Часта гэта датычыць зместу, які прасоўвае хрысціянскія або кансерватыўныя, традыцыйныя каштоўнасці, як, скажам, важная роля сям’і ў грамадстве. Напрыклад, віцэ-міністр юстыцыі Сэбасціян Калета казаў у інтэрв’ю выданню Dziennik Gazeta Prawna, што ён не чуў, каб відэахостынг заблакаваў нейкі сайт, які прасоўвае інфармацыю пра тое, што ў чалавека можа быць некалькі дзясяткаў полаў, а не два.

Старшыня Асацыяцыі польскіх журналістаў Кшыштаф Скаўроньскі (Krzysztof Skowroński) у якасці прыкладу неабгрунтаванай цэнзуры з боку карпарацый сусветных СМІ прыводзіць факт заблакавання гістарычнай кінастужкі Інстытуту нацыянальнай памяці пра нямецкі канцлагер для дзяцей, які існаваў у часы вайны ў Лодзі.

- Гэты фільм быў зняты з сэрвісу YouTube. Праўда, яго вярнулі ў відэахостынг, але толькі тады, калі разгарэўся скандал, з супрацівам выступілі шматлікія асобы, у тым ліку прадстаўнікі СМІ. Гэта паказвае, якім чынам дзейнічаюць вялікія карпарацыі, у якіх ёсць адпаведныя алгарытмы. Гэты алгарытм небяспечны, ён змагаецца не з фэйк ньюсамі, а змагаецца з праўдзівымі аповедамі пра свет і гісторыю.

Петыцыю ў абарону свабоды слова ў інтэрнэце падпісалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку вядомыя журналісты, між іншым кіраўніцтва Асацыяцыі польскіх журналістаў і віцэ-старшыня Інстытуту Ordo Iuris Тыматэўш Зых. Аўтары дакументу спасылаюцца на адпаведныя прававыя нормы, якія існуюць у Францыі і Германіі.

нг