Беларуская Служба

Упершыню больш беларусаў хацела б працаваць у Польшчы, чым у Расіі (абноўлена)

09.02.2021 18:05
Да Польшчы і палякаў абсалютная большасць беларусаў ставіцца пазітыўна.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneArthimedes/Shutterstock

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе практычна забаронена публікаваць сацыялагічныя даследаванні, датычныя палітычнай тэматыкі. У рэзультаце няшмат вядома пра стаўленне беларусаў да іншых народаў і дзяржаў, а таксама пра іх палітычныя сімпатыі. 

У выніку дэфіцыту сацыялагічных даследаванняў варта прысвяціць увагу кожнаму апытанню, якое ўдаецца правесці ў Беларусі. Польскі Цэнтр усходніх даследаванняў вырашыў праверыць, як беларусы ставяцца, між іншым, да Польшчы і палякаў, да сваіх іншых суседзяў, а таксама да ўладаў. Пад канец мінулага года на яго замову было праведзена тэлефоннае апытанне тысячы жыхароў Беларусі. Пра мэты даследавання мы спыталі эксперта па Беларусі Каміля Клысіньскага (Kamil Kłysiński).

- Мы – польскі аналітычны цэнтр. Таму цікавіла нас перад усім стаўленне беларусаў да Польшчы і да палякаў, да польскай усходняй палітыкі. Гэтая тэматыка была прадстаўлена даволі шырока. Акрамя таго, у нашай працы, а таксама для нашых чытачоў вельмі істотна не толькі тое, што беларусы думаюць пра Польшчу, але таксама пра іншыя дзяржавы, пра сваіх суседзяў. Вельмі важны ў выпадку Беларусі таксама расійскі фактар, паколькі Расія – гэта самая ўплывовая суседка Беларусі. Мы хацелі даведацца, як цяпер беларусы ставяцца да Расіі. Цікавіла нас таксама стаўленне беларусаў да такіх пытанняў, як эміграцыя, праца за мяжою, ці яны намераны выехаць, а калі так, то куды. Ну і, канешне ж, немагчыма не спытаць жыхароў Беларусі пра стаўленне да сваіх уладаў.

Усе мы памятаем, што перад выбарамі 9 жніўня ў Беларусі папулярным быў жарт пра «Сашу 3%», нават сам Лукашэнка абураўся, маўляў, ці сапраўды вы лічыце, што мяне падтрымліваюць толькі тры адсоткі. З вашага даследавання вынікае, што рэйтынг Лукашэнкі значна вышэйшы, чым тры працэнты, але далёка яму да ўсенароднай любові, якой беларускі кіраўнік цешыўся на пачатку свайго кіравання дзяржавай. Цяпер пазітыўна ацэньваюць Лукашэнку 27% беларусаў, а «хутчэй пазітыўна» каля 13%. Агулам гэта дае 40,8%. У сваю чаргу негатыўна або хутчэй негатыўна ацэньваюць яго 45,7% жыхароў Беларусі. Трэба адзначыць, што пазітыўнае стаўленне не азначае пазітыўную ацэнку палітыкі ўладаў. Але ці агулам гэтыя вынікі адлюстроўваюць стан рэчаў? Можа, людзі настолькі запужаныя, што па тэлефоне баяцца казаць сваё сапраўднае меркаванне?

- Мы разумеем, што пры тэлефоннай апытанцы частка беларусаў можа адказваць не зусім шчыра. А іншага апытання, чым па тэлефоне, пакуль што ў Беларусі нельга правесці. Калі, на маю думку, адказы на пытанне пра адносіны да палякаў былі хутчэй шчырымі, то стаўленне да Лукашэнкі можа крыху адрознівацца ад дэклараванага. Тым ня менш, нашы вынікі больш-менш падобныя на вынікі іншых тэлефонных апытанняў, якія былі праведзеныя. У прыватнасці, летась Chatham House праводзіў тэлефоннае апытанне, і яго вынікі былі падобныя да нашых.

Падчас анкетавання гучалі таксама пытанні пра адносіны да Польшчы і палякаў. Можна было б спадзявацца, што шмат беларусаў негатыўна ставяцца да палякаў, паколькі беларуская афіцыйная прапаганда робіць шмат, каб папсаваць імідж Польшчы ў вачах жыхароў Беларусі. Тым не менш, абсалютная большасць беларусаў, тры чацвёртыя, пазітыўна ўспрымае Польшчу ды яе жыхароў.

- Да Польшчы і палякаў добра або хутчэй добра ставіцца бальшыня беларусаў. Агулам, адна з высноваў, якую мы зрабілі з апытання, гэта тое, што беларусы даволі ўстойлівыя на дзяржаўную прапаганду. Пачынаючы з дня выбараў, 9 жніўня, прапагандысты вельмі стараюцца ачарніць Польшчу ў вачах беларусаў. Дарэчы, не толькі Польшчу, таксама Літву ці ЗША. Польшчу, Літву вінавацяць у тым, што яны быццам бы распальваюць рэвалюцыю ў Беларусі, а Польшча хоча адабраць Гарадзеншчыну. Фантазія прапагандыстаў вельмі багатая, хаця даволі схематычная. Яна дзейнічае паводле савецкіх узораў. Аднак беларусы падыходзяць да яе са здаровым скепсісам. Частка агулам не глядзіць тэлебачання, а частка адносіцца да зместу скептычна. Да палякаў і Польшчы, а таксама да Карты паляка беларусы ставяцца станоўча.

Што цікава, беларусы не толькі пазітыўна ацэньваюць Польшчу і палякаў. Многія з іх хацелі б выехаць працаваць у Польшчу. Упершыню больш беларусаў хацела б працаваць у Польшчы (41%), чым у Расіі (30%). Раней важнейшым кірункам эканамічнай эміграцыі была Расія, а цяпер гэта змянілася, – кажа Каміль Клысіньскі.

- Польшча стала вельмі важным напрамкам эканамічнай эміграцыі, асабліва з тых часоў, калі ў Расіі пачаўся эканамічны крызіс. Польшча – блізкая ў культурным плане краіна, з падобнай мовай, але тут ужо еўрапейскія стандарты працы і, зразумела, узровень заработнай платы на столькі высокі, што можна частку грошай адкладваць і перадаваць сваякам, якія засталіся ў Беларусі.

А як беларусы ставяцца да Расіі?

- Калі гаворка ідзе пра Расію, пра расіян, гэта вельмі цікавы элемент апытання. Амаль 90% беларусаў пазітыўна ставіцца да расіян, таксама большасць станоўча ацэньвае расійскую дзяржаву, але паяўляецца боязь, што Расія пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Так мяркуе звыш 40% беларусаў. Бачна, што для іх гэта праблема, яны разрываюцца паміж сваёй сімпатыяй да Расіі, а нельга забываць, што беларусы размаўляюць па-расійску, і тым, што бачаць цяпер, што адбываецца ва Украіне. Беларусы разумеюць, што Лукашэнку падтрымлівае адзін саюзнік – Расія, якая выклікае боязь сваімі агрэсіўнымі крокамі. У даследаванні было таксама адкрытае пытанне пра асацыяцыі з дадзенай краінай. З Расіяй у беларусаў найбольш негатыўных асацыяцый – гарэлка, агрэсія, карупцыя. Так што з аднаго боку беларусы з сімпатыяй ставяцца да расіян, а з іншага боку адчуваюць боязь перад сваім вялікім і агрэсіўным суседам.

Апытанне было праведзена пад канец мінулага году, яшчэ перад тым, як у Расіі пачаліся пратэсты супраць зняволення Аляксея Навальнага. Цяпер мы бачым, што расійская дзяржава карыстаецца досведам беларускіх уладаў у падаўленні пратэстаў. Ці гэта можа яшчэ больш пагоршыць стаўленне беларусаў да Расіі?

- Так. Такая верагоднасць існуе, але шмат будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў Расіі. Пакуль што маштаб тэрору далёкі ад беларускага. Я думаю, што многія беларусы чулі пра супрацоўніка расійскай паліцыі, які ўдарыў жанчыну, а пазней прыйшоў да яе ў шпіталь з кветкамі, каб папрасіць прабачэння. У Беларусі такое не магло здарыцца. Так што беларусы бачаць, што расійскія ўлады не дасягнулі такога ўзроўню садызму і жорсткасці, на які рашыўся Лукашэнка. Выснова, якую могуць зрабіць беларусы з падзеяў як у сваёй краіне, так і ў Расіі, такая, што абодва рэжымы страцілі ўжо сувязь з грамадствам, прыйшоў час на змены, не толькі ў Беларусі, але таксама ў Расіі.

Беларускае грамадства па традыцыі лічыцца даволі моцна яшчэ савецкім, але апытанне прыносіць сюрпрыз для многіх даследчыкаў. Упершыню больш людзей сказала, што для іх больш важная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (40%), чым гісторыя Савецкага Саюзу (28%). Ці гэта адлюстроўвае настроі ва ўсім грамадстве?

- Вынікі нас здзівілі. Узнікае пытанне, ці ў анкетаванні згадзіліся прыняць удзел жыхары правінцыі, дзе савецкая традыцыя трымаецца мацней, ці яны часцей адмаўляліся адказваць. Нават калі прыняць, што сярод апытаных было больш жыхароў гарадоў, чым вёсак, то гэта і так важная змена, звязаная перш за ўсё з адыходам старэйшых пакаленняў. Для маладых людзей Савецкі Саюз – гэта ўжо гісторыя. У сваю чаргу апошнімі гадамі назіраецца мода на ВКЛ, бел-чырвона-белую сімволіку, усе ведаюць краму Symbal.by. Моладзі гэта падабаецца. Акрамя таго, да 9 жніўня назіралася мяккая беларусізацыя, якую прасоўвала і прапаганда. Беларусы, да таго ж, баяцца Расіі. А Расія з’яўляецца пераемнікам СССР.

Ваша апытанне пацвярджае, што пратэсты, якія пачаліся ў Беларусі больш чым паўгода таму, не былі выпадковымі, атмасфера ў краіне мянялася паступова, наспяваў грунт для пратэстаў. Ці для вас яны былі нечаканымі, ці не?

- Нас не здзівіў сам факт пратэстаў, мы іх прадбачвалі ў сваіх аналізаў яшчэ перад выбарамі. Аднак для нас, таксама, як і большасці экспертаў, нечаканым стаў іх маштаб. Цягам некалькіх месяцаў рэгулярна, кожную нядзелю, на вуліцу выходзіла па 100 тыс. людзей. Гэта новая з’ява, якая паказвае, што немагчыма ўжо адбудаваць давер паміж уладамі і грамадствам. Гэта новы, шматвектарны працэс, які знаходзіць адлюстраванне ў шматлікіх пытаннях у нашым даследаванні.

Госцем перадачы быў эксперт па Беларусі з польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў, які правёў сацыялагічнае апытанне на тэму адносінаў беларусаў да сваіх уладаў, краін-суседак і гісторыі.

нг