Беларуская Служба

З 1991 году вага пластыкавых упаковак зменшылася ў сярэднім на 25%

12.02.2021 10:54
Звычайна, гаворачы пра пластык, пераважаюць негатыўныя аспекты і крытыка гэтай сыравіны.
Аўдыё
  • З 1991 году вага пластыкавых упаковак зменшылася ў сярэднім на 25%
Пластыкpasja1000/pixabay.com/CC0

У сённяшняй экалагічнай рубрыцы гаворка пойдзе пра пазітыўны бок пластыку, а таксама пра прыклады біяраскладальнай сыравіны. 

Пра пластык мы сёння будзем размаўляць з Аннай Урбаньскай, каардынатаркай праграмы «niePETuj». Гэта адукацыйная праграма, мэта якой адукаваць грамадства пра сартаванне смецця, патрэбу перапрацоўкі пластыкавых адходаў, таксама даваць прыклады для ажыццяўлення іх у штодзённым жыцці.

-Наша кампанія скіраваная да цэлага грамадства. Мы хочам усіх пераконваць у тым, каб мы разам рабілі больш, калі гаворка ідзе пра сартаванне смецця. Каб пластыкавыя ўпакоўкі, але таксама ўсе іншыя траплялі не ў навакольнае асяроддзе, а былі адпаведна пасартаваныя. Каб дзякуючы гэтаму запэўніць шклу, паперы, металу адпаведную перапрацоўку, даць прадметам другое жыццё.

Анна Урбаньска кажа, што часта пераважае меркаванне, што гэта ў асноўным праблема фірм. Экспертка кажа, што як раз галіна ў гэтым напрамку робіць дастаткова шмат:

-Можа рэдка такая інфармацыя даходзіць да грамадства, але варта заўважыць, што з 1991 году вага пластыкавых упаковак зменшылася ў сярэднім на 25%. Акрамя таго, большасць фірм для вытворчасці пластыкавых упаковак ужывае значную колькасць другаснай сыравіны. Роля спажыўца ў тым, каб ідучы ў краму праверыць, колькі ў такой упакоўцы ўтрымліваецца перапрацаванага пластыку. Усё большая колькасць вытворцаў такую інфармацыю змяшчае на этыкетках. Таксама мы заўсёды будзем заклікаць выкарыстоўваць зваротную тару, а такіх магчымасцяў усё больш.

У апісанні кампаніі тлумачыцца, што «памылковая інфармацыя пра пластык распаўсюджваецца гадамі. А праўда заключаецца ў тым, што ён быў вынайдзены, каб абараняць прыродныя рэсурсы і быць альтэрнатывай для іншых рэчываў. Палякі жывуць у бурбалцы мітаў пра пластык».

-Напрыклад, вельмі часта пластык атаесамляюць з вялікімі выкідамі вуглякіслага газу. У сваю чаргу я раскажу пра даследаванні LCA. Гэта даследаванне ўплыву нейкай канкрэтнай сыравіны, у гэтым выпадку ўпаковак, ад моманту яе вытворчасці, праз напаўненне ўпакоўкі вытворцам прадукту, пасля распаўсюд, а на канцы спажывец, сартаванне і ўтылізацыя. Гэтыя даследаванні паказваюць, што пластыкавыя ўпакоўкі ў многіх сегментах на сённяшні дзень з’яўляюцца самай лепшай альтэрнатывай. Іх вынікі значна лепшыя, калі казаць пра выкіды цяплічных газаў, выкарыстанне вады, энергіі, лёду, летняга смогу, чым аднаразовая шкляная бутэлька, якая вельмі часта лічыцца значна больш экалагічнай упакоўкай.

Анна Урбаньска пераконвае, што калі б цяпер замяніць усе пластыкавыя бутэлькі на шкляныя, то значна вырасла б вага адходаў, напэўна былі б большыя выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, на дарогах было б больш транспарту. Праблема была б меншай, калі б усе шкляныя бутэлькі былі зваротнымі, а ў практыцы яны ўсё ж аднаразовыя.

Іншы аспект – гэта біяраскладальнасць. Ад вытворцаў упаковак чакаецца, што яны будуць выпускаць упакоўкі з біяраскладальных прадуктаў, якія будуць раскладацца не 400 гадоў, як пластык, а значна хутчэй. І тут Анна Урбаньска таксама кажа, што гэта не чорна-белая справа.

-Трэба памятаць, што біяраскладальная сыравіна павінна паходзіць з сельскагаспадарчых адходаў. Вытворчасць такіх прадуктаў не можа канкураваць з вытворчасцю прадуктаў харчавання. Калі гэта будзе сыравіна са збожжа, то яна павінна быць не з зерня, з якога робяць хлеб, а, напрыклад, з рэштак каласкоў. Другая справа – біяраскладальнасць такіх упаковак вымагае адпаведных умоваў. Часамі трэба запэўніць адпаведную вільготнасць, тэмпературу, каб яны сапраўды былі біяраскладальнымі. І трэцяе – хутчэй за ўсё, ад нас гэта будзе вымагаць чарговага струменя адходаў. Такія ўпакоўкі павінны трапляць у асобны спецыяльны кош, іншы, чым пластык ці метал.

Наша суразмоўца дадае, што галіна адсочвае сітуацыю і вядуцца розныя эксперыменты. Такім праектам з’яўляюцца капсулы для кавы, якія зробленыя з шалупіння сланечніка. Такія капсулы можна выкідваць у хатні кампост.

Усё ж пакуль жыццё без пластыку цяжка ўявіць, таму вельмі важным з’яўляецца кругавая эканоміка. Трэба падыходзіць да кожнай пластыкавай упакоўкі як да каштоўнай сыравіны – кажа Анна Урбаньска. У Польшчы вытворцы неўзабаве атрымаюць дадатковыя абавязкі.

-Вытворцы, якія ўводзяць на рынак свае прадукты ва ўпакоўках, будуць вымушаныя пакрыць расходы кругавой эканомікі. Дадаткова перад намі – увядзенне дэпазіту. Калі мы купім у краме нейкую газіроўку ў пластыкавай бутэльцы, то заплацім дадатковую суму, гэтак званы дэпазіт, а потым вяртаючы такую бутэльку, нам вернуць грошы. Мы спадзяемся, што такая сістэма дазволіць павялічыць узровень сартавання смецця. Прыклад скандынаўскіх краін, дзе такая сістэма працуе: узровень сартавання пластыку знаходзіцца на 90%. У Літве ўвядзенне дэпазіту дазволіла падняць сартаванне пластыка да 90%. Дадатковая вартасць упаковак прычыняецца да больш эфектыўнага сартавання.

Біяраскладальныя матэрыялы – гэта надзея для навакольнага асяроддзя. Аднак, для гэтага неабходна правільна іх выкарыстоўваць. Паводле даследавання нямецкага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя, сыравіна, хоць і паддаецца біялагічнаму раскладанню, часта не трапляе ў належныя сістэмы кампаставання, таму яны вывозяцца на сметнікі ў месцы, дзе няма належных умоў для іх раскладання.

У той жа час трэба звярнуць увагу на тое, што ў Еўропе не існуе ні сеткі збору гэтых матэрыялаў, ні належнага іх падзелу, што вельмі ўскладняе спажыўцам адрозненне паміж звычайным і біяраскладальным пластыкам.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце