Беларуская Служба

Польскаму радыё для замежжа споўнілася 85 гадоў

01.03.2021 17:08
Ветэран замежнага вяшчання, рэдактар Ангельскай службы Славамір Шэўс, які прыйшоў на Польскае радыё напрыканцы 1980 года, прыгадвае пачаткі нашага вяшчання.
Аўдыё
  • У 85-годдзе Польскага радыё для замежжа разам рэдактарам Ангельскай службы Славамірам Шэўсам мы прыгадвалі доўгую гісторыю нашага каналу.
   85-
Юбілейны плакат да 85-годдзя Польскага радыё для замежжа Крыніца: Польскае радыё

Польскае радыё для замежжа 1 сакавіка адсвяткавала сваё 85-годдзе. На юбілей мы не маглі не прыгадаць нашай гісторыі, у якой было ўсё. Ад начнога вяшчання на доўгіх хвалях да сучасных лічбавых падкастаў, ад санацыйнай Польшчы да дэмакратычнай, сучаснай дзяржавы ХХІ стагоддзя. Канал замежнага вяшчання Польскага радыё перажываў розныя перыяды, слаўныя і смутныя старонкі гісторыі.

Ветэран замежнага вяшчання, рэдактар Ангельскай службы Славамір Шэўс, які прыйшоў на Польскае радыё напрыканцы 1980 года, прыгадвае далёкія пачаткі нашага вяшчання:

-Афіцыйным нараджэннем радыёвяшчання ў Польшчы лічыцца пачатак працы Польскага радыё, якое тады яшчэ так не называлася і гэта быў 1926 год. У выпадку замежнага вяшчання, якое перадусім прысвячалася палякам замежжа, першы эфір адбыўся 1 сакавіка 1936 года. Праграма перадавалася на доўгіх хвалях, якія ў той час былі галоўным спектрам вяшчання радыё. Гэта былі начныя праграмы з Познані і Катавіцаў, якія выходзілі па-французску і па-нямецку. Яны былі гвалтоўна перарваныя пачаткам Другой сусветнай вайны. Дыктары замежнага каналу Польскага радыё бралі актыўны ўдзел у структурах падпольнай Польскай дзяржавы, а таксама ваявалі супраць нацызму на розных франтах Другой сусветнай вайны. Новым зачаткам замежнага вяшчання Польскага радыё сталі перадачы Radio Pokój («Радыё Мір») і гэта адбылося фактычна ў апошнія дні вайны. Паступова замежная вяшчанне развівалася, яно стала важнай часткай Польскага радыё, бо ў выніку вайны вялікая колькасць палякаў апынулася ў розных краінах, на розных кантынентах.

Паступова, разам са стаўленнем камуністычнага рэжыму ў Польшчы, прыярытэты замежнага вяшчання Польскага радыё змяняліся. Усхваленне сацыялістычнага ладу стала неад’емнай часткай працы канала замежнага вяшчання, але ў параўнанні з унутраным вяшчаннем, прапаганда ніколі не дасягала такіх памераў, працягвае Славамір Шэўс:

-Замежных рэдакцыяў станавілася ўсё больш. У часе так званага росквіту іх налічвалася аж 17, але там не было 17 моваў. Напрыклад, існавала тры англамоўныя рэдакцыі: еўрапейская, амерыканская і афрыканская. Таксама было дзве французскія рэдакцыі: еўрапейская і афрыканская. Адначасова вяшчанне адбывалася і на «экзатычных» мовах – арабскай і габрэйскай. Доўгі час працавала рэдакцыя, якая рыхтавала вяшчанне на мове эсперанта. Вяшчанне на гэтай штучнай мове цешылася вялікім попытам слухачоў. Пасля вайны мова эсперанта перажывала бум папулярнасці. Тут не малое значэнне мела, што стваральнік эсперанта Людвік Замэнгоф нарадзіўся ў Польшчы.

У тыя часы радыё было прыладай прапаганды, у тым ліку канал замежнага вяшчання. Польскае радыё выконвала акрэсленыя заданні, вызначаныя камуністычнымі ўладамі. Аднак трэба разумець, што ў камуністычную эпоху замежнае вяшчанне было на асобым статусе. Не хачу, каб гэта выглядала як фальшывая сціпласць, але з рацыі таго, што мы вяшчалі ў тым ліку на заходнія, капіталістычныя, краіны, на замежным вяшчанні была лёгкая форма прапаганды. Тут ніколі не было такога цемрашальства, як у СМІ, арыентаваных на ўнутранага спажыўца. Гэта тлумачылася проста, чыноўнікі ад радыёвяшчання разумелі, каму прадстаўляецца інфармацыя. На замежных, асабліва заходніх кірунках, трэба было працаваць далікатна, вытанчана. Нахабная і агрэсіўная прапаганда спараджалі бы там толькі недавер. У гэтым сэнсе праграмы Польскае радыё для замежжа значна адрознівалася ад вяшчання Польскага радыё.

Польскае радыё для замежжа цягам свайго 85-гадовага існавання разам з краінай перажывала розныя перыяды гісторыі. Пачынаючы з канца 1980-ых гадоў краіна і наша радыё прайшлі сістэмную трансфармацыю. Славамір Шэўс прыгадвае, што ў 1989 годзе журналісты і як большасць палякаў уздыхнулі з палёгкай:

-Пасля падзення камуністычнага рэжыму прыйшлі зусім іншыя часы. Пасля 1989-90 года місія і асноўныя заданні Польскага радыё для замежжа змяніліся. Наш вяшчанне пераарыентавалася на іншыя абшары і на іншы змест. 30 гадоў таму асноўнай нашай мэтай было інфармаванне не толькі пра падзеі ў Польшчы, але пра падзеі сусветнай вагі, інфармаванне тых грамадстваў, дзе яшчэ не было свабоднага доступу да інфармацыі, маю на ўвазе ўсходніх суседзяў Польшчы. Гэта змянілася, такі стан рэчаў змяняецца ўвесь час. Нам дапамагаюць тэхналогіі. Калісьці было вельмі лёгка «глушыць» сігнал на сярэдніх хвалях, а цяпер пры спадарожнікавым сігнале, пры агульнай даступнасці інтэрнэту недэмакратычным рэжымам цяжка абараніцца ад непажаданай для іх інфармацыі.

У 85-годдзе Польскага радыё для замежжа разам рэдактарам Ангельскай службы Славамірам Шэўсам мы прыгадвалі доўгую гісторыю нашага каналу. Спадзяюся, што 85-гадоў у эфіры – гэта толькі пачатак!

Размову запісаў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё! 

Польскае радыё для замежжа рыхтуецца да свайго 85-годдзя

27.02.2021 14:11
Польскае радыё для замежжа вяшчае 85 гадоў, за выключэннем перапынку, выкліканага пачаткам Другой сусветнай вайны.