Беларуская Служба

Польскія шпіталі далучаюцца да праграмы «Будзь каля мяне»

02.03.2021 17:55
Яны атрымліваюць бясплатна тэлефоны, пры дапамозе якіх пацыенты могуць кантактаваць з блізкімі.
Аўдыё
  • Праграма падтрымкі хворых у Польшчы
Ілюстрацыйны здымакфота: PAP/EPA/GEORGI LICOVSKI

Пацыенты, якія трапілі ў шпіталь з дыягназам «каранавірусная інфекцыя», пакутуюць не толькі ад гэтага выключна падступнага захворвання, але таксама ад адсутнасці магчымасці размаўляць з блізкімі людзьмі, а нават развітацца з імі. У Польшчы пачалася праграма, якая павінна гэта часткова змяніць.

Амаль роўна год таму, 4 сакавіка, у Польшчы быў зафіксаваны першы выпадак хваробы, названай COVID-19. Пацыент вярнуўся з Германіі, а заразіўся, верагодней за ўсё, падчас прабывання ў суседняй краіне або па дарозе да дому, у транспартным сродку. Гэты мужчына, «нулявы пацыент», на шчасце выздаравеў, але дзясяткам тысяч людзей, якія захварэлі ў Польшчы пасля яго, на жаль, пашанцавала менш, і яны закончылі сваё жыццё. Пераважна ў адзіноце, на шпітальным ложку, у акружэнні чужых людзей у «касмічных» супрацьчумных скафандрах.

Некаторыя не вераць у эпідэмію, але лекары, якія займаюцца пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй ды самі хворыя кажуць, што гэта вельмі падступная хвароба. У адных яна не дае амаль ніякіх сімптомаў, а ў іншых выклікае цяжкае запаленне лёгкіх, хворыя задыхаюцца, не могуць набраць паветра. Ім не хапае кіслароду, агонія падобная на ўтапленне, калі чалавек ідзе пад ваду, тоне.

Лекары ўсё лепш пазнаюць гэтую хваробу. Нягледзячы на тое, што няма эфектыўнага лякарства ад COVID-19, дактары ўжо даволі добра спраўляюцца з апекай над пацыентамі. Аднак вельмі важна не толькі фізічная форма хворага, але таксама яго псіхічны стан. А яго значна паляпшае кантакт з блізкімі людзьмі. На жаль, такі кантакт можа адбывацца толькі пры дапамозе тэхнікі, не наўпрост. Але нават звычайны сотавы тэлефон можа прынесці значную палёгку. Дзеля гэтага ў Польшчы пачалася праграма пад назваю «Будзь каля мяне». Звыш сотні медычных устаноў, якія лечаць хворых на COVID-19, атрымалі мабільныя тэлефоны, пры дапамозе якіх пацыенты могуць навязаць кантакт са сваімі блізкімі. Апаратуру набывае і перадае медычным установам Польскае таварыства духоўнай апекі ў медыцыне. Асабліва важны кантакт з хворым у аддзяленнях, дзе лечаць пацыентаў з каранавірусам, – адзначае старшыня таварыства прафесар Малгажата Крайнік (Małgorzata Krajnik).

- Гэта спецыяльны апарат, які атрымлівае медычны персанал. Тэлефон служыць дзеля кантактаў з блізкімі пацыентаў. Лекар або медсястра могуць падысці да хворага, запытаць, ці ён хоча пазваніць сваім сваякам. Мы прапануем персаналу, які займаецца апекай над цяжка хворымі пацыентамі, а нават такімі людзьмі, якія знаходзяцца ў агоніі, каб лекар або медсястра самі выступілі з ініцыятывай кантакту з блізкімі пацыента, каб яны маглі па тэлефоне развітацца, сказаць важныя словы.

У праграму «Будзь каля мяне» увайшлі ўжо 122 бальніцы па ўсёй Польшчы. У ёй удзельнічае, між іншым, шпіталь імя Стэфана Жаромскага ў Кракаве, які атрымаў 5 мабільных прыладаў, пры дапамозе якіх пацыенты могуць захоўваць сувязь са сваімі блізкімі. Гаворыць прэс-сакратар шпіталя Анна Гурска (Anna Górska).

- Мы разумеем самі, а таксама гэта падкрэсліваюць нашы псіхолагі, што гутарка з блізкай асобай – гэта бясцэннае лякарства. Такі бясплатны лек падтрымлівае і ўзмацняе кожную фармакалагічную тэрапію. Таму нашы лекары, медсёстры ведаюць, што гэтыя тэлефоны ёсць у аддзяленні, можна імі скарыстацца. Калі персанал бачыць, што ў пацыента няма пры сабе тэлефоннага апарата, а кантакт з блізкімі магчымы, тады яны прапануюць пацыенту скарыстацца нашым тэлефонам. Або прапануюць сваякам гэтага пацыента, што яны могуць паразмаўляць з хворым.

Магчыма, такія тэлефоны будуць патрэбныя ўсё большай колькасці пацыентаў. У Польшчы рыхтуюцца да трэцяй хвалі каранавіруса, а некаторыя кажуць, што яна ўжо прыйшла. Эксперты перасцерагаюць, што ў піку дадзенай хвалі можа быць ад дваццаці да нават сарака тысяч новых інфекцыяў за суткі (гэта аптымістычная і песімістычная версіі прагнозаў). Улады абмяркоўваюць новыя, больш жорсткія санітарныя меры, або вяртанне да старых. Пакуль што меры кропкавыя. Напрыклад, вучні пачатковых класаў у Варміньска-Мазурскім ваяводстве вярнуліся да дыстанцыйнага навучання. У гэтым ваяводстве зноў закрытыя музеі, кінатэатры, гандлёвыя цэнтры. Мабыць, наступнымі могуць стаць Паморскае, Любускае ды Мазавецкае ваяводствы.

У аўторак урад паведаміў пра амаль 8 тыс. новых захворванняў (7937), памерла 216 чалавек.

 

нг