Беларуская Служба

Clubhouse – трэнд, ці кароткачасовы хайп?

07.03.2021 12:34
Для тых, хто хацеў паразмаўляць сам на сам з Маркам Цукербергам, але ў вас не было грошай на квіткі ў ЗША, або хацелі задаць пытанне Святлане Ціханоўскай, для такіх людзей з’явілася магчымасць зрабіць гэта праз экран вашага тэлефона.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne beccarra/Shutterstock

Некалькі тыдняў таму ўвесь свет стаў захапляцца новай сацсеткай – Clubhouse. Яна стала цікавай сваёй мадэллю развіцця, функцыянавання, а таксама элітарным характарам. Не кожны з нас можа зайсці ў Clubhouse i пачаць рабіць… Ну вось менавіта пытанне, што робіцца ў Clubhouse?

Па чарзе. Прыкладанне было апублікаванае ўпершыню ў красавіку 2020 года. Гэта значыць, што ў інтэрнэтавым разуменні, яно не новае. Аднак сваю папулярнасць Clubhouse здабыў толькі на пачатку 2021 года, калі да яго далучыліся Ілон Маск, Марк Цукерберг, Джарэд Лета і іншыя славутасці са свету тэхналогіі, музыкі, кіно ды палітыкі. Уласныя каналы або размовы заснавалі ў ім і Святлана Ціханоўская, Павел Латушка. Зараз і частка дзеянняў беларускіх арганізацый плануе перанесціся ў Clubhouse.

У прыкладанні мы зможам удзельнічаць у размовах. Гэты камунікатар дазваляе размовы выключна ў форме аўдыё, пры чым не кожны можа выказацца. У сетцы ствараюцца «пакоі», у якіх людзі гутараць на абраныя тэмы. Існуе падзел на спікераў і аўдыторыю. Калі хтосьці з аўдыторыі жадае выказацца, можа «падняць руку» і спікеры або мадэратары вырашаюць, даць слова, ці не. Гэта стала цікавай альтэрнатывай для канферэнцый, якія праходзяць па Zoom, Google Meet або трансліруюцца ў Фэйсбуку. Паколькі ў Clubhouse нельга весці відэаразмоваў – гэта таксама спосаб перадыхнуць паміж працай, якая для шматлікіх людзей перайшла ў анлайн.

Якія надзеі на тое, што Clubhouse будзе надалей папулярным? Тут ёсць розныя меркаванні.

З аднаго боку, прынцып па якім працуе прыкладанне, заўважылі ўжо сацсеткі-гіганты. Фэйсбук ўжо заявіў, што плануе ўвесці падобную функцыю ў адзін са сваіх прадуктаў. Так жа было і са Снапчатам, яго канцэптам натхніліся ўладары Фэйсбука і дадалі іх у Інстаграм, які пачаў адбіваць карыстальнікаў свайму ворагу-натхняльніку

З іншага боку, Clubhouse не з’яўляецца масавым камунікатарам. Каб яго спампаваць, неабходна мець смартфон фірмы Apple ды атрымаць запрашэнне. Колькасць запрашэнняў лімітуецца да двух на карыстальніка, таму пашырэнне аўдыторыі адбываецца вельмі марудна, адначасова ствараючы атмасферу сакрэтнага клуба для джэнтльменаў.

Адмысловец па будаванні стратэгіі фірмаў Павел Ткачык піша на сваім блогу, што калі Clubhouse пройдзе «дзіцячы перыяд развіцця» можа стаць канкурэнцыяй для вядучых сацсетак. Аднак, паводле яго, Clubhouse не павінен паўтараць памылак старэйшых калегаў. У сваю чаргу прадпрымальнік Марцін Осман на сваім відэаблогу кажа пра праблему людзей, якія звязаныя з сацсеткамі. Заключаецца яна на хворым жаданні быць прысутным ва ўсіх сацсетках адначасова:

-Задай сабе пытанне, ці табе гэта трэба? Ці няма іншага спосабу, каб рабіць сваю справу. Варта прыняць такі прынцып: акей, я тут, сяджу, гляджу, назіраю, карыстаюся гэтым рэсурсам, але не пакідаю іншых сацсетак. Напрыклад лёгка трапіць да нейкай зоркі ў Clubhouse, бо там пакуль малы рух. Цяжка скантактавацца з вядомымі людзьмі ў Фэйсбуку, Інстаграме, праз мэйл. Але тут пытанне, што з тымі, хто сочыць за намі ў інстаграме? Перанакіраваць іх у Clubhouse. Людзей з Clubhouse у Інстаграм. І гэтак далей. Гэта не хэйт, я спрабую паказаць механізм дзеяння, каб вы падумалі ці варта паглыбіцца ў яшчэ адзін рэсурс, ці сапраўды табе патрэбны яшчэ адзін падкаст, старонка, размова з вядомымі людзьмі.

 Clubhouse у сваёй кораткай гісторыі паспеў стаць ужо арэнай палітычных скандалаў. Так, вядучы расійскага тэлебачання Уладзімір Салавёў, пры спробе стварыць уласны пакой для кантактавання са сваімі падпісантамі, быў заблакаваны. Аднак цэнзура, ці прэвентыўныя дзеянні ў Clubhouse не так развінутыя як у Твітэры або Фэйсбуку. Стваральнікі не баняць карыстальнікаў па сваёй ініцыятывы, а толькі тады, калі атрымаюць скаргі ад іншых удзельнікаў суполкі.

Clubhouse на некалькі тыдняў адкрыў і свет кітайцам, якім, часцей за ўсё, цяжка прабіцца да агульнадаступных сайтаў з прычыны існавання «вялікай лічбавай сцяны», якая не дазваляе наведваць сотні вядомых сайтаў і прыкладанняў. Clubhouse жа спачатку не лічыўся ўладамі Кітая як пагроза, аднак у нейкі момант факт, што размовы ды пакоі ў прыкладанні знікаюць у той самы момант, калі ўдзельнікі пакінуць яго, спрыяў развіццю шкодных для Кампартыі Кітая тэндэнцый. Кітайцы пачалі размаўляць з жыхарамі Тайваню, уйгурскай меншасцю з правінцыі Сіньцзян і абмяркоўваць нязручныя для прапаганды тэмы. Не дзіўна, што ў пэўны момант «вялікая лічбавая сцяна» засланіла сабой і  Clubhouse.

Пакуль месяц пасля вялікага буму  папулярнасць Clubhouse сціхае, аднак да яго пастаянна далучаюцца новыя карыстальнікі і гэта ў першую чаргу ад іх залежыць, у якім напрамку будзе развівацца прыкладанне. А вы атрымалі ўжо запрашэнне ў сакрэтны пакой?

 Альберт Ежы Вяжбіцкі