Беларуская Служба

13 сакавіка 1881 года быў забіты цар Аляксандр ІІ

13.03.2021 11:12
Цар загінуў ад бомбы, якую кінуў ураджэнец Бабруйшчыны Ігнат Грынявіцкі
Аўдыё
  • 13 сакавіка 1881 года быў забіты цар Аляксандр ІІ
      1881 .
Пакушэнне на Аляксандра ІІ у Пецярбургу 1881 г. Public Domain/ Невядомы аўтар карціны/ https://pl.wikipedia.org/wiki/Zamach_na_Aleksandra_II#/media/Plik:Alexander_II_of_Russia's_murder_02.jpg

Паводле старога стылю, то бок юліянскага каляндара, гэта аднылося 1 сакавіка і так пішуць расійскія крыніцы.

Аляксандр ІІ загінуў у выніку пакушэння, які здзейсніла падпольная арганізацыя «Народная воля». Гэтая арганізацыя ўзнікла ў 1879 годзе і ставіла асноўнай мэтай ажыццяўленне палітычных змен і сацыяльнага перабудавання грамадства. Галоўным метадам барацьбы за дасягненне гэтых мэтаў быў абраны тэрор. Сябры арганізацыі былі ўпэўненыя ў тым, што забіваючы тых, хто трымае ўладу, арганізацыя будзе падрываць палітычную сістэму, што прывядзе аўтаматычна да рэвалюцыі і захопу ўлады.

За перыяд свайго існавання, а гэта каля 10 год, «народавольцы» здзейснілі дзясяткі пакушэнняў і тэрарыстычных актаў.

Толькі на Аляксандра ІІ было здзейснена тры пакушэнні. Агульна, імператара намагаліся забіць 5 разоў.

Напрыклад, польскі эмігрант Антон Беразоўскі спрабаваў застрэліць Аляксандра ІІ у 1867 годзе ў Парыжы.

«Народавольцы» спадзяваліся, што забойства цара выкліча народны ўздым і прывядзе да вызваленчай рэвалюцыі і ў выніку ўсталявання рэспублікі. Сябрам і актыўным удзельнікам арганізацыі «Народная воля» быў і старэйшы брат Леніна Аляксандр Ульянаў, які ў выніку спробы пакушэння на цара Аляксандра ІІІ ў 1887 годзе быў павешаны.

Трэба сказаць, што Аляксандр ІІ быў не кепскай, хаця і супярэчлівай постаццю ў гісторыі Расійскай Імперыі.

З аднаго боку, пры ім па заходніх тэрыторыях імперыі – па Украіне і Беларусі пракацілася хваля русіфікацыі. У 1864 годзе было жорстка падаўлена Паўстанне 1863 году (Паўстанне Кастуся Каліноўскага), па землях Беларусі, Літвы, Польшчы пракацілася хваля жорсткіх рэпрэсіяў. У 1876 годзе быў падпісаны так званы «Эмскі ўказ», які забараняў карыстанне ўкраінскай мовай. 

Разам з гэтым цар Аляксандр ІІ правёў шэраг рэформаў, у 1861 было адменена прыгоннае права, праведзена судовая рэформа, зямельная рэформа і iнш. Падчас вайны з Турцыяй ад асманскага прыгнёту былі вызвалены балканскія народы, пасля чаго Аляксандра ІІ называлі таксама «вызваліцелем».

Аляксандр загадаў таксама рыхтаваць канстытуцыйную рэформу, якая мела змяніць абсалютную манархію ў канстытуцыйную. Абмеркаванне канстытуцыі і палітычнай рэформы было прызначана на 20 сакавіка 1881 году, аднак цар гэтага дня не дачакаў.

Непасрэдным выканаўцам пакушэння на Аляксандра ІІ 13 сакавіка 1881 году стаў паляк-беларус Ігнат Грынявіцкі, які нарадзіўся на Бабруйшчыне ў шляхецкай сям’і.

Ён загінуў падчас тэрарыстычнага акту, узарваўшы сябе разам з царом. Яму было толькі 27 гадоў. У сваім завяшчанні ён напісаў: «Мне не прыйдзецца ўдзельнічаць у апошняй барацьбе. Лёс прысудзіў мне ранейшую гібель і я не ўбачу перамогі, не буду жыць ні аднаго дня ні адной гадзіны ў светлы час, але лічу, што сваёй смерцю зрабіў усё, што павінен быў зрабіць, і большага ад мяне, ніхто на свеце не можа патрабаваць».

Пакушэнне было здзейснена ў Пецярбургу на вуліцы.

Першую бомбу кінулі ў царскі картэж, была знішчана карэта, але Аляксандр ІІ не пацярпеў, ён выйшаў з карэты і паспрабаваў нават дапамагаць параненым. У гэты момант да яго падбег Грынявіцкі і ўзарваў другую бомбу. Грынявіцкі загінуў на месцы, а быў цяжка паранены. Яшчэ жывога яго перавезлі ў палац, але ад вялікай страты крыві ён памёр.

Павел Усаў


Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара