Беларуская Служба

Палякі аказваюць падтрымку свядомай частцы беларускага грамадства ў імкненні да свабоды

30.03.2021 14:25
Шмат такіх жэстаў было 25 сакавіка, калі беларусы святкавалі гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аўдыё
Плакат акцыі "Святло для Беларусі"фота: Нацыянальны цэнтр культуры

Калі беларусы святкавалі гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка, палякі стараліся паказаць, што яны падтрымліваюць імкненне свядомай часткі беларускага грамадства да свабоды і дэмакратыі.

Хацелася б, каб Беларусі ўжо не былі патрэбныя жэсты салідарнасці з боку дэмакратычных грамадстваў, каб сама краіна далучылася да сям’і свабодных народаў. Пакуль што гэта не здарылася, але беларусаў не пакідае надзея, што неўзабаве яны самі змогуць свабодна вырашаць свой лёс, выбіраць кіраўніцтва краіны, і ніхто не будзе падтасоўваць вынікі выбараў, а людзі змогуць на вуліцах сваіх гарадоў радасна і без страху быць затрыманым адзначаць чарговыя гадавіны абвяшчэння незалежнасці сваёй першай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.

На жаль, у гэтым годзе 25 сакавіка, у 103 гадавіну БНР, беларусы не змаглі святкаваць. Ужо за некалькі дзён да свята ўлады заяўлялі пра тое, што рыхтуюцца правакацыі, у Мінск ды іншыя гарады сцягвалася ваенная тэхніка, каб толькі не дапусціць выхаду людзей на вуліцы. У такіх абставінах вельмі важна, каб беларусы адчувалі салідарнасць з боку іншых краін, каб яны ведалі, што суседзі не пакінуць іх у бядзе. З боку Польшчы такіх жэстаў салідарнасці было шмат, у прыватнасці, 25 сакавіка адбыўся святочны канцэрт «Граем для Беларусі» у Нацыянальнай філармоніі, а будынкі розных устаноў свяціліся бел-чырвона-белымі колерамі ў рамках акцыі "Святло для Беларусі" (Light for Belarus).

Канцэрт «Граем для Беларусі» зладзіў Нацыянальны цэнтр культуры пры Міністэрстве культуры Польшчы. Цэнтр шмат гадоў актыўна працуе ў карысць дыялогу польскай культуры з культурай суседніх дзяржаў. Ён падтрымлівае ідэю грамадскай салідарнасці і барацьбу жыхароў краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы за дэмакратыю і свабоду. У сувязі з сітуацыяй у Беларусі гэтая актыўнасць цяпер асабліва важная, можна падтрымаць беларусаў хаця б сімвалічна, слухаючы канцэрт, – гаворыць дырэктар Нацыянальнага цэнтру культуры прафесар Рафал Вісьнеўскі (Rafał Wiśniewski).

- Канцэрт у санітарным рэжыме, без удзелу публікі. Аднак кожны з нас можа свабодна паглядзець і паслухаць канцэрт, пры дапамозе Польскага тэлебачання, у тым ліку тэлебачання Белсат. Канцэрт можна паслухаць таксама ў інтэрнэце на сайце нацыянальнага цэнтру культуры. Кожны з нас можа паслухаць выдатных музыкаў, сімвалічна падтрымліваючы беларусаў. Мы з імі, не толькі 25 сакавіка.

Падчас мерапрыемства выступілі польскія і беларускія артысты. Гурт Naviband спяваў пра беларускі народ, які прачнецца іншым. У галіне мастацтва ёсць шмат людзей, якія сваёй творчасцю або грамадскай дзейнасцю злучаюць Польшчу і Беларусь. Адзін з такіх знакамітых артыстаў – Чэслаў Немэн, які нарадзіўся ў Старых Васілішках у Беларусі, але большасць свайго свядомага жыцця правёў у Польшчы, спяваў таксама па-польску. Палякі лічаць яго адным з важнейшым музыкантаў сваёй эстрады. Пётр Цугоўскі падчас канцэрты выканаў яго песню «Я памятаю той дзень».

У праграму канцэрту, акрамя твораў гурту Naviband і кампазіцый Часлава Немэна, не магла не ўвайсці песня «Муры», якая стала сімвалам беларускага пратэсту. Яе праспявалі разам польскія і беларускія выканаўцы.

Слухайце аўдыё

нг