Беларуская Служба

Кампанія Google запусціла ў Польшчы праект коштам у 2 мільярды долараў

14.04.2021 17:35
Варшаўскі рэгіён Google Cloud - гэта першая такога тыпу інвестыцыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Аўдыё
  • Кампанія Google запусціла ў Польшчы праект коштам у 2 мільярды долараў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Firmbee/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння прайшло афіцыйнае адкрыццё Варшаўскага рэгіёна Google Cloud. Кошт найбуйнейшай інвестыцыі амерыканскага лічбавага гіганта ў Польшчы – амаль 2 мільярды долараў. Google Cloud – гэта сетка мясцовай вылічальнай інфраструктуры, якой змогуць карыстацца польскія кампаніі і ўстановы.

У запуску новага праекта кампаніі Google прыняў удзел прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі і генеральны дырэктар амерыканскай кампаніі Сундар Пічаі. Кіраўнік польскага ўрада нагадаў, што гэта першая такога тыпу інвестыцыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і падкрэсліў ейную важнасць для развіцця інавацыйных тэхналогій у Польшчы:

- Я вельмі рады, што ўсё больш польскіх прадпрымальнікаў зацікаўленыя ў інвестыцыях у аблічбоўцы аперацыйных, збытавых і маркетынгавых працэсаў. Я лічу, што сапраўды варта рабіць такія інвестыцыі. Гэта будучыня эканомікі, якая прычыняецца да павышэння прадукцыйнасць працы і паляпшэння якасці жыцця.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Google Сундар Пічаі(Sundar Pichai), нагадаў пра свой візіт у Варшаве ў 2019 годзе. Ён адзначыў, што перспектывы тэхналагічнага развіцця Польшчы вельмі абяцальныя:

- Наш галоўны еўрапейскі цэнтр лічбавых тэхналогій цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Мы вядзем Google Campus для стартапаў. Цяпер мы пашыраем наш цэнтр даследаванняў і распрацовак, дзе распрацоўваем перадавыя воблачныя рашэнні. Я думаю, што ў цяперашняй пандэмічнай сітуацыі мы лепш бачым, як тэхналогіі дапамагаюць людзям спраўляцца з эканамічным крызісам і крызісам здароўя.

Кіраўнік Google Cloud Томас Кур'ян заявіў падчас інаўгурацыі, што кампанія Google ганарыцца сваім удзелам у незвычайнай гісторыі развіцця Польшчы - краіны з вялікімі магчымасцямі.
„Мы прысутныя ў Польшчы 15 гадоў, і за гэты час мы ўклалі вялікія сродкі ў гэтую прысутнасць. У 2019 годзе мы ўступілі ў стратэгічнае партнёрства з Нацыянальным аператарам воблачных тэхналогій. Мы таксама паабяцалі польскаму грамадству, што прыцягнем воблачную інфраструктуру Google у вашу краіну і мы робім гэта”, - падкрэсліў Кур'ян. Ён адзначыў, што Рэгіён Google Cloud у Варшаве дае доступ да самых інавацыйных тэхналогій, якія дазваляюць, у прыватнасці, аднавіць краіну пасля пандэміі каранавіруса.  

Гэта першая такая інвестыцыя ў Цэнтра-Усходняй Еўропе і сёмая на кантыненце. Ейная мэта - падтрымаць лічбавую трансфармацыю Польшчы і рэгіёна, а таксама паскорыць ініцыятывы па запуску стартапаў і даць магчымасць экспансіі мясцовым лічбавым кампаніям.

Ва ўрачыстым адкрыцці Варшаўскага рэгіёна Google Cloud таксама прысутнічалі прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі. Часовы павераны ў справах амбасады ЗША ў Польшчы Бікс Аліу (Bix Aliu) пераконваў, што ЗША з'яўляюцца надзейным партнёрам у тэхналагічных інвестыцыях:

- Інвестыцыі Злучаных Штатаў адлюстроўваюць амерыканскія каштоўнасці. Амерыканскія кампаніі і прадукты - гэта самы высокі сусветны стандарт. Але, не кожная краіна застаецца вернай такім прынцыпам. Калі мы ўступаем у бізнес з такім аўтарытарным рэжымам, як кітайскі, то мы не да канца ведаем, чаго можам чакаць. Нашы прынцыпы агульнавядомыя і заснаваныя на адкрытых працэсах, іхныя не.

Польскі аператар воблачных тэхналогій, з якім кампанія Google запусціла свой рэгіён, быў заснаваны па ініцыятыве PKO Bank Polski і Польскага фонду развіцця ў лютым 2019 года. Старшыня PKO BP Збігнеў Ягела (Zbigniew Jagiełło) звярнуў увагу на важнасць лічбавай трансфармацыі кампаній не толькі ў фінансавым сектары:

- Гэта будзе вельмі важная змена для польскай эканомікі. Дарэчы, калі паглядзець на панеўрапейскія ініцыятывы, то мы ў авангардзе гэтых змен. Гэта мяне – ініцыятара гэтай ідэі, вельмі цешыць. Цяпер узнікае пытанне, ці мы ў стане выкарыстаць, тое што найважнейшае ў кожным бізнесе, то бок камэрцыялізацыю ідэі.

Варшаўскі рэгіён Google Cloud зʼяўляецца 25-м падобным цэнтрам у свеце і адзіным, які кампанія адкрые ў Еўропе ў гэтым годзе. Кліенты змогуць карыстацца паслугамі захоўвання дадзеных з выкарыстаннем інфраструктуры, размешчанай у Польшчы.

Рэгіён Google Cloud у Варшаве - гэта не толькі цэнтр апрацоўкі дадзеных, але і рэгіянальны цэнтр па абслугоўванні ключавых воблачных сэрвісаў Google Cloud Platform. Дзякуючы гэтаму зменшацца затрымкі ў перадачы дадзеных у рэгіёне, а значыць - павялічыцца эфектыўнасць і хуткасць прыкладанняў, якія выкарыстоўваюць сэрвісы Google Cloud. Павялічыцца таксама даступнасць і стабільнасць воблака Google.

Рэгіён складаецца з трох незалежных цэнтраў апрацоўкі дадзеных. Варшаўскае воблака Google – сёмае па ліку ў Еўропе. Да гэтага часу бліжэйшыя цэнтры апрацоўкі дадзеных Google Cloud былі ў Фінляндыі і Германіі.

Воблака - гэта тып сэрвісу, які захоўвае дадзеныя на серверы правайдэра. Галоўная перавага воблака - гэта пастаянны доступ да нашых дадзеных, паясняе інфарматык спадар Дар’юш:

- Гэтыя файлы і паслугі даступныя ўсюды, зразумела, калі ў кліента ці кампаніі ёсць доступ да інтэрнэту. Адсюль і аналогія воблака-неба. Будучы ў розных месцах мы глядзім на тое ж самае неба. Гэта значыць, што калі толькі маем доступ да інтэрнэту-неба, то мы маем таксама доступ да нашых дадзеных з любога месца на Зямлі, зразумела ў лічбавай форме.

Для кампаніяў воблака - гэта, між іншым, ашчаднасць, кажа інфарматык:

- Дапамагае нам перанесці ў воблака рэсурсы абсталявання. Гэта для кампаніі вялікая ашчаднасць, паколькі яна не мусіць інвеставаць, напрыклад, у серверы, праграмнае забеспячэнне і сэрвіс. Другая справа, гэта вечны доступ да нашых  дадзеных і іх бяспека. У даўжэйшай перспектыве – гэта ашчаднасць.

Прыватныя інтэрнэт –карыстальнікі пасылаюць у воблака, перш за ўсё, здымкі, музыку ці дакументы. Яны робяць гэта не толькі таму, каб мець да іх доступ з любога месца на зямлі, але таксама па іншай прычыне:

- Таму, каб мець упэўненасць, што яны не знікнуць. Калі мы трымаем важныя для нас файлы на дыску кам’пютара ці ў сотавым тэлефоне, то заўсёды існуе магчымасць, іх знішчэння, напрыклад, у выніку пашкоджання прылады. Тады мы страцім гэтыя дадзеныя.  

- нагадвае спадар Дар’юш.

Воблачныя вылічэнні або хмарныя вылічэнні - мадэль апрацоўкі дадзеных, заснаваная на выкарыстанні паслуг, якія прадстаўляюцца пастаўшчыком паслуг. Гэта азначае адсутнасць абавязку набываць ліцэнзію альбо ўсталёўваць і адміністраваць праграмным забеспячэннем.

аз