Беларуская Служба

Польскія і чылійскія навукоўцы даследуюць механізм, які прадухіляе пашкоджанне клетак у экстрэмальных умовах

15.04.2021 17:24
Навукоўцы вызначылі, што арганізмы Антарктыкі і пустыні Атакама маюць падобны механізм абароны ад неспрыяльных знешніх умоваў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Jakub Czajkowski

Навукоўцы з Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве са спецыялістамі з Чылі вывучылі механізм, які прадухіляе пашкоджанне клетак пры надзвычай нізкіх тэмпературах і падчас  засухі. Лішайнікі, якія сустракаюцца ў палярных рэгіёнах, значна запавольваюць абмен рэчываў, але могуць аднавіць жыццёвыя працэсы пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя.

«Гэты механізм уяўляе для нас вялікую цікавасць, да канца ён не растлумачаны. Мы яго вывучаем, бо калі б мы змаглі спыніць метабалізм чалавека хоць на хвіліну, то мы б змаглі спыніць не толькі працэс старэння, але і прадухіліць мноства смерцяў у выніку дарожна-транспартных здарэнняў», – сказаў Польскаму агенцтву друку праф. Губерт Гаранчык (prof. Hubert Harańczyk) з Факультэта фізікі, астраноміі і прыкладной інфарматыкі Ягелонскага універсітэта.

Польскія і чылійскія навукоўцы ўдзельнічалі ў дзвюх экспедыцыях: у Антарктыку і пустыню Атакама ў Чылі для збору арганізмаў, якія жывуць у надзвычай складаных умовах навакольнага асяроддзя. У лабараторыях яны шукаюць адказы на пытанне - як магчыма, што расліны, устойлівыя да замярзання і экстрэмальнага высыхання, могуць адрадзіцца пры спрыяльных умовах.

Навукоўцы вызначылі, што арганізмы Антарктыкі і пустыні Атакама маюць падобны механізм абароны ад неспрыяльных знешніх умоваў.

Вынікі даследаванняў польскіх і чылійскіх навукоўцаў неўзабаве будуць апублікаваны ў навуковым часопісе «Extremophiles».

яс/(PAP)

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка