Беларуская Служба

Ці праз пандэмію памрэ грамадскі транспарт?

18.04.2021 12:34
Недавер да грамадскага транспарту, як месца, дзе сустракаюцца штодзённа тысячы людзей, застанецца і напэўна будзе трываць яшчэ пасля пандэміі.
Аўдыё
  • Баімся грамадскага транспарту, хаця даследаванні паказваюць, што для гэтага няма прычын
zdjęcie liustracyjne
zdjęcie liustracyjneshutterstock.com/connel

За 2020 год колькасць людзей, якія скарысталіся грамадскім транспартам у Варшаве, упала амаль удвая. Год раней пасажыраў у метро, трамваях ды аўтобусах было 1,2 мільярда, а ў пандэмічным годзе паказчык упаў да 726 мільёнаў. Прычына такой змены відавочная – каранавірус і абмежаванні, якія ўвайшлі ў грамадскае жыццё. Да такіх вынікаў прывяла і змена стылю жыцця і працы жыхароў гарадоў. Дзеці большую частку года не былі вымушаны ездзіць у школу, а дарослыя – на працу. Амаль усё рабілася ў першым квартале 2021 года, і надалей выконваецца з дома. Ёсць яшчэ і доля людзей, якія аўтобусы замянілі ўласнымі машынамі, нават коштам таго, што ім даводзіцца стаяць у корках і аплочваць паркоўкі. Гэта прыводзіць да таго, што загадчыкі ўстановаў, якія займаюцца грамадскім транспартам, думаюць, ці не варта нейкім чынам рэфармаваць гэтую галіну, каб яна прыносіла карысць людзям і прыбытак гораду. А можа ўвогуле ліквідаваць грамадскі транспарт і дазволіць людзям ездзіць паўсюль на аўтамабілях?

Даніел Аленіус, ён жа блогер «Беларускі ўрбаніст», лічыць наадварот: грамадскі транспарт робіць горад больш утульным, у ім хочацца жыць. Грамадскі транспарт найлепш развіты там, дзе высокі дабрабыт і дзе міграцыйныя тэндэнцыі найбольш пазітыўныя:

-У шмат якіх цывілізаваных краінах вырашылі наадварот, павялічыць колькасць маршрутаў і як эфект, у пандэміі можна ўтрымліваць дыстанцыю ўнутры транспарту. І, канешне, транспарт стаў несці больш стратаў, але горад ускосна выігрывае. І па ўсяму свету павялічваецца зараз колькасць грамадскага транспарту, нават зараз ЗША аднаўляе свае трамвайныя сеткі, будуюць сістэмы хуткаснага аўтобуса і гэтак далей. Гэта таму, што яны бачаць, што калі ў горадзе ідзе баланс паміж рухам аўтамабіляў і грамадскага транспарту, то там усё працуе вельмі добра. Да таго ж, роварная інфраструктура сучасная, мы зараз бачым у пандэміі COVID, што фактычна ровары, дастаўкі, выратавалі сярэдні і малы бізнес у гарадах. Тое, што не ўсё робіцца з дапамогай аўто, вельмі спрыяе развіццю малога і сярэдняга бізнесу. І такі фактар таго, што збалансаваныя гарады нашмат утульней, нашмат прыгажэй за незбалансаваныя гарады. Можам параўнаць Еўропу: Нідэрланды, Польшчу, Нямеччыну і, напрыклад, Лос-Анджэлес з краінамі былога Савецкага Саюза або краін Азіі, дзе ўсё робіцца для аўтамабіляў. Там нязручна. Людзі не хочуць там заставацца, там шмат смогу. Пешаходныя сувязі абарваныя. А ў Еўропу ўсе едуць, і хочуць там свой водпуск правесці, і жыць там.

І крызіс грамадскага транспарту не павінен пашырацца – у гэтым згодныя эксперты. Прычына крызісу таксама не зусім ясная, бо як паказваюць даследаванні, трансмісія віруса ў грамадскім транспарце невялікая. Паводле вынікаў даследавання брытанскай Арганізацыі па справам бяспекі чыгункі, рызыка падхапіць вірус падчас падарожжа цягніком адзін шанец на 11 тысяч праездаў. Гэта значыць, што, па іроніі, хутчэй мы загінем у аварыі, чым выйдзем з вагона хворымі. Таму неабходна гаварыць пра гэта ў СМІ, каб людзі не баяліся сесці ў аўтобус ці трамвай, замест таго, каб глядзець на горад з-за руля сваёй машыны.

Такі крызіс на рынку грамадскага транспарту прывёў не толькі да вяртання да аўтамабіляў, але і да больш карысных для здароўя прывычак. Так, вырасла папулярнасць ровараў і іх зноў марыць атрымаць ледзь не кожны малады і стары жыхар планеты, які хацеў бы падыхаць свежым паветрам. «На рынку ровараў і аксесуараў пануе сапраўдны неўраджай», – кажа галоўны рэдактар часопісу «Bike» Гжэгаж Радзіваноўскі:

-Гэта відавочна, што папулярнасць ровараў паднялася. Гэта вынікае з таго, што пандэмія спрыяе роварам. Людзі пачалі больш ездзіць, каб, з аднаго боку, пабываць на свежым паветры, з іншага, каб пазбягаць грамадскага транспарту. Ровар ідэальны для такіх мэтаў. Сітуацыя мае і другі бок: папулярнасць спрычыняецца да праблемаў з даступнасцю абсталявання. На цяперашні момант на рынку пануе сапраўдны неўраджай. Ровараў няма ўвогуле, або іх вельмі цяжка знайсці. Гэта досыць абсурдна, але гэта адна з нямногіх галін, якая не паспявае выпускаць абсталяванне. Гэта даводзіць да такіх сітуацый, што людзі шукаюць проста любы ровар, не прывязваюць увагі да размеру, брэнду або цаны. Ці гэта поспех? Безумоўна. І нішто не прадвяшчае хуткага канца гэтага феномену.

Думаю, што неабходна падкрэсліць яшчэ раз – грамадскі транспарт не небяспечны. Ім можна карыстацца без перашкодаў, і калі прытрымлівацца нормаў бяспекі і абмежаванняў, звязаныя з пандэміяй, нам нішто не пагражае. Так што не бойцеся завітаць у салон вашага аўтобуса, а лакальным уладам падказвайце, што грамадскі транспарт – гэта бяспечна і патрэбна.

Альберт Ежы Вяжбіцкі