Беларуская Служба

Наступствы COVID-19 могуць быць горшыя, чым сама хвароба

05.05.2021 15:57
Пацыенты скардзяцца на болі ў суставах, боль у грудной клетцы, цяжкасці з дыханнем, страту смаку або нюху, хранічную стомленасць.
     -
Найлепшая ахова ад каранавіруснай інфекцыі - вакцынацыяфота: PAP/Marcin Bielecki

Тыднёвае выданне Sieci друкуе артыкул пра тое, якія сляды COVID-19 можа пакінуць у арганізме чалавека. Абсалютная большасць людзей пераносяць дадзеную хваробу адносна лёгка, а нават бессімптомна, але ёсць невялікі адсотак, якім не шанцуе. Мала таго, што захворванне праяўляецца ў іх у цяжкай форме, то яшчэ пакідае пасля сябе вельмі непрыемныя наступствы.

А гэтыя наступствы могуць быць ня менш небяспечныя, чым сама хвароба. Многія асобы змагаюцца з імі доўгія месяцы. На думку амерыканскіх спецыялістаў, у прыкладна 10% перахварэўшых назіраюцца хранічныя праблемы са здароўем. Сімптомы бываюць вельмі розныя. Пацыенты скардзяцца на болі ў суставах, боль у грудной клетцы, цяжкасці з дыханнем, страту смаку або нюху, хранічную стомленасць. Вельмі часта ў іх таксама пашкоджана сэрца і назіраюцца псіхічныя праблемы. Людзі баяцца выхадзіць з дому, баяцца зноў заразіцца, баяцца смерці. Ім патрэбная тэрапія ў псіхолага.

Адносна новая тэма – неўралагічныя ўскладненні. Калі пачалася пандэмія, на гэты аспект не звярталі ўвагі. Тым часам аказваецца, што гэта асноўная праблема асоб, якія перанеслі інфекцыю, – адзначае старшыня Польскага таварыства неўролагаў прафесар Конрад Рэйдак. Сярод частых сімптомаў – галаўны боль, санлівасць, млоснасць і ванітаванне.

Польскі Нацыянальны фонд аховы здароўя падрыхтаваў спецыяльную праграму аздараўлення для пацыентаў, якія перанеслі COVID-19. Рэабілітацыя павінна працягвацца ад двух да чатырох тыдняў. Праграма падрыхтаваная, каб дапамагчы пацыентам вярнуць здароўе.

нг